Эскаляцыя ўзброенай барацьбы за абложаны сырыйскі анкляў Усходняя Гута можа стаць паўторам бітвы за Алепа — другога паводле значэньня гораду Сырыі, які перажыў шматмесячныя баі ў канцы 2016 году. Такую ацэнку сытуацыі выказаў агенцтву Reuters адмысловы пасланец ААН па Сырыі Стафан дэ Містура.
Сырыйскія ўзброеныя сілы працягваюць бамбардзіроўкі Ўсходняй Гуты, прыгараду Дамаска, падкантрольнага паўстанцам. За некалькі дзён авіяўдараў там загінулі ня менш як дзьвесьце чалавек, 60 зь іх — дзеці. Пра гэта паведамляе RFI са спасылкай на сырыйскія праваабарончыя крыніцы.
Паводле дадзеных ААН у акружанай Гуце застаюцца блякаванымі каля 400 тысяч чалавек. У аўторак зьявіліся паведамленьні аб пачатку наземных баявых дзеяньняў сырыйскай арміі на подступах да Ўсходняй Гуты.
У пачатку лютага ўрадавыя сілы ўжо бамбавалі Гуту на працягу пяці дзён. Тады, паводле актывістаў, загінулі каля 250 мірных жыхароў, сотні атрымалі раненьні.
Усходняя Гута — адна з так званых «зонаў дээскаляцыі» у Сырыі, дзе дзейнічае рэжым спыненьня агню. Пра гэта ўдзельнікі канфлікту дамовіліся леташняй вясной на перамовах у Астане, якія праходзілі пад патранажам Расеі.
Расейскі Цэнтар па прымірэньні варагуючых бакоў у Сырыі (ЦПВБ) паведаміў, што быў падвергнуты ў аўторак масіраванаму абстрэлу з боку «незаконных узброеных фарміраваньняў», пацярпелых сярод вайскоўцаў РФ няма.