Агенцтва Reuters высьветліла асноўны канал для перакідваньня ў Сырыю наймітаў з Расеі. Гэта рэйсы з Растова-на-Доне ў Дамаск ці Латакію, якія ажыцьцяўляе прыватная сырыйская авіякампанія Cham Wings.
Адкрытай інфармацыі аб гэтых рэйсах і раскладу палётаў няма. Аднак, як падлічыла Reuters, толькі з пачатку 2017 году Cham Wings выканала 51 рэйс з Дамаску і Латакіі ў Растоў і назад.
Кожны раз для гэтага выкарыстоўваліся грамадзянскія лайнэры Airbus A320, якія могуць перавозіць да 180 пасажыраў. Вайсковыя самалёты выкарыстоўвалі толькі ў тых выпадках, калі ўсе найміты не зьмяшчаліся ў чартары Cham Wings. Пра гэта Reuters на ўмовах ананімнасьці заявіў расеец, які чатыры разы пабываў у Сырыі ў якасьці прыватнага вайсковага кантрактніка.
Reuters адзначае, што кампанія Cham Wings ў 2016 годзе трапіла ў санкцыйны сьпіс ЗША — менавіта за меркаваную дастаўку праасадаўскіх байцоў у Сырыю і дапамогу сырыйскай вайсковай вывефдцы ў дастаўцы зброі і рыштунку.
Аднак гэта не перашкодзіла Cham Wings праз пасярэднікаў набыць патрыманыя самалёты Airbus. Як высьветліла Reuters, у ліку такіх пасярэднікаў былі кампаніі «Хорс» і «Дарт», заснаваныя былым савецкім вайскоўцам i зарэгiстраваныя цяпер на тэрыторыі Ўкраіны.
Масква афіцыйна пачала ваенную кампанію ў Сырыі восеньню 2015 году. Расейскія войскі выступалі ў канфлікце на баку рэжыму Башара Асада. У сьнежні 2017 году Крэмль заявіў аб вывадзе асноўнай групоўкі войскаў з Сырыі. Паводле афіцыйных дадзеных, за два гады ваеннай апэрацыі загінулі 44 расейскія вайскоўцы.
Паводле дадзеных СМІ, у Сырыі загінула значна больш расейцаў. У іх ліку найміты так званай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера», існаваньне якой Крэмль афіцыйна не прызнае.
Пры гэтым фінансаваньнем групы «Вагнера», як мяркуецца, займаецца бізнэсмэн Яўген Прыгожын, якога называюць блізкім сябрам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Страты сярод расейскіх наймітаў за час ваеннай кампаніі ў Сырыі, паводле дадзеных СМІ, складаюць ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек.