Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пакідайце дзяцей пад замком


Пажар у Кемераве 25 сакавіка 2018 году
Пажар у Кемераве 25 сакавіка 2018 году

Пажар у расейскім Кемераве, дзе загінулі дзясяткі людзей, у тым ліку шмат дзяцей, адгукаецца і ў Беларусі. Людзі масава выказваюць спачуваньні, прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях заявіў, што ў краіне правераць усе будынкі такога тыпу, а ў паветры літаральна павісла галоўнае пытаньне: як зрабіць так, каб нічога падобнага ня здарылася з намі.

Як бы банальна ні гучала, але варта перастаць эканоміць на бясьпецы. Мая маці шмат гадоў працавала ў дзіцячым садку, дзе ўсе запасныя выхады зачынялі на ключ а дзявятай раніцы. Да гэтага часу яны былі адчыненыя, каб бацькам было зручней заводзіць дзяцей у будынак.

Дзяўчынка каля эвакуацыянага выхаду ў гандлёвым цэнтры ў Маскве 26 сакавіка 2016 году.
Дзяўчынка каля эвакуацыянага выхаду ў гандлёвым цэнтры ў Маскве 26 сакавіка 2016 году.

Гэтак вызначаюцца прыярытэты: эканоміць час дарослых — важна, клапаціцца пра тое, каб дзіця ня зьбегла на вуліцу — нібыта таксама, а вось з ратаваньнем дзяцей ад пажару ўсё складаней.

Важна наладжваць сыстэму так, каб ратаваць сябе і навакольных можна было бяз «трэціх асобаў».

Каб вывесьці дзяцей праз так званыя чорныя ўваходы, трэба спачатку знайсьці чалавека, у якога ёсьць ключы ад памяшканьня, у якім знаходзяцца ключы ад дзьвярэй. У тэорыі ўсё мусіць працаваць хутка і бездакорна. Але на практыцы людзі ў крызісных сытуацыях паводзяць сябе вельмі па-рознаму, і прадбачыць загадзя, ці аслупянее ад страху канкрэтны чалавек, немагчыма. Таму важна наладжваць сыстэму так, каб у момант катастрофы ратаваць сябе і навакольных можна было бяз «трэціх асобаў». Зрэшты, пажар можа пачацца менавіта ў каморцы з ключамі.

Трэба ставіць у школах, дзіцячых садках, гандлёвых цэнтрах і іншых будынках дзьверы на магнітах: па змоўчаньні яны зачыненыя, але ў момант, калі спрацоўвае пажарная сыгнальная сыстэма, адчыняюцца аўтаматычна. Трэба вучыцца самім і вучыць дзяцей, што рабіць пры пажары: спрабаваць выбрацца на вуліцу, ня бегчы, не крычаць, па магчымасьці прыгнуцца і дыхаць праз мокрую тканіну (няма вады — можна памачыцца на шалік, майку, шапку, шкарпэтку). А яшчэ трэба памятаць: кожны раз, калі вы пакідаеце дзіця ў зачыненым памяшканьні без магчымасьці хутка з яго выбрацца ці атрымаць дапамогу дарослых, — гэта небясьпечная сытуацыя, якая можа пераўтварыцца ў трагедыю.

Трэба вучыцца самім і вучыць дзяцей, што рабіць пры пажары.

У 2012 годзе Нацыянальны статыстычны камітэт правёў абсьледаваньне па ацэнцы палажэньня дзяцей і жанчын у Беларусі. Тады высьветлілася, што 4% дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў заставаліся дома без патрэбнага нагляду (былі адны альбо пад наглядам іншага дзіцяці). Верагодна, не ва ўсіх выпадках дзеці былі заблякаваныя, і некаторыя зь іх маглі б у выпадку чаго выбрацца на вуліцу (і зрабіць гэта не праз вакно). Але нам трэба ўспрымаць як аксыёму: нельга пакідаць дзяцей без нагляду і зачыняць іх пры гэтым на замок.

Я веру, што большасьць дарослых, якія пакідаюць малых дзяцей дома адных, робіць гэта не праз уласную безадказнасьць, а таму што гэтае рашэньне ім падаецца найлепшым. Дома дзяцей зачыняюць, каб зьбегаць хуценька ў краму, аптэку, банк, да суседкі па цукар, у падвал па закаткі. Дзяцей ня хочуць будзіць, і сыходзяць, пакуль яны сьпяць; калі яны хварэюць, іх не хочуць лішні раз цягнуць на вуліцу, і таму ў аптэку ходзяць без іх. Гэта ўсё робіцца з добрымі намерамі, але часам вядомае выслоўе «добрымі намерамі выкладзена дарога ў пекла» пераўтвараецца ў рэальнасьць.

Часам вядомае выслоўе «добрымі намерамі выкладзена дарога ў пекла» пераўтвараецца ў рэальнасьць.

У садках дзеці таксама часта аказваюцца зачыненыя (хоць і пад наглядам). Адміністрацыі падаецца, што верагоднасьць пажару значна меншая, чым верагоднасьць таго, што нейкае дзіця вырашыць зьбегчы праз адчыненыя дзьверы. Гэтае рашэньне таксама прымаецца не празь нелюбоў да малых, а паводле прынцыпу «хай лепей будзе найменшае зло». Але ці найменшае яно?

Каб дзеці не зьбягалі з садку і пры гэтым не рызыкавалі памерці пры пажары, (бо чалавек з ключамі ад каморкі, дзе ляжаць іншыя ключы, раптоўна зьнік), трэба больш увагі надаваць добраму агароджваньню тэрыторыі, а ня проста зачыняць дзьверы на ключы.

Пройдзе час, і трагедыя ў Кемераве пачне забывацца: эмоцыі стануць слабейшымі, мы зноўку пачнем замілоўвацца здымкамі коцікаў і спрачацца на бясконцую колькасьць самых розных тэм. Але вельмі важна, каб і дарослыя, і дзеці памяталі: пры пажары ня бегчы, не крычаць, па магчымасьці прыгнуцца і дыхаць праз мокрую тканіну.

І ніколі, ніколі не зачыняйце дзяцей адных.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG