Застой у палітычнай сыстэме аднолькава адмоўна ўплывае як на ўладу, так і на апазыцыю.
Вялікі розгалас у незалежных мэдыях выклікала інфармацыя пра тое, што моладзевая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» прапанавала ўнесьці ў партыйны статут абмежаваньне, паводле якога «адна і тая ж асоба мае права займаць пасаду старшыні ня болей за тры прадугледжаныя гэтым статутам тэрміны». Праблема ўзьнікла ў зьвязку з тым, што цяперашні кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька пераабіраўся на гэтую пасаду 9 разоў — цягам 18 гадоў.
Радыё Свабода зьвярнула ўвагу, што згаданая праблема тычыцца ня толькі АГП . Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін узначальвае арганізацыю 24 гады. Старшыя БСДГ Станіслаў Шушкевіч займае сваю пасаду 20 гадоў. Зянон Пазьняк ачольвае партыю КХП-БНФ 19 гадоў, а калі ўлічыць яго кіраўніцтва БНФ (з 1989 г.), то гэта ўжо 29 гадоў. Можна таксама ўзгадаць Сяргея Гайдукевіча, які ўзначальвае Лібэральна-дэмакратычную партыю 23 гады.
Некаторыя партыі спрабуюць абмяжоўваць тэрміны кіраўніцтва штучна, з дапамогай статутных палажэньняў. Напрыклад, у Партыі БНФ паводле статуту адна асоба ня можа займаць пасаду старшыні больш чым два тэрміны запар. Таксама і ў статуце БСДП (Грамада) запісана, што адзін і той самы сябар партыі ня можа быць выбраны старшынёй больш як на тры тэрміны (6 гадоў) запар.
Тым ня менш праблема доўгажыхарства на пасадах палітычных кіраўнікоў існуе, і яна тычыцца ня толькі Лукашэнкі. Прычына гэтай праблемы — сыстэмная, яна хаваецца ў самой недэмакратычнай прыродзе палітычнай сыстэмы Беларусі, якая адмоўна ўплывае як на ўладу, так і на апазыцыю.
Паколькі ў Беларусі сапраўдных выбараў няма, то ўзьнікае праблема: як, паводле якіх крытэраў вызначыць эфэктыўнасьць старшыні партыі?
У дэмакратычных краінах галоўны чыньнік зьмены кіраўнікоў, як на дзяржаўных пасадах, так і на чале палітычных партый, — выбары. Прэзыдэнтамі, прэм’ер-міністрамі, сьпікерамі парлямэнту становяцца пераможцы выбарчых кампаній.
Тое ж самае тычыцца і лідэраў палітычных партый. Тыя арганізацыі, якія пацярпелі паразу на выбарах, мяняюць лідэра, бо той выявіў сваю палітычную неэфэктыўнасьць. Паколькі ў Беларусі сапраўдных выбараў няма, то ўзьнікае праблема: як, паводле якіх крытэраў вызначыць эфэктыўнасьць старшыні партыі? Усё вельмі суб’ектыўна. І калі сам кіраўнік ня хоча сыходзіць, то канфлікт часта выліваецца ў раскол. Такія расколы перажылі БНФ, сацыял-дэмакраты. Нават у ЛДП была спроба скінуць Гайдукевіча, і канфлікт вырашала Міністэрства юстыцыі.
Другая праблема, цесна зьвязаная зь першай. У партыях няма рэальнай канкурэнцыі за лідэрства. Бо партыі ў Беларусі — пятае кола палітычнай сыстэмы, яны ў гэтай сыстэме проста непатрэбныя. Тут, адрозна ад дэмакратычных краін, зрабіць палітычную кар’еру з дапамогай партый немагчыма. Хто імкнецца да кар’ернага росту, ідзе ў БРСМ ці ў «Белую Русь». Наадварот, уступіўшы ў апазыцыйную партыю, можна назаўсёды паставіць крыж на сваёй кар’еры, а ў горшым выпадку нават трапіць у турму.
Таму ў партыях няма прытоку сьвежай крыві. Моладзь пасьля чарговай выбарчай кампаніі прыходзіць, а потым, патусаваўшыся, сыходзіць. Пра гэта вам раскажа любы, нават рэгіянальны апазыцыйны лідэр. Бо людзі ня бачаць пэрспэктываў. Таленавітыя і амбітныя маладзёны зьяжджаюць за мяжу, ідуць у бізнэс ці яшчэ куды, дзе ёсьць нейкая пэрспэктыва.
Штучнае абмежаваньне тэрмінаў кіраўніцтва празь зьмены статуту можа нават нашкодзіць партыям. Такі парадокс
Палітычнае доўгажыхарства на кіроўнай пасадзе — гэта, безумоўна, дрэнна. Але зьмена лідэраў павінна быць натуральным працэсам. Увогуле ў прыродзе маладое, здаровае, эфэктыўнае, крэатыўнае натуральным чынам выцясьняе старое, хворае, неэфэктыўнае, заскарузлае. Але якраз гэтага ў апазыцыйных партый і няма. У выніку ўзьнікае культавае беларускае пытаньне: а хто замест Х? Звычайна гэтае пытаньне абывацель задае, калі гаворка ідзе пра замену Лукашэнкі. Але такое ж пытаньне цалкам натуральна можна задаць адносна Лябедзькі, Калякіна, Пазьняка. Ці ведаеце вы іншых вядомых палітыкаў у АГП, «Справядлівым сьвеце» або КХП-БНФ, акрамя іх цяперашніх лідэраў? Сапраўды, раўнацэннай замены ім проста няма. І зьвярніце ўвагу, у тых апазыцыйных партыях, у якіх зьмены адбыліся, — не сказаў бы, што новыя лідэры там больш эфэктыўныя, чым іхнія папярэднікі. Нельга адзначыць, да таго ж, што палітычная вага партый, у якіх адбылася ратацыя, стала большай, чым у тых, дзе кіруюць нязьменныя лідэры. Таму штучнае абмежаваньне тэрмінаў кіраўніцтва празь зьмены статуту можа нават нашкодзіць партыям. Такі парадокс.
Калі вяртацца да той жа АГП, то сам Лябедзька казаў, што вось ёсьць добры кандыдат на пасаду старшыні — гэта Ганна Канапацкая. Ня будзем зьвяртаць увагу на тое, што ўлада ўмяшалася ў гэты працэс, прызначыўшы Ганну на пасаду дэпутата Палаты прадстаўнікоў і тым самым надаўшы ёй палітычную вагу. Больш важна тое, што Канапацкая, паспрабаваўшы стварыць арганізацыю «Наперад, Беларусь» бязь ведама АГП, моцна сапсавала свой імідж сярод аднапартыйцаў. Таму мяркую, што Лябедзька застанецца на сваёй партыйнай пасадзе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.