Рассельгаснагляд паведаміў, што 30 сакавіка на ўпакоўках бульбы, якую завезьлі ў Пскоўскую вобласьць нібыта са Столінскага раёну ў Беларусі, выяўлена маркіроўка, якая пацьвярджае, што бульба насамрэч эгіпецкага паходжаньня.
Пры гэтым бульба мела сэртыфікат, выдадзены галоўнай дзяржаўнай інспэкцыяй па насеньняводзтве, каранціне і ахове расьлін Рэспублікі Беларусь.
Бульбу маюць вярнуць у Беларусь «для перадачы ў адпаведныя органы і прыняцьця неабходных мер да парушальнікаў».
У паведамленьні гаворыцца: «У выпадку паўторнага выяўленьня падобных выпадкаў Рассельгаснагляд будзе вымушаны ўвесьці часовыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расейскую Фэдэрацыю бульбы харчовай паходжаньнем Рэспубліка Беларусь у суправаджэньні беларускіх фітасанітарных сэртыфікатаў».