Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць беларускіх кампаній вырасла ў параўнаньні з папярэднім годам амаль на 10%. Асноўным няплатнікам застаецца Расея — агулам расейскія арганізацыі вінныя беларускім амаль 2 мільярды даляраў.
Як паведамляе тэлеканал АНТ, таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю ў 2017 годзе дасягнуў 32 мільярдаў даляраў. Сьледам павялічыліся і сумы запазычанасьцяў за пастаўленую прадукцыю.
Найбольшыя праблемы зь вяртаньнем грошай адчуваюць канцэрны «Белнафтахім» і «Беллегпрам», а таксама прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. Лідэрам па ўзроўні дэбіторскай запазычанасьці — Менскі трактарны завод.
Як лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў, на фоне значнага таваразвароту сума не катастрафічная, аднак палітыка на разгрузку складоў «любым спосабам» рызыкуе прывесьці да рэзкага падвышэньня гэтага паказьніка.
«Летась адны з самых высокіх тэмпаў росту — у машынабудаваньні. А гэта менавіта той час, калі павялічылі разгрузку складоў. Запасы зьменшыліся, адрапартавалі пра рэалізацыю на экспарт. Але справа ў тым, што выручка была толькі намінальная: нібыта прадалі, але вяртаньне сродкаў не адбылося ў той жа прапорцыі, як вырас аб’ём продажу.
Іншымі словамі, суб’екты гаспадараньня прадавалі прадукцыю або ня вельмі надзейным пакупнікам, або ў беларускія ці сумесныя збытавыя сеткі, і лічылася, што яна апрыёры прададзеная. А насамрэч толькі пераехала з аднаго складу на другі. Ці яшчэ варыянт: прадаецца ў крэдыт, калі пакупнікі абяцаюць разьлічыцца „некалі потым“. А потым з дапамогай пракурораў пачынаецца праца па „выбіваньні“ дэбіторскай запазычанасьці».
Нягледзячы на складанасьці са збытам, прадпрыемствы працягваюць штампаваць прадукцыю — пад абяцаньні аплаты і «чэснае слова» пакупнікоў. Як кажа Леанід Злотнікаў, кола замкнулася: зьверху патрабуюць паказьнікаў росту, зьнізу выконваюць, але ня маюць куды падзець вырабленае. У выніку праблема закручваецца ва ўсё больш тугі клубок.