Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскія паўстанцы пад бомбамі рыхтуюцца да наступу войскаў Асада і Расеі


Параненыя ў мэдпункце ў абложаным горадзе ва Ўсходняй Гуце, 20 лютага 2018 году
Параненыя ў мэдпункце ў абложаным горадзе ва Ўсходняй Гуце, 20 лютага 2018 году

У апошнія дні абложаны раён падвяргаецца масіраваным авіяўдарам.

Раён Усходняя Гута ў ваколіцах Дамаску перажывае адзін з самых масіраваных нападаў з боку войскаў Расеі і сырыйскага ўраду за ўвесь час грамадзянскай вайны ў Сырыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Новае кровапраліцьце і разбурэньні выкліканыя авіяўдарамі з выкарыстаньнем «бочкавых бомбаў» і ракет клясы паветра-зямля, у выніку якіх за 48 гадзін загінулі больш за 250 чалавек і яшчэ больш за 1000 атрымалі раненьні. У той час як лекары спрабуюць выратаваць як мага больш жыцьцяў і ампутуюць канцавіны ў імправізаваных шпіталях пад грукат кананады, паўстанцы рыхтуюцца да новага наступу ўрадавых сіл.

У раёне, які некалі налічваў 2 мільёны жыхароў, засталося менш за 400 тысяч чалавек.

На мінулым тыдні ў ваколіцы Ўсходняй Гуты прыбылі шматлікія падмацаваньні сухапутных войскаў на чале з адным зь вядомых генэралаў арміі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада Сугэйлем аль-Хасанам, які камандуе элітным фармаваньнем «Сілы тыгра». Ён аддае перавагу тактыцы выпаленай зямлі — шматдзённых абстрэлаў і авіяўдараў, якія рыхтуюць глебу для выніковага бязьлітаснага наступу.

Усходняя Гута, разьмешчаная ў лукавіне ракі Барада, некалі была аазісам, які забясьпечваў сырыйскую сталіцу садавіной, гароднінай і збожжам. У 2013 годзе раён падвергнуўся хімічнай атацы з боку сырыйскага ўраду, у выніку якой, паводле ўладаў ЗША, загінулі звыш 1400 чалавек. Падзеньне Ўсходняй Гуты азнамянуе канец істотнага неджыхадысцкага супраціву ўраду. Гэта апошні гарадзкі ачаг супраціўленьня Асаду, не кантраляваны баевікамі, зьвязанымі з «Аль-Кайдай».

«Калі Асад абложвае мірных жыхароў ва Ўсходняй Гуце, а потым граміць іх і нават іхныя бальніцы, давайце не прыкідвацца, што гэта проста вайна. Гэта масавае забойства», — напісаў у «Твітэры» выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Кенэт Рот.

Тое, што адбываецца цяпер ва Ўсходняй Гуце, параўноўваюць з штурмам чачэнскай сталіцы, горада Грознага, расейскім войскам у 1994 годзе. Таксама праводзяць параўнаньне і з масавым забойствам басьнійскіх мусульманаў у Срэбраніцы ў час вайны на Балканах.

У ЗША занепакоеныя нападамі сіл Асада на паўстанцкі анкляў ва Ўсходняй Гуце. А Расея ўхваліла напады

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG