Верагодна, аднойчы я вырашу зацяжарыць і нарадзіць дзіця. Магчыма таксама, што ў гэты час я буду па-ранейшаму жыць у Беларусі. І дзяржава, як можа падацца на першы погляд, зацікаўлена ў павелічэньні нараджальнасьці і гатовая ўсяляк гэтаму спрыяць.
Але ёсьць такая гульня — вырываньне з кантэксту. Гульня, па вялікім рахунку, дужа цікавая і, галоўнае, непрадказальная. І менавіта паводле яе правілаў цяперашняя беларуская дэмаграфічная палітыка і будуецца.
Вынікам іх сумеснай маўленчай творчасьці становіцца выснова ў стылі «нараджаюць, абы вісець на шыі ў дзяржавы».
Гуляцца з лічбамі можна бясконца доўга, выстаўляючы Беларусь як найлепшую для нараджэньня дзяцей краіну. Але калі хоць крыху ўгледзецца ў кантэкст, шчасьце мацярынства імгненна ператвараецца ў бесьперапынную барацьбу за выжываньне. Сёньня Лукашэнка кажа, што такой колькасьці льгот для дзяцей няма больш нідзе ў сьвеце, а былая міністарка працы і сацыяльнай дапамогі ахвотна з гэтым пагаджаецца. Вынікам іх сумеснай маўленчай творчасьці становіцца выснова ў стылі «нараджаюць, абы вісець на шыі ў дзяржавы», а гэта несправядліва і ўвогуле, як кажуць, не па-людзку.
Нельга абмяркоўваць ільготы як нейкую ізаляваны ад навакольля дзяржаўны мэханізм. У Беларусі вельмі доўгі дэкрэтны «адпачынак»? Дык у нас няма ясьляў пры прадпрыемствах, працадаўцы не гатовыя дазволіць маці ці бацькам прыходзіць на працу з дзецьмі, сярэднестатыстычная сям’я ня можа наняць няню на поўны працоўны дзень, а дапамога бабуль і дзядуль можа разглядацца толькі як прыемны бонус, а не як абавязак, да якога магла б апэляваць дзяржава. Для таго, каб зьменшыць працягласьць дэкрэту, трэба альбо ствараць адпаведную інфраструктуру, альбо агулам падвышаць якасьць жыцьця. Сёньняшнія ж дзіцячыя садкі не спраўляюцца з ужо існуючай нагрузкай, а калі тэрмін дэкрэту зьніжаць, сытуацыя будзе яшчэ больш сумнай.
Як толькі жанчыны кажуць пра брудныя душавыя, у адказ яны чуюць «затое ўсе жывыя».
Але рэч ня толькі ў ільготах. У Беларусі, напрыклад, добрая статыстыка па сьмяротнасьці сярод немаўлят і парадзіх. Гэта і праўда добры фактар, на які спасылаюцца ў дзевяці выпадках з дзесяці для таго, каб апраўдаць жудасныя ўмовы знаходжаньня ў радзільнях. Як толькі жанчыны кажуць пра брудныя душавыя, якія працуюць некалькі гадзін на дзень, пра непрымальнае стаўленьне мэдпэрсаналу і пра неабгрунтаваныя прыніжальныя ці балючыя маніпуляцыі, у адказ яны чуюць «затое ўсе жывыя».
Большасьць гісторый пра роды ў Беларускіх лякарнях — гэта гісторыі пра прыніжэньні, абясцэньваньні і ігнараваньне жаданьняў і патрэбаў жанчын. Пад хэштэгам #янарадзілатут у фэйсбуку можна прачытаць драматычныя і нават трагічныя гісторыі жанчын, для якіх роды сталі траўмай менавіта з-за стаўленьня тых, у чыіх руках была ў той час улада: дактары праводзяць гінэкалягічныя агляды ў прысутнасьці іншых жанчын, высьмейваюць і адкрыта прыніжаюць за скаргі на боль. І безьліч, безьліч злоўжываньняў.
Маці ўсьміхнулася і сказала «там гаркнуць так, што ляжаш, як міленькая».
Аднойчы маці штосьці расказвала мне пра свае роды, і я запыталася: а што, калі жанчына адмовіцца ў патугах класьціся на сьпіну? Маці ўсьміхнулася і сказала «там гаркнуць так, што ляжаш, як міленькая». І гэтае «гарканьне» — таксама частка беларускай дэмаграфічнай палітыкі, таму што яно — не выключэньне з правілаў, а норма, якой вучаць яшчэ ў мэдычным інстытуце.
Жанчыну-маці «сытэма» ўспрымае як непаслухмяны мэханізм, які ўвесь час нібыта спрабуе нашкодзіць дзіцяці (сапсаваць прадукт), і таму дзяржава галоўным сваім абавязкам лічыць кантроль. Спачатку жанчын шантажуюць грашыма: стань на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасьці і атрымай у выніку дадатковыя выплаты. З часам кантроль пашыраецца і пашыраецца. Штатныя псыхолягі дзіцячых садкоў, лякарняў і школ праводзяць без дазволу бацькоў сумнеўныя тэсты і робяць па іх адназначныя і глябальныя па сваёй маштабнасьці высновы. Школьныя настаўніцы ходзяць па кватэрах, ня толькі правяраючы наяўнасьць спальнага і працоўнага месца дзіцяці, але і шукаючы пыл у кухні на падваконьні. У ліцэі ў Баранавічах бацькі запаўняюць анкету, у якой, сярод іншага, указваюць матэрыял падлогі і вокнаў.
Грошы на пабудову дзіцячага хосьпісу зьбіралі ўсёй краінай.
Але ўлады шчыра ўпэўненыя, што ў Беларусі створаны вельмі добрыя ўмовы для нараджэньня і гадаваньня дзяцей. Яны кажуць, што дзяржава, у выпадку чаго, дапаможа і падтрымае. Але пры гэтым грошы на пабудову дзіцячага хосьпісу зьбіралі ўсёй краінай.
Верагодна, аднойчы я захачу зацяжарыць і нарадзіць дзіця. Але адважыцца на гэта ў Беларусі будзе вельмі няпроста.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.