Паўднёва-Сахалінскі гарнізонны вайсковы суд у Расеі прысудзіў 15 гадоў зьняволеньня жыхару Сахаліну Раману Іванішыну, якога прызналі вінаватым у добраахвотнай здачы ў палон і ў дэзэртырстве, паведамляе газэта «Коммерсантъ». Гэта першы ў Расеі вайсковец, якога асудзілі за здачу ў палон.
Вайскоўца пазбавілі званьня малодшага сяржанта. Абвінавачаньне патрабавала для Іванішына 16 гадоў зьняволеньня, абарона настойвала на апраўданьні.
Вайсковец не прызнаў віны. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Артыкул пра добраахвотную здачу ў палон уключылі ў Крымінальны кодэкс Расеі ў верасьні 2022 году, пасьля пачатку так званай частковай мабілізацыі. Тады ўвялі больш жорсткія пакараньні за шэраг злачынстваў, зьвязаных з вайсковай службай. Пра першую крымінальную справу за здачу ў палон стала вядома ў красавіку 2024 году — відаць, гэта і была справа супраць Іванішына.
Іванішын працаваў горным майстрам на Сахаліне, потым яго мабілізавалі. На апублікаваным у інтэрнэце відэа ён апавядаў, што ў чэрвені 2023 году трапіў у палон Узброеных сіл Украіны ў раёне вёскі Сьцяпное Валнаваскага раёну Данецкай вобласьці. Ён выступіў супраць вайны і заклікаў іншых вайскоўцаў да ўцёкаў, пісаў «Коммерсантъ». Паводле вэрсіі сьледзтва, ён двойчы спрабаваў здацца ў палон УСУ.
У студзені 2024 году Іванішына абмянялі на ўкраінскіх вайскоўцаў, а потым адправілі пад сьледзтва.
Форум