29 студзеня міністэрства фінансаў ЗША падала ў Кангрэс «крамлёўскі даклад» — сьпіс расейскіх грамадзянаў, 114 чыноўнікаў і 96 бізнэсоўцаў, якія маюць шчыльныя кантакты з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Даклад быў пададзены ў Кангрэс у парадку выкананьня закону «Аб супрацьдзеяньні супернікам Амэрыкі з дапамогай санкцыяў» (CAATSA).
Разам з тым, як паведаміў ананімны прадстаўнік дзярждэпартамэнту, Белы дом устрымаецца ў найбліжэйшы час ад увядзеньня новых санкцый супраць расейскіх грамадзянаў і расейскіх фірмаў.
І прырода сьпісу, і адмова ад новых санкцыяў выклікалі нямала крытыкі. Паводле экспэртаў сьпіс збольшага ўяўляе сабой даведнік крамлёўскай адміністрацыі плюс сьпіс расейскіх мільярдэраў паводле часопісу Forbes. Многія чакалі, што сьпіс будзе ўтрымліваць імёны тых расейскіх бізнэсоўцаў, якія асабліва шчыльна зьвязаныя з Крамлём, зьяўляюцца яго «кашалькамі», фінансуюць расейскія дзяржаўныя праекты, якія шкодзяць міжнароднай бясьпецы. Калі такімі абвяшчаюцца фактычна ўсе багатыя людзі Расеі, гэта падрывае эфэктыўнасьць гіпатэтычных санкцыяў. Калі вінаватым лічыцца кожны, то не вінаваты ніхто.
З другога боку, закон, дзеля выкананьня якога складзены сьпіс, грунтуецца на меркаваньні, што сьпіс грамадзянаў Расеі, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, павінны быць пашыраны. У адказ у сухой рэшце заяўлена, што гэты сьпіс у бліжэйшы раз пашырацца ня будзе.
Чаму не былі ўведзеныя новыя санкцыі?
Чаму было прынятае такое рашэньне? Так выглядае, што ў немалой ступені гэта вынік унутрыпалітчнай барацьбы ў ЗША. Варта прыгадаць, што адміністрацыя прэзыдэнта Трампа успрымала прыняцьцё адпаведнага закону даволі стрымана. І не таму, што была ў прынцыпе супраць санкцыяў і супраць пашырэньня санкцыйнага сьпісу расейскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, а таму што бачыла ў законе пэўны замах на прэрагатывы выканаўчай улады.
На думку прэзыдэнта і яго каманды справа Белага дому — вызначаць, калі і ў якім абʼёме канкрэтна ўводзіць санкцыі. А закон паводле выканаўчай улады пазбаўляў яе магчымасьці весьці зьнешнюю палітыку, ператвараючы ў своеасаблівую пячатку на адпаведных рашэньнях Кангрэсу.
У адказ Трамп ня стаў наўпрост супрацьдзейнічаць закону, ён проста абышоў яго, да пэўнай ступені пазбавіўшы сэнсу. Заканадаўцы меркавалі пакараць Расею за ўмяшаньне ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары, Трамп наконт гэтага ўмяшаньня мае сваю думку. Калі б ён пашырыў санкцыйны сьпіс, гэта магло б разглядацца, як прызнаньне, што маюць рацыю апанэнты прэзыдэнта.
Што мацней: сіла ці санкцыі?
Акрамя матыву адстойваньня сваіх канстытуцыйных прэрагатываў і палітычных інтарэсаў Трамп, гледзячы па ўсім, кіраваўся і ўласным бачаньнем шляхоў супрацьстаяньня расейскай пагрозе, адрозным ад бачаньня аўтараў закону аб санкцыях.
Да краху камуністычную сыстэму, калі казаць пра зьнешні ўплыў, прывялі не асабістыя фінансавыя санкцыі супраць функцыянэраў гэтай сыстэмы, а клясычныя сродкі ваенна-палітычнага стрымліваньня. У сваю чаргу санкцыі, якія ўжо дзейнічаюць адносна расейскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, не прывялі да вяртаньня Ўкраіне Крыму і Данбасу, не стрымалі дзеяньні Масквы ў Сірыі. З чаго вынікае, што новыя, больш шырокія санкцыі прывялі б да гэтых наступстваў?
Цалкам імаверна, што не прывялі б, а адно ўзмацнілі б закрытасьць расейскага грамадзтва, паглыбілі б у Расеі сындром «асаджанай крэпасьці».
Як вынікае з сёлетняга штогадовага пасланьня Трампа ён у супрацьстаяньні расейскай (і кітайскай) пагрозам больш спадзяецца на традыцыйныя шляхі стрымліваньня — павялічэньне выдаткаў на абарону і аднаўленьне ядзернага патэнцыялу.
З гэтага зусім не вынікае, што ён наагул адмаўляецца ад санкцыйных сродкаў, што ён ніколі не пашырыць санкцыйны сьпіс адносна Расеі. Ён пакідае за сабой розныя магчымасьці, санкцыйныя ў тым ліку. У сваім штогадовым пасланьні ён адзначыў, што Расея і Кітай — суперніцы Амэрыкі, «якія кідаюць выклік яе інтарэсам, яе эканоміцы і яе каштоўнасьцям».
Такое бачаньне, узгадка разам Расеі і Кітаю, у нечым тлумачыць прыроду «крамлёўскага сьпісу», абнародаванага 29 студзеня. Ніхто ж ня кажа пра кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, шчыльна зьвязаных з Сі Цзінпінам. Не ў асобе старшыні КНР справа. Дык можа і адносна Расеі — таксама не ў асобе? Усе зьвязаныя, усе — часткі сыстэмы.
Пра гэта і сьведчыць фармальны на першы погляд характар сьпісу. І санкцыі Трамп будзе ўводзіць тады і супраць таго, калі і супраць каго палічыць патрэбным ён. І гэта можа быць любы са сьпісу ці нават усе. Але пакуль прэзыдэнт ЗША лічыць больш эфэктыўнымі іншыя сродкі стрымліваньня.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.