18 траўня лідэры і актывісты Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Украіны (НПГУ) і Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Украіны (КСПУ) пікетавалі амбасаду Рэспублікі Беларусь на знак пратэсту супраць ціску на незалежныя прафсаюзы Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Перад амбасадай выступіў лідэр незалежных прафсаюзаў Украіны Міхаіл Валынец. Ён нагадаў, што ў свой час КСПУ і НПГУ сумесна зь міжнароднай прафсаюзнай супольнасцю ўжо станавіліся на абарону беларускіх незалежных прафсаюзаў, і тады праз парушэньне працоўных і прафсаюзных правоў у дачыненьні Беларусі былі прынятыя гандлёва-эканамічныя санкцыі Эўразьвязу.
«Мы сёньня яшчэ раз выказваем салідарнасьць з нашымі прафсаюзнымі братамі і сёстрамі ў Беларусі. Мы абураныя тым, што беларускія ўлады ціснуць на незалежныя прафсаюзы і перашкаджаюць іх дзейнасьці. У той жа час мы бачым, што правы простых беларускіх працаўнікоў ушчамляюцца і яны маюць патрэбу ў сапраўднай абароне», — сказаў у сваёй прамове Валынец.
Прафсаюзныя актывісты разам зь лідэрам НПГУ і КСПУ заклікалі беларускія ўлады:
- спыніць перасьлед незалежных прафсаюзаў у Беларусі;
- выконваць міжнародныя абавязаньні Беларусі, у прыватнасьці нормы Канвэнцыі № 87 Міжнароднай арганізацыі працы аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы;
- спыніць масавыя допыты шараговых сябраў прафсаюзу РЭП (на іх пабывалі ўжо больш за 400 чалавек), а таксама крымінальны перасьлед лідэраў прафсаюзу Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Раней пікет правялі прафсаюзы Кіргізстану каля амбасады Беларусі ў Бішкеку.
18 красавіка ў Менску пачала працу місія прадстаўнікоў двух глябальных прафсаюзных аб'яднаньняў — Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў (МКП) і глябальнага саюзу IndustriAll.
У ліку пытаньняў, якія місія плянуе абмеркаваць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, ёсць і прымусовая праца ў Беларусі, і дыскрымінацыя арганізацый ІndustriALL, а менавіта незалежных прафсаюзаў (Беларускі незалежны прафсаюз, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), Свабодны прафсаюз мэталістаў).