Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два беларускія выдаўцы трапілі ў шорт-ліст прэстыжнай прэміі. Расказваем пра яе падрабязьней


Ілюстрацыйнае фота з аіфцыйнага сайту прэміі
Ілюстрацыйнае фота з аіфцыйнага сайту прэміі

Беларускія выдаўцы Надзея Кандрусевіч і Дзьмітры Строцаў трапілі ў шорт-ліст прэстыжнай прэміі IPA Prix Voltaire 2025 (прэмія Вальтэ́ра Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў за свабоду публікаваньня). Запыталіся ў старшыні ПЭН і выдаўца, чаму гэта так важна для Беларусі.

Надзея Кандрусевіч і Дзьмітры Строцаў — ня першыя беларусы, заўважаныя ўплывовай Міжнароднай асацыяцыяй выдаўцоў. У 2014 годзе прэміяй Prix Voltaire быў узнагароджаны незалежны беларускі выдавец Ігар Логвінаў, а у 2024 годзе ў шорт-ліст намінантаў трапляў выдавец Андрэй Янушкевіч.

Агулам, акрамя двух беларусаў сёлета ў фінальны сьпіс прэміі Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў увайшлі шэсьць асобаў: з Альжыру, Лібану, ЗША і Расеі.

Трое зь сёлетніх намінантаў-выдаўцоў працягваюць дзейнасьць у выгнаньні — гэта беларусы Надзея Кандрусевіч (у Швэцыі), Дзьмітры Строцаў (у Нямеччыне) і расеец Георгій Урушадзэ (у Вялікай Брытаніі).

Хто такія Надзея Кандрусевіч і Дзьмітры Строцаў

Дзякуючы перакладніцы і выдаўцу Надзеі Кандрусевіч, якая заснавала незалежнае выдавецтва «Коска», па-беларуску загаварылі такія ўлюбленыя многімі дзеткамі пэрсанажы, як Мама Му і Крумкач швэдзкай пісьменьніцы Юі Вісьляндэр, Пэтсан і Фіндус Свэна Нурдквіста, Біль і Боля Гунілі Бэргстрэм і многія іншыя. Надзея больш за 15 гадоў перакладае швэдзкія кнігі на беларускую.

Надзея Кандрусевіч, архіўнае фота
Надзея Кандрусевіч, архіўнае фота

Пасля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў выдавецтва «Koska» былі сканфіскаваныя кнігі і закрыты офіс. З 2022 году Кандрусевіч працягвае працу ў эміграцыі, выдаючы кнігі для беларускіх дзяцей.

Дзьмітры Строцаў — вядомы беларускі паэт і выдавец, ляўрэат шматлікіх літаратурных адзнак: прэміі за свабоду слова Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў, прэміі Ciampi італьянскага выдавецтва Valigie Rosse (абедзьве 2020 году), прэміі імя Тухольскага Швэдзкага ПЭН (2021), прэміі Фонду бібліятэкі Вацлава Гаўла (2021), прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН (2021).

Строцаў таксама змушаны быў эміграваць зь Беларусі пасьля падзеяў 2020 году. Ён заснаваў беларускае выдавецтва Hochroth Minsk (як аддзяленьне нямецкага Hochroth Verlag). Выдавецтва Hochroth Minsk публікуе ў асноўным сучасных беларускіх паэтаў: і тых, хто жыве ў Беларусі, і вымушаных зьехаць з краіны.

Якасьць прадукту

Старшыня Беларускага ПЭН Тацяна Нядбай адзначае, што пасьля 2020 году цікавасьць сьвету да Беларусі зьніжаецца, бо ў сьвеце адбываецца шмат іншых падзеяў, якія мэдыйную актуальнасьць пераключаюць. Таму прыцягваць увагу да Беларусі вельмі важна на самых розных міжнародных плятформах.

Тацяна Нядбай, архіўнае фота
Тацяна Нядбай, архіўнае фота

«Трэба цаніць кожную магчымасьць, калі беларусы здольныя якасьцю свайго прадукту, сваёй дзейнасьцю прыцягнуць міжнародную ўвагу да сваёй культуры. У гэтым выпадку — да выдавецкай дзейнасьці, да выдаўцоў, якія працуюць у вельмі неспрыяльных умовах: многія вымушана з-за мяжы, а камусьці ўдаецца ва ўмовах татальнай цэнзуры захоўваць рэшткі дзейнасьці ў Беларусі. Таму для нас вельмі каштоўная ўвага да беларускай кнігі, да беларускіх незалежных выдаўцоў. Мы радуемся, што калегі заўважаныя, ацэненыя, і спадзяемся, што хтосьці зь іх пераможа», — выказвае надзею Тацяна Нядбай.

«Дзьверы лягчэй адчыняюцца, дамовы лягчэй падпісваюцца»

На думку Дзьмітрыя Строцава, такая ўвага, высокая ацэнка дзейнасьці беларускіх выдаўцоў аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі вельмі важная і для саміх намінантаў.

«Мы, выдаўцы ў выгнаньні, адарваныя ад сваёй глебы, існуем як бы ў падвешаным стане, і нам вельмі важна атрымліваць знакі, сыгналы таго, што нас бачаць, нас заўважаюць, нас прызнаюць як паўнавартасных удзельнікаў эўрапейскага выдавецкага працэсу, і гэта ўмацоўвае нашу рашучасьць працягваць справу», — адзначае Дзьмітры.

Дзьмітры Строцаў
Дзьмітры Строцаў

Зь іншага боку, такое прызнаньне працы незалежных беларускіх выдаўцоў мае важнае значэньне ў вонкавым кантэксьце, мяркуе спадар Строцаў.

«Гэта нашы рэпутацыйныя знакі для тых арганізацыяў, тых партнэраў, зь якімі нам неабходна ўзаемадзейнічаць. Сярод іх ня толькі спонсары, структуры, якія могуць выдаткаваць, да прыкладу, выдавецкі грант. Гэта і дзяржаўныя арганізацыі, партнэры, зь якімі мы дамаўляемся пра ўдзел у міжнародных форумах, кніжных кірмашах. То бо калі прыходзіць запыт на ўдзел, на падтрымку, на супрацу ад арганізацыі, прызнанай у міжнароднай выдавецкай супольнасьці, дзьверы лягчэй адчыняюцца, дамовы лягчэй падпісваюцца.

І гэта важна ня толькі для выдаўцоў, якіх адзначаюць. Гэта важна для ўсёй беларускай выдавецкай супольнасьці», — кажа выдавец Строцаў.

Сярод апошніх кніг, выдадзеных Hochroth Minsk, Дзьмітры адзначае «Хагі Вагі» Марыі Мартысевіч і «Сьвята жыцьця» Фрыдрыха Самотнага. Што да найбліжэйшых плянаў, вялікія спадзяваньні ў яго на выданьне працягу альманаху «Минская школа», які ён выдаваў у Беларусі і плянаваў працягнуць выданьне на эміграцыі.

«Цяпер я займеў падтрымку ад праекту „33 кнігі для Беларусі“ (гэта Ірына Герасімовіч і Сыльвія Засэ ва ўнівэрсытэце Цюрыху), ад Інстытуту Гётэ ў выгнаньні на працяг „Минской школы“. А надрукуе кнігу аўстрыйскае выдавецтва часопіса „Wespennest“(„Асінае гняздо“). Гэта аўтарытэтны аўстрыйскі альманах паэзіі.Там будзе вельмі важны для мяне тэкст „Паэтычны рэпартаж“ у нямецкім перакладзе і пяты выпуск „Минской школы“ па-расейску. Гэта павінна выйсьці ў канцы траўня, а на пачатку чэрвеня ў Вене на вялікім міжнародным фэстывалі пройдзе наша прэзэнтацыя», — дзеліцца плянамі Дзьмітры Строцаў.

Пераможцу прэміі Вальтэ́ра Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў за свабоду публікаваньня ўзнагародзяць 22 траўня на Ўсясьветным форуме выдаўцоў у нарвэскім Лілегамэры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG