Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў скаргі палітвязьня Жамчужнага на пакараньні штрафным ізалятарам


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году

Калегія Магілёўскага абласнога суду прызнала абгрунтаваным пакараньні палітвязьня Міхаіла Жамчужнага штрафным ізалятарам. Яна пакінула ў сіле рашэньні Горацкага раённага суду, куды асуджаны зьвяртаўся, каб дамагчыся прызнаньня неправамернасьці накладаньня на яго трох спагнаньняў у выглядзе зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар агулам на 25 сутак.

Спагнаньні, якія сталіся нагодай для судовага разбору былі вынесеныя Жамчужнаму 9, 16, 28 жніўня 2017 году.

Хочуць перавесьці да вязьняў зь «нізкім статусам»

Як вынікае з матэрыялаў справы, Жамчужнага пакаралі за адмову пераходзіць у атрад для адбыцьця пакараньня. Асуджаны свае дзеяньні тлумачыць тым, што яго жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека з прычыны канфлікту зь іншымі асуджанымі. Ён даводзіць, што неаднойчы зьвяртаўся да адміністрацыі Горацкай папраўчай калёніі № 9, каб яго перавялі ў бясьпечнае месца.

У 2017 годзе Міхаіл Жамчужны паведамляў, што адміністрацыя калёніі загадала яму перайсьці ў атрад, дзе ўтрымліваюць вязьняў зь нізкім статусам, але ён адмовіўся, за што яго пэрыядычна каралі штрафным ізалятарам.

Жамчужнага на суд не пусьцілі

Пры разглядзе скаргаў самога Жамчужнага не было ні ў абласным і раённым судах. Яго інтарэсы бараніў адвакат Вадзім Мушынскі, які зьвярнуў увагу суду на тое, што падабаронны мог бы больш дэталёва выкласьці свае прэтэнзіі да ўмоваў утрыманьня ў Горацкай вязьніцы, калі б сам прысутнічаў на судзе.

Адвакат нагадаў, што раней заяўнік адбываў пакараньне ў калёніях, якія месьцяцца ў Навасадах ды Ваўкавыску і там не сутыкаўся з прэсінгам з боку актыву асуджаных, як у Горках. У папраўчай калёніі № 9, казаў Мушынскі, яго падабароннага пачалі адпраўляць у штрафны ізалятар амаль зь першых дзён знаходжаньня.

Паводле адваката, Жамчужны меў досьвед адбыцьця пакараньня ў адным з атрадаў калёніі, трапіўшы ў які адразу адбыўся канфлікт з асуджанымі. Каб надалей ня мець праблемаў, Міхаіл вымушана не пагаджаецца цяпер зь пераводам у іншыя атрады. Канфлікт з асуджанымі, паводле Мушынскага, пацьвярджаецца дакумэнтамі адміністрацыі калёніі. Адвакат дапусьціў, што Жамчужны і цяпер утрымліваецца ў ШЫЗА.

Вадзім Мушынскі (архіўнае фота)
Вадзім Мушынскі (архіўнае фота)

«Накладаньне пакараньняў — гэта, відаць, спосаб, які выбрала адміністрацыя, каб уратаваць асуджанага ад небясьпекі», — выказаў думку ў сваім выступе на судовай калегіі Вадзім Мушынскі.

«Разам з тым мы мусім разумець, што зьмяшчэньне Жамчужнага ў небясьпечнае месца не павінна мець нэгатыўных наступстваў для асуджанага, як гэта бывае падчас вынясеньня дысцыплінарных спагнаньняў. Жамчужны ў ШЫЗА ня можа атаварвацца, пісаць лісты і атрымліваць іх. Наогул ён пазбаўлены многіх правоў вязьня», — заявіў суду адвакат.

Калегія абласнога суду пастанавіла, што рашэньне Горацкага суду абгрунтаванае, паколькі «фактычныя абставіны ў справе высьветленыя поўна і слушна, а доказам дадзеная належная ацэнка». На прэтэнзію Жамчужнага, пераказаную адвакатам, што яго пазбавілі права самому ўдзельнічаць у разглядзе сваіх скаргаў, судовая калегія адрэагавала, што інтарэсы асуджанага прадстаўляў яго адвакат. Акрамя таго, як вынікала з тлумачэньняў калегіі, дзяржавай не прадугледжаныя расходы на этапаваньне асуджанага на працэс у грамадзянскай справе.

Праваабаронцы занепакоеныя лёсам Жамчужнага

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зьняволеньня праз абвінавачаньне ў спробе завалодаць сакрэтнымі зьвесткамі пра дзейнасьць міліцыі і спробе даць хабар супрацоўніку міліцыі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судовым паседжаньні.

Праваабаронцы занепакоеныя лёсам Міхаіла Жамчужнага і робяць магчымыя захады для ўплыву на сытуацыю, у якой ён апынуўся. Вядома, што пасьля звароту ў Генэральную і Магілёўскую абласную назіральныя камісіі наконт становішча, у якім апынуўся палітвязень, гэтыя камісіі заплянавалі наведваньне Міхаіла Жамчужнага ў Горацкай калёніі. Візыт павінен адбыцца ў першай палове сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG