Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Міхала Жызьнеўскага атрымліваюць ад уладаў Украіны 230 BYN штомесяц


Архіўнае фота. Бацькі беларуса Міхася Жызьнеўскага, які пасьмяротна атрымаў узнагароду "Герой Украіны". На магіле сына. Гомель, 14 чэрвеня 2017 году
Архіўнае фота. Бацькі беларуса Міхася Жызьнеўскага, які пасьмяротна атрымаў узнагароду "Герой Украіны". На магіле сына. Гомель, 14 чэрвеня 2017 году

Кабінэт Міністраў Украіны прызначыў пажыцьцёвую стыпэндыю бацькам беларуса Міхала Жызьнеўскага — аднаго зь першых забітых на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас падзей Эўрамайдану ў студзені 2014 году.

Паводле выданьня Цензор.НЕТ са спасылкай на Міністэрства сацыяльнай палітыкі, бацькі Героя Нябеснай Сотні, грамадзяніна Беларусі Міхала Жызьнеўскага цяпер будуць мець магчымасьць атрымліваць пажыцьцёвую стыпэндыю праз банкаўскі рахунак, адкрыты ў адным з украінскіх банкаў.

Як паведаміла Свабодзе маці забітага Ніна Жызьнеўская, дапамога складае 230 BYN у месяц і сям’я атрымлівае яе ўжо больш за год.

«Спачатку прызначылі стыпэндыю, і толькі празь нейкі час далі зорку Героя Ўкраіны. Гэтае званьне сымбалічнае, ніякай матэрыяльнай дапамогі не нясе. Але, прынамсі, цяпер ніхто не чапае магілу сына — ведаюць, што там пахаваны Герой Украіны. Гэта вельмі важна», — сказала Ніна Жызьнеўская.

Міхал Жызьнеўскі стаў першым замежным грамадзянінам, уганараваным званьнем Герой Украіны. 13 чэрвеня ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка ўручыў зорку Героя Ўкраіны яго бацькам — Міхаілу і Ніне Жызьнеўскім.

У 2015 годзе кіраўнік дэпартамэнту спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк заяўляў, што актывісты Эўрамайдану Раман Сенік і Міхал Жызьнеўскі былі забітыя ў студзені 2014 году кулямі, якія выкарыстоўваюць у МУС для спыненьня транспартных сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG