Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць Міхася Жызьнеўскага ўшанавалі актывісты з шасьці гарадоў


Малітва
Малітва

22 студзеня — чацьвёртая гадавіна трагічнай сьмерці Героя Ўкраіны, беларуса Міхаcя Жызьнеўскага. Ушанаваць памяць героя на могілкі ў вёску Сьцяг Працы пад Гомлем, дзе пахаваны Жызьнеўскі, прыехалі актывісты з абласнога цэнтру, Менску, Берасьця, Полацку, Бабруйску, Сьветлагорску.

Ад вясковай дарогі да могілак калёна ў паўсотні чалавек пешшу рушыла па сьнезе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая сказала, што трэці год запар актывісты руху супольна зь іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі наймаюць аўтобус і едуць у вёску Сьцяг Працы да Міхася Жызьнеўскага, каб пакланіцца яго сьветлай постаці.

Малітва за героя Ўкраіны і Беларусі

Жалобная імпрэза пачалася з малітвы за спачын душы Міхася, за Беларусь і яе герояў, якую прачытаў дыякан Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікалай Бамбіза.

Гомельскі грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора, прамаўляючы каля магілы Жызьнеўскага, сказаў:

«Сюды мы прыходзім таму, што Міхась Жызьнеўскі — гэта адзіны і для нас усіх сымбаль змаганьня за вольную Беларусь, хоць ён і загінуў ва Ўкраіне. Будзе ўсё нармальна ва Ўкраіне — мы вельмі спадзяёмся на гэта, будзе гэтак жа добра і ў Беларусі. Не было б падобных ахвяр, не было б свабоднай Украіны і сувэрэннай Беларусі».

Выступае Ўладзімер Кацора
Выступае Ўладзімер Кацора

Прамоўца дадаў, што напярэдадні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі беларусам трэба ўзгадаць усіх выбітных змагароў за свабоду нашай краіны, хоць дакладна і невядома, дзе спачывае прах кіраўніка паўстаньня супраць расейскага царызму Кастуся Каліноўскага, а таксама змагароў з бальшавіцкай уладай з Слуцкага збройнага чыну.

Вайна — гэта ўвасабленьне амбіцый

Слова Славаміра Адамовіча
Слова Славаміра Адамовіча

Каля магілы Жызьнеўскага слова трымаў беларускі паэт, адзін зь першых палітычных зьняволеных у сучаснай Беларусі Славамір Адамовіч.

Міхась Жызьнеўскі, па яго словах, — гэта напамінак усім, што «барацьба і змаганьне для нас, жывых, застаюцца актуальнымі», гэта «напамінак нам, існым, што мы павінны дзейнічаць і змагацца, каб ідэалы, за якія загінуў і Міхась, былі спраўджаныя як у нас, так і ў нашай цудоўнай суседкі на поўдні — Украіне».

Творца выказаў спадзеў і жаданьне, каб героі «Нябеснай сотні» былі апошнімі ахвярамі ў змаганьні за свабоду і годнасьць як ва Ўкраіне, гэтак і ў Беларусі, і прачытаў свой верш пра вайну. Колісь вайна была толькі паэтычнымі фантазіямі, а цяпер рэальна закранула нашу суседку з поўдня:

«Што такое вайна? Гэта ўвасабленьне амбіцый
у сталёвыя формы ракетна-ядравых комплексаў;
гэта ўзяцьце і здача, узяцьце і здача пазыцый,
і прашытыя буйнакалібэрным белыя крокусы».

«За нашу і вашу свабоду!»

У высокім сасоньніку па-над магілай Жызьнеўскага пранізьліва загучала песьня ў выкананьні паэта-барда Зьмітра Захарэвіча, прысьвечаная паўстанцам 1831 і 1863 гадоў.

«Яны, як і Жызьнеўскі, — сказаў Захарэвіч, — змагаліся пад лёзунгам «За нашу і вашу свабоду!»

«Прымглёны туманом сьвітанак.
Бывай, стары бацькоўскі дом!
У засень паркаў ды альтанак
Ці вернемся мы са шчытом?»

Пасьлядоўнікі-добраахвотнікі

З Наваполацку на магілу Жызьнеўскага прыехала Людміла Посьпіх, маці асуджанага на 5 гадоў — паводле афіцыйнага абвінавачаньня, за незаконны абарот і кантрабанду выбуховага прыстасаваньня — Тараса Аватарава. Ён ваяваў у Данбасе на баку Ўкраіны.

«Мой сын, як і Міхась Жызьнеўскі, пайшоў добраахвотнікам ваяваць за незалежнасьць Украіны, і яго першага асудзілі за гэта ў Беларусі. Улады думалі, што людзі ад нас адвернуцца, як ад праклятых. А яго прызналі палітвязьнем і ў Беларусі, і ва Ўкраіне», — сказала спадарыня Посьпіх.

Яна дадала, што хоча асабіста пакланіцца бацькам Міхася, ягонай сястры Наташы, якіх да гэтага часу не сустракала. Сын Людмілы, паводле яе слоў, ведаў, што яна выпраўляецца ў Гомель, і падтрымаў гэтую далёкую паездку. Свой выступ Людміла скончыла заклікамі «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне!».

Воклічамі: «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!», «Героям слава!» суправаджаўся амаль кожны выступ.

Прамаўляе Валянціна Логвін
Прамаўляе Валянціна Логвін

Пра гісторыю станаўленьня незалежнасьці Ўкраіны й Беларусі коратка нагадала сябра прэзыдыюму Ўкраінскай усясьветнай рады Валянціна Логвін, якая жыве і працуе ў Менску.

«Чаму я тут»

Першы старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які таксама выступіў на імпрэзе, сказаў, што лічыць сваім абавязкам 22 студзеня быць каля магілы Міхася Жызьнеўскага, бо і пасьля Міхася людзі гінулі і на Майдане, і на вайне, разьвязанай Расеяй на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Прамоўца прыгадаў і Міхасёвага камандзіра — Міколу Карпюка, якога выкралі ў Кіеве расейскія спэцслужбы, а потым асудзілі ў Грозным на 23 гады зьняволеньня, хоць Мікола ніколі да таго ў Чачэніі ня быў.

Вячаслаў Сіўчык (зьлева)
Вячаслаў Сіўчык (зьлева)

«Мой пабрацім Карпюк ужо 22 студзеня 2014 году дзякаваў Беларусі за тое, што яна ўзгадавала такога сына, як Міхась Жызьнеўскі. Мы і цяпер жывём у такі час, калі ад кожнага патрабуецца мужнасьць і разуменьне таго, што адбываецца вакол нас. І тое, што супраць Украіны, супраць Беларусі стаіць расейскі імпэрыялізм — гэта нелюдзтва. Але велічная постаць Міхася Жызьнеўскага дазваляе глядзець у будучыню з асьцярожным аптымізмам», — сказаў Сіўчык.

Свой шлях

Сьмерць Міхася Жызьнеўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 году падчас Рэвалюцыі годнасьці (Эўрамайдану) была адной зь першых у супрацьстаяньні зь сілавікамі, ляяльнымі былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу. Жызьнеўскага застрэлілі на барыкадах на вуліцы Грушэўскага. Куля снайпэра прабіла драўляны шчыт і трапіла Міхасю ў сэрца.

Зьніч запаліла Алена Талстая
Зьніч запаліла Алена Талстая

Тых, хто загінуў на Эўрамайдане, украінцы назвалі «Нябеснай сотняй». Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла адмысловы ордэн Герояў Нябеснай Сотні — у гонар асобаў, якія загінулі падчас украінскай рэвалюцыі. Пасьмяротна такім ордэнам узнагародзілі і Міхася Жызьнеўскага.

13 чэрвеня 2017 году, пасьля зьменаў у нацыянальным заканадаўстве, калі зьявілася магчымасьць і замежных грамадзян уганараваць найвышэйшай узнагародай, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб прысваеньні Міхасю Жызьнеўскаму званьня Героя Ўкраіны. Залатую Зорку і грамату ўкраінскі прэзыдэнт уручыў у сваёй рэзыдэнцыі бацькам Міхася Жызьнеўскага, якія прыехалі ў Кіеў з Гомля. Парашэнка назваў Міхася «вялікім беларусам і вялікім украінцам», які паклаў сваё жыцьцё за свабоду Ўкраіны і Беларусі.

Раней Кабінэт міністраў Украіны прызначыў бацькам беларуса Жызьнеўскага пажыцьцёвую стыпэндыю.

У Гомлі Міхась вучыўся на газазваршчыка, займаўся рэканструкцыяй сярэднявечных дасьпехаў у рыцарскім клюбе, наведваў сэкцыю каратэ, а яшчэ дапамагаў у Навабеліцкай царкве айцу Ўладзімеру падчас сьвяточных набажэнстваў, бо марыў вучыцца ў духоўнай сэмінарыі.

Міхаіл Жызьнеўскі на Майдане, архіўнае фота
Міхаіл Жызьнеўскі на Майдане, архіўнае фота

Ва Ўкраіну Міхась Жызьнеўскі зьехаў у семнаццацігадовым узросьце таемна. Маці кажа, што зьвёў яго кіраўнік рыцарскага клюбу, які заблытаўся ў пазыках, выконваючы замовы на выраб сярэднявечных панцыраў. Іншыя лічаць, што Жызьнеўскі ззамаладу шукаў у жыцьці свой шлях.

Пасьля пераездаў з гораду ў горад Міхась асталяваўся ў Белай Царкве, што за дзевяноста кілямэтраў ад Кіева. Зарабляў на жыцьцё мантажнікам па ўсталёўваньні вокнаў. Захапляўся страйкболам. З гэтай прычыны далучыўся да УНА-УНСО, дзе была добрая страйкбольная каманда. На Майдане быў зь першых дзён яго існаваньня. Зваўся Аляксеем або імем скандынаўскага міталягічнага героя — Локі.

Прыежджыя актывісты ўсклалі вянкі й жывыя кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму. Сярод тых, хто трымаў бел-чырвона-белыя сьцягі, была й 72-гадовая мянчанка Ніна Багінская.

Ніна Багінская (зьлева)
Ніна Багінская (зьлева)

На завяршэньне імпрэзы каля магілы беларускага Героя Ўкраіны прысутныя прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Герой Украіны Міхась Жызьнеўскі. Гісторыя жыцьця, сьмерці і ўганараваньня

Кіяўляне сёньня прыйшлі ўшанаваць першых ахвяраў Рэвалюцыі Годнасьці — Міхася Жызьнеўскага ды Сяргея Нігаяна. Яны прынесьлі кветкі да сымбалічных помнікаў. На фота — саматужны помнік Міхасю Жызьнеўскаму на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG