Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па авіябазе ў Сырыі нанесены ўдар. Ёсьць пацярпелыя і загінулыя


Дзяржаўнае тэлебачаньне Сырыі паведаміла, што па іх авіябазе Тыас (Т-4) паблізу горада Хомс быў нанесены авіяўдар, паведамляе Reuters.

Крыніца з сырыйскіх войскаў распавяла, што супрацьпаветраная абарона зьбіла восем ракет, якія ляцяць у кірунку базы.

Іншыя абарончыя аналітыкі кажуць, што на гэтай тэрыторыі разгорнутая вялікая колькасьць расейскіх войскаў, а таксама менавіта адсюль самалёты зьдзяйсьняюць рэгулярныя вылеты, каб наносіць ўдары па паўстанцкіх раёнах.

Паводле дадзеных дзяржаўнага тэлебачаньня, у выніку атакі загінулі і атрымалі раненьні людзі, іх дакладная колькасьць пакуль невядомая.

«Супраць авіябазы Т-4 была зьдзейсьненая агрэсія ў выглядзе некалькіх авіяўдараў, якія, хутчэй за ўсё, былі атакай амэрыканцаў», — гаворыцца ў заяве дзяржаўнага тэлебачаньня.

Між тым амэрыканскае Міністэрства абароны абвергла, што ЗША праводзілі паветраныя ўдары па Сырыі «цяпер», адмаўляючы заявы Сырыі. Прадстаўнік Ізраілю ад камэнтароў у гэтым пытаньні адмовіўся.

У нядзелю прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адзначыў, што за нядаўнюю хімічную атаку супраць сырыйскіх мірных жыхароў «давядзецца заплаціць вялікую цану». Пры гэтым ён зьвяртаўся да Расеі, Ірану і прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.

Раней зьявіліся паведамленьні пра чарговую атаку на ўсходнюю Гуту, падчас якой быў выкарыстаны таксычны газ: у выніку атакі загінулі ад 70 да 150 чалавек. Валянтэрская выратавальная служба «Белыя каскі», апублікаваўшы фота целаў загінулых, заявіла, што ў выніку хімічнай атакі пацярпелі больш за 1000 чалавек і ўжо пацьверджана 150 сьмерцяў.

8 красавіка адзін зь вядучых дарадцаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў пытаньнях унутранай бясьпекі Томас Босэрт заявіў, што ЗША не выключаюць нанясеньня ракетнага ўдару ў адказ на новыя паведамленьні аб хімічнай атацы ў падкантрольным паўстанцам горадзе ў сырыйскім раёне Ўсходняя Гута.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG