Здарэньне на «Беларуськаліі» пракамэнтаваў тэлеканалу ОНТ генэральны дырэктар прадпрыемства Іван Галаваты. Паводле яго, удзень у суботу, 10 сакавіка, раскапалі «каля 20 мэтраў па лініі выпрацоўкі».
Паводле папярэдняй ацэнкі экспэртаў, паведамляе ОНТ, трэба будзе раскапаць яшчэ мінімум мэтраў трыццаць.
— Адбылося раптоўнае абвальванне пародаў даху, зь вялікай інтэнсіўнасьцю і з вылучэньнем газу — патлумачыў кіраўнік «Беларуськалію» Іван Галаваты. — Як паказалі папярэднія дадзеныя, вышыня абвальваньня склала да 12 мэтраў лякальна, у дыямэтры — парадку мэтры 3-4. Пасьля разгазоўваньня горных выпрацовак пачалі расчышчаць завалы.
Паводле кіраўніка, работы не спыняюцца ні на хвіліну, людзі зьмяняюць адны адных.
— На жаль, нейкай асаблівай тэхнікі ўжыць немагчыма, адбываецца ўручную зачыстка рыдлёўкамі. Складанасьць у тым, што прастора абмежаваная. Шырыня выпрацоўкі складае ўсяго толькі 3,8 мэтра, вышыня — 3 мэтры. Магчымае разьмяшчэньне ня больш за 5 чалавек. На 14-ю гадзіну былі расчышчаныя ад завалаў прыкладна 20 мэтраў па лініі выпрацоўкі, на жаль, дагэтуль работнікаў не было выяўлена. Дзе менавіта знаходзяцца людзі, пакуль сказаць складана, таму што выкід быў досыць вялікай сілы, вялікай інтэнсіўнасьці.
Як расказаў Іван Галаваты, апошнія 20 гадоў надзвычайных сытуацыяў на прадпрыемстве не было.
— Мы, вядома ж, спадзяемся на лепшае, не пакідаем апошніх надзеяў, што людзі могуць аказацца жывыя.
Увечары 9 сакавіка на дзясятым рудніку трэцяга рудаўпраўленьня «Беларуськалію» пад Салігорскам адбыўся выкід газу мэтану і абвал пароды.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, пры праходцы горнай выпрацоўкі на 22б заходняй панэлі гарызонту −620 мэтраў адбыўся абвал пародаў даху з выкідам газу (мэтан) і солі з масіву», — паведамляла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
Пад завал патрапілі машыніст горных вымальных машын Максім Іваноў 1973 году нараджэньня, і горнарабочы вычышчальнага забою Дзьмітры Валько 1985 году нараджэньня. Горнавыратавальнікі і службы рудніка расчышчаюць завал. Пакуль што работнікі ня знойдзеныя. Створана камісія для расьсьледаваньня прычын і абставінаў раптоўнага выкіду.