Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар па надзвычайных сытуацыях: У Беларусі створаныя перадумовы для «кемераўскіх трагедый»


Валеры Астапаў
Валеры Астапаў

У расейскім Кемераве пахавалі першых ахвяраў пажару ў забаўляльным цэнтры «Зімовая вішня». Афіцыйна паведамляецца пра 64 загінулых, больш за 40 зь іх — дзеці.

Як пазьбегнуць падобных трагедый і што дзеля гэтага робіцца ў Беларусі, у інтэрвію Свабодзе распавёў першы ў гісторыі незалежнай Беларусі міністар па надзвычайных сытуацыях, генэрал-лейтэнант у адстаўцы Валеры Астапаў.

Два дзясяткі гадоў таму менавіта спадар Астапаў стаяў ля вытокаў ратавальнага ведамства ў Беларусі. Пасьля сыходу з пасады ў студзені 2005-га працяглы час узначальваў Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства.

«Трагедыя ў Кемераве не апошняя»

— Валеры Пятровіч, у адносінах да кемераўскага пажару не выключаюць тэракту — маўляў, ня мог агонь так імкліва распаўсюдзіцца, каб яму не «дапамаглі». Зноў жа, адключаная сыгналізацыя, наглуха зачыненыя дзьверы кінатэатру і пакояў для гульняў...

— У гэтай сытуацыі пра нешта казаць нельга нават з малой доляй дапушчэньня. Пасьля любога пажару, як і ў любым злачынстве, узьнікае адразу некалькі вэрсій. Кожная зь іх павінна ўсебакова адпрацоўвацца. Была інфармацыя, што задзейнічана больш за 100 сьледчых і дазнавальнікаў — яны павінны дакапацца да ісьціны. Хочацца верыць, што з улікам грамадзкага рэзанансу будзе сур’ёзнае дасьледаваньне, якое завершыцца высьвятленьнем сапраўднай прычыны.

Вядома, як звычайны, нармальны чалавек я выказваю глыбокае спачуваньне сваякам і блізкім тых, хто загінуў у Кемераве. Зь іншага боку, будучы спэцыялістам з 50-гадовым досьведам абароны ад агню людзей, аб’ектаў, тэрыторый, як бы цынічна гэта ні прагучала на фоне вялікага гора, мушу сказаць: гэтая трагедыя не апошняя. У Беларусі крыху пазьней, у Расеі раней створаныя сур’ёзныя перадумовы для ўзьнікненьня падобных надзвычайных здарэньняў. Я не празорца, але мая адукацыя і далейшая практыка навучылі ня толькі бачыць, а і прадбачыць. То бок — аналізаваць і рабіць высновы.

Пажарныя на выкліку, архіўнае фота
Пажарныя на выкліку, архіўнае фота

— Што ня так? Праблема ў фармальных падыходах да бясьпекі, чалавечым фактары, нечым яшчэ?

— Любая сыстэма, як і любая маса, валодае сілай інэрцыі. Пад гэтым я разумею мэханізм, які быў запушчаны і працаваў — хай не дасканалы, ня ўзорны, у нейкай ступені ён замінаў прасоўваньню прадпрымальніцтва. Але сыстэма была, дзейнічала. Калі пачалі ўносіць радыкальныя карэктывы, усё дайшло да абсурду — і ў Расеі, і ў Беларусі. Сёньня сіла інэрцыі таго, што некалі было закладзена, скончылася.

У той жа Расеі абвясьцілі «сыстэму самарэгуляваньня». Бізнэсоўцы запэўніваюць, што будуць выконваць усе нормы і правілы. Ці будуць насамрэч — пытаньне другаснае. Як паказвае практыка — хутчэй не, чым так. Мы з калегамі аб’езьдзілі ўсю Эўропу і бачылі прыклады, якія нават у нас, прафэсіяналаў, выклікалі зьдзіўленьне. Ня буду далёка хадзіць: на будынках у Польшчы на вуліцу выведзена кнопка для выкліку пажарнай каманды. Само сабой прамільгнула: кожны дурань будзе ціскаць, каб пазабаўляцца... На мяне глядзяць зьдзіўленымі вачыма: пачакайце, гэта ж толькі на выпадак пажару! Уяўляеце, які ў насельніцтва ўзровень культуры?

«Практычна ўсе элемэнты сыстэмы папярэджаньня пажараў ліквідаваныя пад корань»

— Іншымі словамі, парушыўся падмурак таго, што ў свой час закладалася як аснова дзейнасьці ратавальнага міністэрства?

— На жаль, эмоцыі мяне даўным-даўно пакінулі, але з гледзішча прафэсіянала дзіўлюся. Гляджу, як дакладае ў Кемераве адзін кіраўнік фэдэральнай службы, потым іншы. Нешта тлумачаць, апраўдваюцца... На мой погляд, яны адразу павінны былі напісаць рапарты аб звальненьні. Далей хай ужо разглядае сьледзтва, суд, дзе яны недапрацавалі, пракалоліся, праваліліся.

Калі ў студзені 2005-га я сыходзіў з пасады, казаў наступнікам: ад усяго, што зроблена, ад колькасных паказьнікаў трэба пераходзіць да дасканаласьці. Таму што сыстэма далёка не ідэальная. Але тое, што пачало адбывацца потым, толькі засмучае. І пытаньне не ў недахопе адукацыі ці практыкі. Цалкам згодны з выказваньнем: самае цяжкае — гэта думаць. Менавіта таму так мала людзей гэтай працай займаюцца. Думаць — якраз абавязак таго, каго лёс вызначыў кіраваць тысячамі людзей і забясьпечваць бясьпеку мільёнаў. Мой працоўны дзень ніколі ня быў карацейшы за 14 гадзін. Даў згоду — дык працуй, забывайся пра сям’ю, сяброў. Трэба быць фанатыкам у гэтым сэнсе.

— Ці праўда, што вашага пераемніка Энвэра Барыева празь нейкі час звольнілі зь міністэрскай пасады па вашай жа просьбе?

Мае пераемнікі толькі шчоўкаюць абцасамі: «Таварыш прэзыдэнт!» — ды падсоўваюць яму патрэбныя лічбы.

— Гэта так. На падставе майго прадстаўленьня ён быў звольнены пасьля шасьці гадоў на пасадзе загадам прэзыдэнта. Апошняй кропляй стаў пажар на Менскім заводзе вылічальнай тэхнікі па вуліцы Прытыцкага, у якім чатыры ратавальнікі загінулі, яшчэ пяць пакалечыліся. Ня вытрымаў, выбухнуў, напісаў дакладную зь дзесяці пунктаў. Дзяржсакратар далажыў прэзыдэнту. У выніку разумны, адукаваны, граматны спэцыяліст быў зьняты з пасады — бо здаўся перад складанасьцямі...

Прыйшоў Уладзімер Вашчанка. Нешта зьмянілася? Не. Сыстэма папярэджаньня пажараў і ліквідацыі надзвычайных сытуацый утрымлівае шмат элемэнтаў, але найважнейшых некалькі. Найперш — нагляд. Па-другое — дэталёвае пажарна-тэхнічнае абсьледаваньне. Па-трэцяе — навучаньне ўсіх катэгорый насельніцтва. Дык вось, практычна ўсё гэта ліквідавана! Можна і іншыя моманты згадаць, але менавіта гэта касьцяк, каркас! Іншымі словамі, мае пераемнікі толькі шчоўкаюць абцасамі: «Таварыш прэзыдэнт!» — ды падсоўваюць яму патрэбныя лічбы.

Пажарныя тушаць падпаленую траву, архіўнае фота
Пажарныя тушаць падпаленую траву, архіўнае фота

«Адмова ад нагляду — паказьнік недалёкасьці галоўных ратавальнікаў міністэрства»

— У рамках прэзыдэнцкага дэкрэту аб «лібэралізацыі бізнэсу» прадугледжана спрашчэньне патрабаваньняў да пажарнай бясьпекі. Ці пагражае гэта нейкімі наступствамі? І ці не было тое і раней фармальнасьцю?

— Пад сьцягам свабоды бізнэсу і прадпрымальніцтва кіраўніку краіны падаецца абсурдная, лукавая інфармацыя. І цяпер ён яе сам агучвае: у 14 разоў зьнізіўся аб’ём патрабаваньняў пажарнага нагляду! Асабіста для мяне гэта перадусім паказьнік недалёкасьці галоўных ратавальнікаў галіновага міністэрства. Таму што лічба нічым не абгрунтаваная, апроч стойкі «Зважай» перад вышэйшым кіраўніцтвам.

Я не за тое, каб захоўваць вялізную колькасьць нарматыўных дакумэнтаў ці ствараць перашкоды на шляху разьвіцьця рынкавай эканомікі. Але я за тое, каб інспэктар дзяржаўнага пажарнага нагляду быў неабходным зьвяном ва ўсіх сфэрах жыцьця. За тое, каб кіраўнікі ўсіх зьвёнаў МНС не дакладвалі грамадзтву і прэзыдэнту, што тэрмінова правераць гандлёвыя цэнтры ў сувязі з кемераўскай трагедыяй, а паказалі, што гэта штодзённа робіцца дзеля папярэджаньня такіх здарэньняў. Займацца штурмаўшчынай няма патрэбы — вядома, калі працуе сыстэма.

Але сёньня яна моцна праржавела і пачынае развальвацца. Што яна кацілася па інэрцыі, тое канчаецца.

Валеры Астапаў
Валеры Астапаў

— Згодна са справаздачай Міжнароднай асацыяцыі супрацьпажарных і ратавальных службаў, Беларусь мае найгоршыя паказьнікі ў Эўропе — амаль 8 трагічных выпадкаў на 100 пажараў. Магчыма, вынік яшчэ аднаго рэйтынгу — усясьветнага лідэрства па колькасьці спажытага алькаголю. Выпіў, закурыў, згарэў...

— Такі рэйтынг ёсьць. Але давяраць яму прынамсі некарэктна. Я быў шмат у якіх краінах і досыць уважліва вывучаў гэтыя моманты — у розных месцах па-рознаму складаюць і трактуюць. Хоць у цэлым, безумоўна, так, мы пакуль далёкія ад ідэалу. І вельмі важны момант, пра які я ўскосна згадваў, — гэта агульная культура нацыі. Хто яе павінен прасоўваць? Зразумела, ня толькі МНС, мабыць, у саюзе зь міністэрствамі адукацыі, здароўя, спорту, культуры. Ну дык а дзе гэты саюз? Няма.

Таму, паўтаруся, цалкам прымаць на веру справаздачу Міжнароднай асацыяцыі супрацьпажарных і ратавальных службаў я б ня стаў. І ў той жа час зноў спашлюся на прыклад Польшчы. Там насельніцтва 40 мільёнаў, у нас у чатыры разы меней. Аднак у параўнаньні зь імі, калі ўзяць літаральна любы паказьнік — пачынаючы ад аснашчанасьці тэхнікай і заканчваючы пытаньнямі прафіляктыкі — мы адсталі вельмі далёка. Нягледзячы на тое, што за апошнія 20–30 гадоў выпадкі гібелі на пажарах у Беларусі зьменшыліся практычна ўтрая. Таксама істотна зьнізілася колькасьць саміх узгараньняў і, як вынік, матэрыяльныя страты.

«Шараговы беларускі ратавальнік перабірае вызначаны законам аб’ём працы да 150%»

— Сёньня маладых людзей не асабліва спакусіш гераічнай рамантыкай, а таму ідуць не ў пажарныя, а ў міліцыю — і ў агонь лезьці няма патрэбы, і заробкі непараўнальныя...

— У свой час я меў гутарку зь дзейным міністрам, кажу яму: Уладзімер Аляксандравіч, чаго ня пойдзеш да прэзыдэнта? Аляксандар Рыгоравіч колькі разоў паўтараў: вы людзі маёй каманды, доступ заўсёды адкрыты. Чаму не патрабуеш падвышэньня аплаты працы? Бо ў 1998 годзе, калі мы арганізавалі МНС, быў нонсэнс: апынуліся наперадзе ўсіх сілавых структур — па заробках, пэнсіях, ільготах, усім астатнім. Але паступова нас пачалі ня толькі даганяць, а і апярэджваць.

У часе абвяшчэньня трывогі ў пажарнага ў 8 разоў павялічваецца колькасьць цукру ў крыві. Толькі ад званка!

Ведаеце, што ён адказаў? — «Вы што, лічыце, што ратавальнікі мала атрымліваюць?»

Нічога не засталося, як павярнуцца і пайсьці. Проста зьбянтэжыўся, ня ведаў, як адрэагаваць. Пытаньне ж ня ў тым, што грошай мала не бывае. А ў тым, што сёньня ратавальнік перабірае вызначаны законам аб’ём працы да 150%. Ва ўсім сьвеце, за рэдкім выключэньнем, чатырохзьменнае дзяжурства. І мы 10 гадоў таму маглі перайсьці на такі ж графік, не зрабілі. Я ўжо апускаю стрэс. Навукоўцы даказалі: у часе абвяшчэньня трывогі ў пажарнага ў 8 разоў павялічваецца колькасьць цукру ў крыві. Толькі ад званка! Ня кажучы пра тое, што ён едзе, па вялікім рахунку, у невядомасьць.

— Беларусь далучылася да жалобы па кемераўскіх ахвярах. Чаму, на ваш погляд, падобнага ня здарылася 15 гадоў таму, калі падчас пажару ў Казлоўшчынскім псыханэўралягічным інтэрнаце згарэў 31 пацыент з 60?

— Жалобы не было, чаму — мне сказаць цяжка... Я асабіста туды выяжджаў, кожныя паўгадзіны дакладваў дзяржсакратару. Ці можна было нешта зрабіць? Наўрад ці — старая «дзеравяха» згарэла за 15 хвілін. Пры гэтым большая палова хворых загінулі толькі таму, што вярталіся назад: будынак ужо гарыць, а яны заходзілі, задыхаліся і паміралі. І я, і ўсе іншыя разумелі, што гэта трагедыя. Так, хворыя людзі, неадэкватна ацэньвалі сытуацыю. Але ж у іх ёсьць сваякі, яны сталі такімі зь нейкай прычыны...

Было адмысловае паседжаньне Савету міністраў, на якое выклікалі мяне і міністра працы. Прэм’ер-міністар задае пытаньне: чаму не спрацавала аўтаматыка? Бо, аказалася, сыгналізацыя была няспраўная — да таго ўжо двойчы прыяжджалі спэцыялісты з Маладэчна, якія яе аднаўлялі. Як выклікалі трэці раз, сказалі, што трэба плаціць, гарантыйнае абслугоўваньне даўно скончылася. Адны не заплацілі, другія не паехалі. Чаму не прымусілі? — працягваецца допыт. Я кажу: паважаныя чальцы ўраду. Зірніце на вуліцу. 2003 год, вакол вашага будынка даўно працуе рынкавая эканоміка, праца павінна аплачвацца... Карацей, усё роўна зрабілі вінаватым, вынесьлі вымову.

«Нельга апускацца да таго, каб падпалкоўнік у пагонах МНС хадзіў па хатах «вучыць насельніцтва»

— Як ставіцеся да таго, што кемераўскія падзеі сталі штуршком да актыўнасьці беларускіх ратавальнікаў? Па прадпрыемствах і арганізацыях пайшлі зь лекцыямі прадстаўнікі ведамства, паўсюль ладзяцца вучэбныя трывогі.

— Ведаеце, калі выступае мой другі ўжо наступнік, цяперашні галоўны ратавальнік Уладзімер Вашчанка і кажа — маўляў, усё зараз праверым, пакараем, завядзём справы — мяне гэта чапляе і абурае да глыбіні душы. Для чаго гэтая паказуха? У чым справа? Ах, недзе трагедыя!

Паважаны камандзір! А чаму ты не працягнуў маю стратэгічную лінію, каб спакойна заявіць грамадзянам краіны: у нас створана такая сыстэма, што верагоднасьць чагосьці падобнага блізкая да нуля, няма неабходнасьці займацца штурмаўшчынай. Так, безумоўна, яшчэ раз зьвернем увагу, папярэдзім людзей. Аднак апускацца да таго, каб падпалкоўнік у пагонах МНС хадзіў па хатах — няўжо гэта і ёсьць сыстэма навучаньня насельніцтва? На жаль, такіх вось праколаў сёньня прафэсіяналы бачаць незьлічоную колькасьць. Сёньня ўвогуле цяжка казаць, што ёсьць нейкая ўцямная сыстэма папярэджаньня пажараў. Таму і маю права казаць: у Расеі трагедыя не апошняя, а ў Беларусі цалкам магчымая...

Кніга Валерыя Астапава «У зоне агню»
Кніга Валерыя Астапава «У зоне агню»

Валеры Астапаў нарадзіўся 2 студзеня 1942 году на Гомельшчыне, пазьней бацькі пераехалі ў Івацэвічы. Паступіў у Харкаўскую пажарна-тэхнічную вучэльню МУС СССР. Пасьля заканчэньня працаваў у пажарных падразьдзяленьнях Менску і вобласьці.

У сярэдзіне 1990-х у рангу начальніка Галоўнага ўпраўленьня пажарнай службы МУС Беларусі кіраваў стварэньнем Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Ведамства пачало працаваць у 1998 годзе, стаў яго першым міністрам. У 2005 годзе ў званьні генэрал-лейтэнанта выйшаў у адстаўку, цягам 6 гадоў узначальваў Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства.

Жанаты, мае дзьвюх дачок і двух унукаў. Піша вершы, выдадзена некалькі паэтычных зборнікаў. Некаторыя надрукаваныя ў кнізе «Ў зоне агню».

Як беларускія ўлады рэагавалі на трагедыі маштабу кемераўскага пажару

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG