Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва прадоўжыць абмежаваньні супраць грамадзян Беларусі да 2 траўня 2026 году


Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота
Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота

У парлямэнце не выключаюць новых санкцый супраць Беларусі пасьля выбараў 26 студзеня 2025 году.

Міністэрства замежных спраў Літвы падрыхтавала і накіравала на разгляд у парлямэнт праект закону аб працягу дзеяньня абмежавальных мераў датычна грамадзян Беларусі і Расеі, уведзеных у 2023 годзе.

«Поўнамаштабная вайна, разьвязаная 24 лютага 2022 году Расейскай Фэдэрацыяй супраць Украіны, дагэтуль працягваецца, таму прычыны для працягу [нормаў] закону ня зьніклі. Дзеяньні Расеі нэгатыўна ўплываюць ня толькі на бясьпеку Эўразьвязу і сябраў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, але і на бясьпеку Эўропы ў цэлым», — адзначаецца ў апублікаваным на сайце Сейму Літвы тлумачэньні МЗС да праекту закону.

Як вынікае з інфармацыі парлямэнту, праект закону зарэгістравалі 20 сьнежня, калі ўжо пачаў працаваць новы ўрад Літвы, сфармаваны пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Згодна з нацыянальным заканадаўствам дэпутаты могуць прапанаваць свае варыянты адпаведнага праекту закону і дапоўніць яго больш жорсткімі нормамі, як гэта адбылося летась, калі дадаткова ўвялі новыя візавыя абмежаваньні.

Кіраўнік Сейму Саўлюс Сквярняліс у інтэрвію агенцтву BNS ня выключыў, што датычна Беларусі санкцыі могуць пашырыцца пасьля выбараў у 2025 годзе.

«Я ня маю сумневаў, што мы сутыкнёмся зь велічэзнымі выклікамі пасьля таго працэсу, які будзе называцца выбарамі ў Беларусі. Пытаньне санкцый і маштабаў санкцый, асабліва датычна Беларусі, хутчэй за ўсё, зьменіцца, але ня ў бок паслабленьня. Гаворка ідзе аб пагрозе нашай нацыянальнай бясьпецы», — сказаў Саўлюс Сквярняліс.

Аднак, паводле яго, усе абмежаваньні павінны быць «разумнымі» і не павінны парушаць інтарэсы людзей, якіх Літва запрасіла да сябе жыць і працаваць. «Але ўсё павінна разглядацца праз прызму бясьпекі», — сказаў кіраўнік літоўскага парлямэнту.

  • Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка 2023 году.
  • Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
  • Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага дазволу на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране.
  • У 2024 годзе ў закон увялі дадатковыя абмежаваньні на атрыманьне грамадзянамі Беларусі шэнгенскіх візаў у замежных консульскіх установах Літвы. Цяпер іх выдаюць толькі ў выпадку, калі пасярэднікам у падачы дакумэнтаў на візу выступае Міністэрства замежных спраў Літвы.
  • Закон прадугледжвае дадатковыя праверкі грамадзян Беларусі пры ўезьдзе на тэрыторыю Літвы, а таксама забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, краіна паходжаньня якіх — Расея або Беларусь. Сьпісы сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, забароненых да ўвозу, будзе зацьвярджаць урад.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG