З нагоды трагедыі, якія адбылася ў расейскім Кемераве падчас пажару, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 27 сакавіка сустрэўся зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам.
Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, кіраўнік краіны загадаў да 1 красавіка праверыць «усе месцы масавага збору людзей, ня толькі гандлёвыя цэнтры, а і кінатэатры, і гэтак далей».
Паводле Лукашэнкі, падчас пажару ў Кемераве «загінулі дзясяткі, а яшчэ не вядома — можа і сотні людзей».
«Таму, каб, ня дай бог, у нас гэта не адбылося. І МНС у кароткі прамежак часу адно ня ўправіцца, таму падключыцеся да гэтага пытаньня, — сказаў Лукашэнка Шуневічу. — І ў мяне просьба і даручэньне вам: самым жорсткім чынам караць, калі толькі вы ўбачыце дзесьці нейкія недапрацоўкі, якія могуць пацягнуць за сабой цяжкія наступствы, асабліва для людзей, і, недапушчальна, для дзяцей».
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь міністрам па надзвычайных сытуацыях Уладзімерам Вашчанкам і даручыў яму праверыць на бясьпеку ўсе гандлёвыя цэнтры ў Беларусі.
«У Беларусі няма ніякай магчымасьці „дамовіцца“, каб нехта пайшоў на саступкі»
Ізраільскі інжынэр-будаўнік, кіраўнік праектаў Серж Альпэрн мае досьвед працы ў Ізраілі, Польшчы, Украіне, Сэрбіі, Баўгарыі, Чэхіі, Вугоршчыне, Літве і Латвіі. У інтэрвію Свабодзе спэцыяліст падзяліўся ўражаньнямі ад сытуацыі з пажарнай бясьпекай у грамадзкіх будынках у Беларусі, дзе ён працаваў на будаўніцтве жыльля, гандлёвага цэнтру і офісаў.
— Як вы думаеце, ці можа паўтарыцца ў Беларусі такі пажар, які здарыўся ў расейскім Кемераве, у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Зімовая вішня»?
— Думаю, што ня можа. Я не дасканала знаёмы з тым, што адбылося ў Кемераве. Будзе сьледзтва, і яно пакажа. Але там адбыўся цэлы ланцужок парушэньняў, якія прывялі да гэтай трагедыі. Дастаткова, каб у гэтым ланцужку хоць адно зьвяно выпала, і тады трагедыя не адбылася б у такіх маштабах.
Калі казаць пра Беларусь, то тут даволі сур’ёзны кантроль дзяржаўных органаў. Яго вядзе і Дзяржбуднагляд, і пажарная інспэкцыя на самых розных узроўнях і этапах праекту. Пачынаецца ўсё з праверкі праектнай дакумэнтацыі на стадыі звароту забудоўшчыка па дазвол на будаўніцтва. Гэтым займаецца Дзяржбуднагляд. Апроч яго, правяраюць розныя інстанцыі пажарнай інспэкцыі.
У Беларусі даволі сур’ёзны кантроль дзяржаўных органаў
Для вялікіх аб’ектаў гэта рэспубліканская, гарадзкая, але абавязкова трэба праходзіць яшчэ і раённую, якая можа не зацьвердзіць праект, які нібыта адпавядае ўсім нормам. Але ў канкрэтным раёне, напрыклад, няма пажарнай машыны з драбінай такой вышыні, каб падчас пажару зьняць людзей з пэўнага паверху — і з гэтай прычыны праект таксама не зацьвердзяць. Хоць нібыта ён адпавядае ўсім нормам.
То бок робіцца даволі сур’ёзная праверка на этапе атрыманьня дазволу на будаўніцтва. Потым у працэсе будаўніцтва і асабліва пры здачы аб’екта адбываецца яшчэ вельмі сур’ёзная праверка, падчас якой аб’ект правяраецца на адпаведнасьць нормам і здароваму сэнсу. Падчас гэтых праверак няма ніякіх магчымасьцяў спрасьціць гэты працэс, неяк дамовіцца.
Уся сыстэма бясьпекі ў любым праекце (асабліва грамадзкім, гандлёвым цэнтры) падпарадкаваная галоўнай мэце — эвакуацыі людзей на выпадак пажару. Дзеля гэтага разьлічваецца, на якой адлегласьці павінны быць дзьверы навонкі ад людзей. Калі адлегласьць большая, чым вызначана нормамі, пажарнікі запатрабуюць, каб зрабілі яшчэ адны дзьверы, і гэтак далей.
У адрозьненьне ад Расеі, у Беларусі няма ніякай магчымасьці «дамовіцца»
Бяруцца пад увагу ўсялякія сыстэмы пажаратушэньня ці хаця б спрынклеры, якія ня могуць патушыць сур’ёзны пажар, але забясьпечваюць людзям калідор, па якім яны могуць эвакуавацца.
Усё гэта ў Беларусі вельмі сур’ёзна правяраецца. У адрозьненьне ад Расеі, у Беларусі няма ніякай магчымасьці «дамовіцца», каб нехта пайшоў на саступкі за нейкую плату ці за іншыя рэчы. Гэта вельмі сур’ёзная прычына, чаму такая трагедыя ў вас адбыцца ня можа.
А парушэньні існуюць усюды. Але пытаньне ж ня ў тым, што яны бываюць, а ў тым, як сыстэма працуе.
— Наколькі бясьпечныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі?
— Кожны аб’ект падзелены на проціпажарныя зоны. Вялікі аб’ект мае большую колькасьць такіх зонаў, малы можа мець толькі адну. Тут таксама выразна прапісваецца, у залежнасьці ад катэгорыі будынка, ад яго тыпу, ступень пажарнай абароны. І матэрыялы таксама рэглямэнтуюцца, правяраюцца.
Ты ня можаш выкарыстоўваць пэўныя матэрыялы для ўнутранага аздабленьня, якія дапушчальныя для зьнешняга. Гэта таксама правяраецца ў праекце і зацьвярджаецца або не.
«Іншым разам дырэктары замотваюць аварыйныя дзьверы ланцугамі і вешаюць замок»
— Ці можа чалавек быць упэўнены, наведваючы беларускі гандлёвы цэнтар, што зможа, калі што якое, эвакуавацца і выратавацца?
— Як казаў Астап Бэндэр, стопрацэнтную гарантыю дае толькі страхавы поліс. Але насамрэч даволі ў вялікай ступені чалавек можа быць спакойны ў беларускіх гандлёвых цэнтрах. Паколькі дакумэнтацыя на іх будаўніцтва праверана сур’ёзна, у працэсе здачы аб’екта таксама.
Адзіная праблема ўзьнікае пры эксплюатацыі. Іншым разам дырэктары гэтых гандлёвых цэнтраў, калі ім перашкаджаюць шматлікія аварыйныя дзьверы, іх замыкаюць, баючыся, што празь іх могуць пранікнуць нейкія зламысьнікі. Звычайна такія эвакуацыйныя дзьверы замотваюцца ланцугамі і на іх вешаецца замок. Я такое недзе бачыў, ня ўпэўнены, што ў Беларусі.
Заклікаю наведнікаў зьвяртаць увагу на заблякаваныя дзьверы аварыйнага выхаду
Але я заклікаю наведнікаў зьвяртаць на гэта ўвагу. Калі нехта ўбачыць, што дзьверы аварыйнага выхаду нейкім чынам заблякаваныя, замкнутыя, трэба пра гэта сыгналізаваць дырэкцыі гандлёвага цэнтру і ў пажарную інспэкцыю.
Я ўпэўнены, што пасьля такога сыгналу пажарныя ў Беларусі вельмі сур’ёзна разьбяруцца з гэтымі дырэктарамі і ліквідуюць парушэньні. Тут якраз адкупіцца і адкруціцца, як у той жа Расеі, нікому ня ўдасца. З усіх краінаў, дзе я быў і працаваў, Беларусь — даволі бясьпечнае месца ў сэнсе пажарнай бясьпекі ў гандлёвых аб’ектах.
«Пажарная інспэкцыя ў Беларусі не адступіць ад патрабаваньняў»
— Часам у Беларусі будуюць гандлёвыя цэнтры з нуля, а некаторыя абсталёўваюць у памяшканьнях, якія былі пабудаваныя раней, у нейкіх прамысловых будынках. Ці ёсьць у гэтым патэнцыйная небясьпека?
— Але прынцып усё роўна той самы. Для таго каб перабудаваць і пераабсталяваць былы заводзкі корпус пад гандлёвы цэнтар, а гэта часта сустракаецца на постсавецкай прасторы, трэба атрымаць усё тую ж дазвольную дакумэнтацыю і прайсьці ўвесь той жа працэс, тую ж працэдуру, як і пры будаўніцтве новага памяшканьня.
Ніводзін пажарны інспэктар не падпішацца на адкрыцьцё такога аб’екта, калі там ня будуць выкананыя ўсе тыя ж патрабаваньні па пажарнай бясьпецы.
У заводзкіх корпусах часта сустракаюцца, напрыклад, сталёвыя канструкцыі ў якасьці нясучых канструкцый, даху. Сёньняшняе патрабаваньне — каб яны былі пажараўстойлівыя. Іх павінны абліцаваць нейкім матэрыялам, каб ня даць у выпадку пажару абрынуцца. Усё гэта бярэцца пад увагу забудоўшчыкам, калі ён пачынае такі праект. Ён разумее, што гэта будуць дадатковыя выдаткі.
І пажарная інспэкцыя ў Беларусі не адступіць ад патрабаваньняў, ня дасьць патураньня проста таму, што некаму хочацца, ці таму, што ён багаты і гатовы пайсьці на выдаткі, каб зь некім «дамовіцца». У Беларусі, па маіх назіраньнях і вопыце, гэта немагчыма.
Што рабіць, калі эвакуацыйны выхад у будынку зачынены
На сваёй старонцы ў фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік беларускага МНС Віталь Навіцкі напісаў, што ўсе гандлёвыя цэнтры ў Беларусі правераць на гэтым тыдні.
Навіцкі адказаў на пытаньне, ці можа ў Беларусі паўтарыцца падобны пажар.
«Двух аднолькавых пажараў не бывае. Хуткасьць распаўсюджваньня агню, тэхналёгія тушэньня заўсёды будуць адрозьнівацца. Вучэньні, заняткі і трэніроўкі рэгулярна праводзяцца на ўсіх падобных аб’ектах. Нязьменнай застанецца прычына — чалавечы фактар. Дзіця з запальнічкай, рабочы, які не зьвяртае ўвагі на тэхніку бясьпекі, кароткае замыканьне сьвяцільніка могуць здарыцца ў любым месцы».
Прадстаўнік МНС таксама патлумачыў, што рабіць, калі эвакуацыйны выхад у будынку зачынены.
«Мы дзейнічаем ва ўмовах агульнага абмежаваньня праверак. Падстава для нашай праверкі — неананімны пісьмовы або электронны зварот грамадзяніна ў Менскае гарадзкое (для сталіцы) альбо ў ваша абласное (для іншых рэгіёнаў) упраўленьне МНС. Ваш рэальны зварот — падстава. Твіт або запіс у фэйсбуку — не падстава», — напісаў Навіцкі.