Колішні прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ з 1 кастрычніка заступае на пасаду генэральнага сакратара Паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO).
Як адзначаецца на афіцыйным сайце арганізацыі, 30 верасьня вайсковы камітэт альянсу афіцыйна прыняў адстаўку Енса Столтэнбэрга, які ачольваў арганізацыю з 2014 году.
Енс Столтэнбэрг падзякаваў вайсковаму камітэту за «цяжкую працу і супрацу апошнія 10 гадоў».
«NATO цяпер большае, мацнейшае і больш, чым калі-небудзь, гатовае супрацьстаяць любым выклікам. Для мяне было сапраўдным прывілеем працаваць у якасьці генэральнага сакратара ў шчыльным кантакце з вайсковым камітэтам, начальнікамі ўзброеных сілаў краін Альянсу і вайсковымі прадстаўнікамі. Як бы ні было сумна ісьці ў адстаўку, устойлівасьць і сіла NATO залежаць не ад асобных людзей, а ад калектыву», — заявіў Енс Столтэнбэрг.
Якія прыярытэты вызначыў новы генэральны сакратар NATO
На спэцыяльнай сэсіі Паўночнаатлянтычнай рады Марк Рутэ назваў тры прыярытэты для сваёй дзейнасьці.
«Першае — падтрымліваць моц NATO і забясьпечваць эфэктыўнасьць і надзейнасьць нашай абароны ад усіх пагрозаў», — сказаў ён.
Другім прыярытэтам Марк Рутэ назваў падтрымку Ўкраіны і набліжэньне яе да NATO, а трэцім — умацаваньне партнэрства ўнутры альянсу.
Як адзначае эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, у той жа час новы генэральны сакратар ня даў ніякіх абяцаньняў наконт таго, калі Кіеў фактычна зможа далучыцца да альянсу.
Выступаючы ў штаб-кватэры NATO у Брусэлі зь першым зваротам да прэсы ў новай ролі, Рутэ ўхіліўся ад самых складаных пытаньняў амаль гэтаксама, як гэта рабіў ягоны папярэднік Енс Столтэнбэрг цягам дзесяцігодзьдзя кіраваньня альянсам.
Ня дзіва, напісаў Рыкард Юзьвяк, што Рутэ лічыцца ідэальнай кандыдатурай для гэтай працы пасьля рэкордных 14 гадоў на пасадзе прэм‘ер-міністра Нідэрляндаў і кіраваньня чатырма кааліцыйнымі ўрадамі. Кансэнсус і кампраміс будуць ключавымі паняцьцямі ягонай працы. Гэта можа супакойваць 32 хаўрусьнікаў альянсу, але менш задавальняць тых, хто па-за яго межамі.
Рутэ хваліў Украіну, яе войска за мужнасьць і крэатыўнасьць і сказаў агульныя фразы пра тое, што яна павінна застацца сувэрэннай і незалежнай нацыяй. Ён таксама адзначыў, што цана падтрымкі Кіева цяпер меншая, чым калі б Захад дазволіў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну атрымаць перамогу ў вайне.
У адным з самых кранальных момантаў свайго першага дня Рутэ прыгадаў свой цяжкі дзень на пасадзе прэм’ер-міністра Нідэрляндаў — калі расейскія баевікі зьбілі рэйс MH-17 над усходняй Украінай у 2014 годзе і загінулі амаль 200 ягоных суайчыньнікаў. Паводле яго, тады ён зразумеў, што «канфлікт не абмяжоўваецца толькі франтамі».
Але што да абмеркаваньня сяброўства Ўкраіны ў NATO, Рутэ быў менш упэўнены. Калі Кіеў спадзяецца на хуткае запрашэньне далучыцца да альянсу, то Рутэ гаварыў пра «набліжэньне Ўкраіны да NATO», аднак гэта не выглядала як абяцаньне хуткага сяброўства. Пад ціскам журналістаў ён адзначыў, што найважнейшыя цяпер вайсковыя намаганьні, а не абмеркаваньне магчымых шляхоў далучэньня да альянсу.
Кандыдатуру Марка Рутэ на пасаду генэральнага сакратара NATO назвалі сёлета ў чэрвені.
Для прызначэньня генэральнага сакратара патрабуецца згода ўсіх сяброў Альянсу. Супраць Марка Рутэ выказваліся Вугоршчына, Славаччына й Турэччына, але пазьней зьнялі пярэчаньні.
Вугоршчына зьняла вэта з кандыдатуры Марка Рутэ пасьля таго, як ён даў пісьмовыя гарантыі, што Вугоршчына ня будзе браць удзел у новых плянах Альянсу што да падтрыманьня Ўкраіны.
Форум