У ЗША памёр тэлепрапаведнік Білі Грэм, які быў кансультантам многіх амэрыканскіх палітыкаў і прамаўляў казані да людзей усяго сьвету з тэлеэкрана. Як паведаміў яго афіцыйны прадстаўнік, Грэм памёр у сераду ва ўзросьце 99 гадоў. Паводле Джэрэмі Блума, прадстаўніка Асацыяцыі эвангелістаў Білі Грэма, знакаміты прапаведнік памёр у сваім доме ў Монрэаце, штат Паўночная Караліна.
Грэм быў вельмі ўплывовай асобай — ён меў велізарную, магчыма, самую масавую аўдыторыю ў гісторыі, калі зьвяртаўся да мільёнаў людзей асабіста альбо праз тэлебачаньне.
Яго парадамі карысталіся многія амэрыканскія прэзыдэнты ад Гары Трумэна да Барака Абамы. У нядаўнім тэлесэрыяле «Карона» (пра біяграфіі каралевы Лізаветы II) ён паказаны як духоўны настаўнік маладога брытанскага манарха.