Беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ патлумачыў, што расейскі фільм «Крым» быў зьняты з эфіру з прычыны дня памяці расейскага актора Алега Табакова, якога ня стала 12 сакавіка.
Паводле тэлепраграмы, тэлеканал АНТ плянаваў паказаць «Крым» 17 сакавіка ў 23.50. Аднак без тлумачэньня прычын гэты прапагандысцкі фільм расейскай вытворчасьці быў зьняты з беларускага эфіру. Замест яго паказалі камэдыю «Гары, гары, мая зорка», дзе здымаўся Алег Табакоў.
«Гэта рашэньне было прынятае ў сувязі з тым, што ў гэты дзень быў дзень памяці Алега Табакова. І зьмены ў праграме адбываліся цягам усяго дня, у тым ліку і ў вячэрнім эфіры», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка тэлеканалу Сьвятлана Ціханава.
На пытаньне, калі гэты фільм пакажуць па ОНТ, Сьвятлана Ціханава адказала, што такой інфармацыяй не валодае: «Таму камэнтаваць тут больш няма чаго».
Фільм «Крым» пра расейскую акупацыю часткі Ўкраіны мае нізкі рэйтынг
У «Крыме» на фоне гісторыі каханьня паказваецца акупацыя ўкраінскага Крыму расейскімі «зялёнымі чалавечкамі». Фільм у СМІ неаднаразова называлі прапагандысцкім, яго крытыкавалі нават прыхільнікі акупацыі Крыму.
Стужку даволі нізка ацанілі незалежныя крытыкі. «Крым» мае рэйтынг 4.00 на ўсясьветным сэрвісе IMDb і 3.035 на расейскім «Кінапошуку».
«Крым» не паказалі ў беларускіх кінатэатрах
Фільм не паказвалі ў беларускіх кінатэатрах, але калі ў менскіх прайшлі яго трэйлеры, амбасада Ўкраіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту. У трэйлеры гаварылася, што драма «заснаваная на рэальных падзеях» на фоне «вяртаньня» паўвострава «ў родную гавань». Тады «Кінавідэапракат» патлумачыў, што дэманстрацыя трэйлеру ў кінатэатрах не плянуецца.
Паказ «Крыму» хацелі зладзіць без належнага пракатнага пасьведчаньня ў менскім «Доме Масквы», але ён быў адкладзены «з тэхнічных прычын».
МЗС: пазыцыя Беларусі не зьмянілася
МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым). Летась некаторыя экспэрты казалі, што праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, але перамовы па Данбасе ў Менску працягваюцца дагэтуль.