Беларусы выказваюць спачуваньне сваякам ахвяраў трагедыі ў гандлёвым цэнтры расейскага гораду Кемерава.
Паводле афіцыйных зьвестак, падчас пажару ў гарадзкім гандлёва-забаўляльным цэнтры «Зімняя вішня» загінулі 64 чалавекі, зь іх 41 дзіця, яшчэ 6 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак. Разам з тым у сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя аб тым, што ахвярамі агню сталі некалькі сотняў кемераўцаў, пераважна дзяцей.
Раніцай 27 сакавіка жыхары гораду выйшлі на стыхійны мітынг, патрабуючы ад уладаў расказаць праўду пра колькасьць загінулых падчас пажару ў тамтэйшым гандлёвым цэнтры. Таксама гучаць патрабаваньні адстаўкі губэрнатара Амана Тулеева, які кіруе вобласьцю больш за 20 гадоў.
Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыбыў у Кемерава і ўсклаў кветкі да імправізаванага мэмарыялу каля фасаду будынка, куды людзі нясуць мяккія цацкі, кветкі і фатаграфіі загінулых. Пры гэтым ён ня стаў сустракацца з пратэстоўцамі каля абласной адміністрацыі.