Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Жамчужнага пасьля 100 дзён карцэру перавялі ў камэру


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакараньне ў Горацкай папраўчай калёніі, з 6 студзеня на месяц зьмешчаны ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Да гэтага Міхаіл Жамчужны празь некалькіх спагнаньняў запар адбыў 100 дзён у карцэры. Пра перавод у камэру праваабаронцам стала вядома зь ліста Міхаіла Жамчужнага.

Як адзначаюць у «Вясне», зь ліста палітвязьня незразумела, ці зьяўляецца цяперашняе зьмяшчэньне Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ гарантаваньнем яго асабістай бясьпекі, якой ён дамагаўся ад адміністрацыі калёніі, ці гэта зноў пакараньне за парушэньні, якія ён аспрэчвае.

Таксама Міхаіл Жамчужны паведаміў на волю, што неўзабаве адкажа на лісты, якія чакалі яго, пакуль ён знаходзіўся ў карцэры. Палітвязень дзякуе ўсім за падтрымку і віншуе са сьвятамі, чаго раней ня меў магчымасьці зрабіць.

Сваё цяперашняе становішча палітвязень акрэсьлівае кароткай фразай: «Цяпер становішча стабілізавалася. Сытуацыя стала кантраляванай і прадказальнай».

У пачатку жніўня 2017 году адміністрацыя калёніі № 9 у Горках, дзе адбывае пакараньне Міхаіл Жамчужны, пачала выносіць яму спагнаньні за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зьняволеных зь «нізкім статусам». На пачатак сьнежня 2017 году было вядома пра 14 спагнаньняў у выглядзе зьмяшчэньня Міхаіла Жамчужнага ў карцэр і ПКТ, нагадала «Вясна».

Былы выкладчык і праваабаронца Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе завалодаць сакрэтнымі зьвесткамі пра дзейнасьць міліцыі і спробе даць хабар супрацоўніку міліцыі. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судовым паседжаньні.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» таксама стала вядома, што на 17 студзеня ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны судовы разгляд касацыйнай скаргі Міхаіла Жамчужнага на рашэньне суду Горацкага раёну, які адмовіў у задавальненьні скаргі вязьня на першае вынесенае яму спагнаньне.p>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG