Позна ўвечары 13 лютага ў «Менск-Арэне» выступіў брытанскі электронік-рок-гурт Depeche Mode.
Адрозна ад канцэрту чатырохгадовай даўнасьці, аншлягу ня здарылася — кошт квіткоў (у сярэднім 100 даляраў) яўна перавышаў фінансавыя магчымасьці гледачоў. Пры чаканай актыўнасьці ў 12-13 тысяч наведнікаў прададзена прыкладна 8 тысяч квіткоў.
«Невядома, ад чаго аглух — ад гуку ці ад дзяўбня, які крычаў у вуха»
Каманда мелася адыграць у Беларусі яшчэ летась 17 ліпеня, аднак шоў было адменена ў апошні момант. Фронтмэну Дэйву Гаану стала кепска пасьля беларускага абеду, яго даставілі ў 9-ы менскі клінічны шпіталь. За некалькі гадзін да выхаду на сцэну стала зразумела, што ў такім стане ён сьпяваць ня зможа.
У Гаана было канстатаванае вострае кішэчнае атручэньне, мэдыкі апэратыўна аказалі неабходную дапамогу. Спачатку плянавалася, што ён будзе пад кантролем сама меней паўсутак, аднак пасьля ранішняга агляду кансыліюм лекараў прыняў рашэньне, што зорнага пацыента можна выпісваць.
Такім чынам, у рамках маштабнага Global Spirit Tour брытанцы вярнуліся ў Менск задняй датай. Тур пачаўся летась 15 ліпеня ў сталіцы Расеі і пасьля 75 канцэртаў завершыцца ў канцы сёлетняга сакавіка ў бразыльскім Сан-Паўлу.
Менскі плэй-ліст Depeche Mode ня меў стройнай сыстэмы — са сцэны гучалі як улюбёныя старыя гіты, так і новыя рэчы з альбому «Spirit». Надзвычай прыхільна публіка прыняла песьню ў стылі «рэвалюцыйнага плякату» «Where’s the Revolution»: на вялікім экране жорсткія гітарныя рыфы суправаджаліся візуальнай карцінкай маршаваньня ног, а гледачы ў гэты час віталі артыстаў экранамі сваіх тэлефонаў.
У ліку наведнікаў «Менск-Арэны» карэспандэнт Свабоды сустрэў папулярнага беларускага выканаўцу Аляксандра Памідорава. Перадусім абмеркавалі якасьць гуку — падалося, што гукарэжысэры занадта злоўжылі «нізамі», ад чаго к сярэдзіне «сэансу» пачало закладаць вушы.
«Я глядзеў і з танцпляцоўкі, і з розных пунктаў, і па гуку канцэрт падзяліў бы на тры часткі, — дзеліцца ўражаньнямі суразмоўца. — У першай траціне было ня тое каб жахліва, але „мыла“. У другой якасьць гучаньня палепшылася, а калі ў заключнай пайшлі гіты, стала больш-менш нармальна. Тады ўжо „чыталіся“ бляхі на бубнах, хоць бас-гітара і падгуджвала — усё ж асаблівасьці канструкцыі арэны. Так, к сярэдзіне канцэрту трохі вушы пазакладала. Зрэшты, можа, яшчэ таму, што за сьпінай стаяў малады дзяўбень, які ўсю дарогу страшна роў на ўсё горла (сьмяецца). Як бы там ні было, самі па сабе музыкі адпрацавалі выдатна».
«Мэляманам пашчасьціла, што вакаліста не пасьпелі накарміць»
Верхнія ярусы арэны былі зусім пустыя, квіткі туды нават не прадавалі. Незапоўненыя месцы заставаліся і ў сэктарах. Аляксандар Памідораў лічыць, што ажыятажу не спрыяла некалькі прычынаў, у тым ліку асьцярога, што канцэрт зноў можа сарвацца. А яшчэ «дзіўнае цэнаўтварэньне», калі квіткі на танцпляцоўку былі даражэйшыя за партэр.
«Не сказаў бы, што правал, але ведаю, што арганізатары рэалізацыяй таксама не задаволеныя, — працягвае шоўмэн і сьпявак. — Вядома, істотна папсавала сытуацыю ліпеньская гісторыя — шмат хто не рызыкнуў яшчэ раз купляць квіткі. Летась людзі ехалі з Польшчы, Расеі, Казахстану, цяпер іншаземцаў было мала. Гэта па-першае. Па-другое, ставіць цану на танцпляцоўку 70-80 даляраў — досыць дзіўнае рашэньне. Дый больш за 100 даляраў на Depeche Mode — у Эўропе такога наогул няма, там гэта цэньнік за VIP-пляцоўку. Ну а паколькі ў нас ня кожны дзень такое здараецца, іншага не застаецца. Дзякуй Богу, Дэйва гэтым разам нічым не накармілі (сьмяецца)».
Гурт Depeche Mode (у перакладзе з францускай — «Весьнік моды») утвораны ў 1980 годзе ў горадзе Бэзылдан графства Эсэкс. Запачаткавалі ўласны стыль у жанрах электроннай і рок-музыкі і сёньня лічацца адным з найбольш пасьпяховых музычных праектаў сьвету.
Спачатку пазыцыянавалі сябе як квартэт, у яго ўваходзілі Дэйв Гаан (фронтмэн), Мартын Гор (гітара, вакал), Эндзі Флетчар (клявішныя), Вінс Кларк (клявішныя). Апошні пакінуў калектыў пасьля дэбютнага альбому ў 1981 годзе. Вакантнае месца заняў Алан Уайлдэр, а ў выніку разьвітаньня зь ім у 1995 годзе склад канчаткова аформіўся як трыа: Гаан, Гор і Флетчар.
Усяго прададзена блізу 150 мільёнаў копій іх альбомаў, звыш чатырох дзясяткаў сынглаў трапілі ў брытанскі гіт-парад. Часопіс Q назваў Depeche Mode «самай папулярнай групай электроннай музыкі, якую толькі ведаў сьвет», а музычны канал VH1 уключыў каманду ў сьпіс «100 найвялікшых выканаўцаў усіх часоў і народаў». У 2016 годзе Depeche Mode намінаваныя на ўключэньне ў «Залу славы рок-н-ролу».