Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заблякавала рэзалюцыю ААН па замірэньні ў Сырыі


Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН
Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН

Расея заблякавала рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, якая мусіла зацьвердзіць 30-дзённы рэжым спыненьня агню і гуманітарныя пастаўкі ва Ўсходнюю Гуту, кажучы, што шырокі распаўсюд паведамленьняў пра цяжкія страты сярод цывільнага насельніцтва ў абложаным раёне на ўскраіне сырыйскай сталіцы было прадуктам «масавага псыхозу», паведамляе The Guardian.

Расейскі амбасадар у ААН Васіль Нябензя паведаміў на экстраным пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН па сытуацыі ва Ўсходняй Гуце, што Расея не падтрымае рэзалюцыю аб спыненьні агню, прапанаваную Швэцыяй і Кувэйтам у яе цяперашнім выглядзе, назваўшы яе нерэальнай, і прапанаваў унесьці ў дакумэнт цэлы шэраг зьменаў. Паколькі Расея валодае правам вэта і можа заблякаваць любую рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, яе старшыня, прадстаўнік Кувэйту, перанёс пасяджэньне па гэтым пытаньні. Дыпляматы сказалі, што рашэньне можа пайсьці на галасаваньне ў пятніцу.

Масква наклала вэта 10 папярэдніх рэзалюцый ААН па Сырыі і пасьлядоўна выкарыстоўвае сваё сталае месца ў Радзе Бясьпекі ААН, каб абараніць сырыйскага прэзыдэнта Башара аль-Асада, ад узгодненых дзеяньняў ААН супраць ваенных злачынстваў. У лістападзе 2017 году Расея выкарыстала сваё права вэта, каб блякаваць аднаўленьне расьсьледаваньня ААН ва ўжываньні хімічнай зброі сырыйскімі сіламі.

Пастанова аб спыненьні агню, прапанаваная Швэцыяй і Кувэйтам, была ўпершыню распаўсюджаная ў Радзе Бясьпекі ААН 9 лютага, але яе распрацоўка была запаволеная пярэчаньнем Расеі, у той час як у Сырыі рэжым Асада і яго саюзьнікі працягвалі наступ ва Ўсходняй Гуце.

У чацьвер Васіль Нябензя сказаў, што Расея будзе працягваць падтрымліваць Сырыю і што паведамленьні пра цяжкія страты сярод мірнага насельніцтва ва Ўсходняй Гуце зьяўляюцца фэйкавымі.

«Масавы псыхоз у сусьветных СМІ, якія скаардынавана тыражуюць апошнія дні адны і тыя ж чуткі, зусім не дапамагае разуменьню сытуацыі», — сказаў Васіль Нябензя пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, прысьвечаным сытуацыі ва Ўсходняй Гуце.

Арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя па правах чалавека», якая базуецца ў Лёндане, заяўляе, што за апошнія дні праз авіяўдары і ракетныя абстрэлы ў рэгіёне загінулі сама меней 250 чалавек.

Ад авіяўдараў у Сырыі з пачатку лютага загінулі больш за 1000 мірных жыхароў

Сырыйскія паўстанцы пад бомбамі рыхтуюцца да наступу войскаў Асада і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG