«Нарэшце!» — так сацыяльныя сеткі ва Ўкраіне адрэагавалі на ўганараваньне званьнем Героя Ўкраіны беларуса Міхася Жызьнеўскага. Залатую зорку героя атрымалі бацькі — Міхаіл і Ніна Жызьнеўскія — у Кіеве падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Менавіта бацькі набліжалі гэты дзень, неаднаразова зьвяртаючыся да ўкраінскіх ўладаў з просьбай ўшанаваць свайго сына пасьмяротна найвышэйшай узнагародай Украіны. Такім чынам яны хацелі спыніць хвалю абразаў і абвінавачаньняў у «бандэраўшчыне», якія пасыпаліся ў Беларусі на іхную сям’ю адразу пасьля гібелі Міхася.
«Забілі Локі!»
Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Бэркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей. Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжаньня Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызьнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацьвёра зь іх — у выніку агнястрэльных раненьняў у грудзі, шыю і галаву. Каля 200 пратэстоўцаў атрымалі раненьні.
У штабе нацыянальнага супраціўленьня, дзе аказвалі мэдычную дапамогу параненым, нават не адразу ўдалося высьветліць прозьвішча беларуса — актывісты былі разгубленыя з прычыны гібелі замежнага грамадзяніна. Яго ведалі як Аляксея. Часам ён прадстаўляўся Локі. Казаў, што выбраў гэтае імя са скандынаўскай міталёгіі — так звалі бога хітрасьці і падману, які быў адначасова станоўчым ды адмоўным героем.
Міхась Жызьнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту зь першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан.
Уцёкі ва Ўкраіну
Міхась Жызьнеўскі прыехаў ва Ўкраіну ў 2005 годзе, калі яму было 17 гадоў. Як распавядала маці, Ніна Жызьнеўская, кіраўнік рыцарскага клюбу, у якім займаўся Міхась, узяў яго з сабою ў якасьці «жывога шчыта»: нібыта ён пазычыў грошы на выраб сярэднявечных дасьпехаў, але пазыку не вярнуў і вымушаны быў уцякаць, хаваючыся ва Ўкраіне. Але сам Міхась пераконваў сваіх сяброў з УНА-УНСО, што зьехаў зь Беларусі праз палітычны перасьлед.
Ва Ўкраіне Міхась спачатку спрабаваў замацавацца ў Данецку, потым у Крывым Рогу і Кіеве. Урэшце спыніўся ў Белай Царкве, што ў 90 кілямэтрах ад украінскай сталіцы. Менавіта там ён працаваў зваршчыкам і мантажнікам вокнаў. Ягоныя сябры сьцьвярджалі, што гэтая праца для Локі была толькі сродкам заробку — ён працягваў цікавіцца гісторыяй, міталёгіяй, вайсковай справай і рыцарскім рухам. Міхась займаўся страйкболам і, дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму захапленьню далучыўся да УНА-УНСО — у гэтай арганізацыі была выдатная страйкбольная каманда.
Пасьля ўцёкаў ва Ўкраіну Міхась Жызьнеўскі не кантактаваў зь сям’ёю на працягу 7 гадоў. Што праўда, у 2014 годзе плянаваў паездку да бацькоў у Гомель.
Разьвітаньне ў дзень нараджэньня
У дзень нараджэньня, калі Міхасю Жызьнеўскаму павінна было споўніцца 26 гадоў, зь ім разьвітваліся ў Міхайлаўскім саборы Кіева. Пасьля паніхіды, на якую прыйшлі каля 10 тысяч чалавек, труну пад выгукі «Герой» і «Жыве Беларусь!» несьлі па некалькіх вуліцах Кіева, праз майдан Незалежнасьці да барыкадаў на вуліцы Грушэўскага, дзе ён загінуў.
Самы вядомы герой Нябеснай сотні
У часе Рэвалюцыі годнасьці загінулі больш як 100 украінцаў. Усе яны пасьмяротна былі ўганараваныя званьнем Героя Ўкраіны. За выключэньнем двух замежных грамадзян — беларуса Міхася Жызьнеўскага і грузіна Давіда Кіпіяні. Для ўкраінцаў яны ўсё роўна заставаліся героямі, хоць і бяз зоркі. Абодва сталі рыцарамі ордэна Герояў Нябеснай сотні — гэтая ўзнагарода была заснаваная ў 2014 годзе ўжо пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне.
Можна сьцьвярджаць, што Міхась Жызьнеўскі стаў адным з самых вядомых герояў ва Ўкраіне. Яго памятаюць і шануюць:
У 2015 годзе была заснаваная ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія памяці Міхася Жызьнеўскага «Воін сьвятла». Яе штогод прысуджаюць украінскаму і беларускаму аўтару за стварэньне вобраза героя, які адстойвае свабоду і справядлівасьць.
(каб праглядзець фотагалерэю цалкам, націсьніце на фота)
У 2016 годзе імем Міхася Жызьнеўскага перайменавалі вуліцу Германа Цітова ў горадзе Оўруч Жытомірскай вобласьці.
У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ёсьць два помнікі беларусу Міхалу Жызьнеўскаму, у тым ліку на месцы ягонай гібелі пасярэдзіне праезнай часткі вуліцы Грушэўскага, а таксама памятная дошка на вуліцы Беларускай і іншыя памятныя знакі з партрэтам Міхася.
Шлях да зоркі
Ва Ўкраіне больш як тры гады ішлі дыскусіі, як ушанаваць вышэйшай узнагародай замежных грамадзян, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці. У парлямэнт накіроўваліся некалькі варыянтаў адпаведнага законапраекту.
І толькі сёлета ў красавіку Вярхоўная Рада Ўкраіны на ініцыятыву прэзыдэнта ўхваліла зьмены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах», згодна зь якімі званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца як выключэньне тым замежным грамадзянам, якія ўжо «ўзнагароджаныя ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а таксама за зьдзяйсьненьне выключнага геройскага ўчынку, зьвязанага з адстойваньнем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека падчас Рэвалюцыі годнасьці (лістапад 2013-га — люты 2014 году)».
З 2016 году бацькі — Міхаіл ды Ніна Жызьнеўскія — атрымліваюць і пажыцьцёвую пэнсію, прызначаную ўказам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі на ўшанаваньне памяці іхнага сына.
Няпросты выбар для Лукашэнкі
Падчас вясновых акцыяў пратэсту ў Беларусі дзяржаўныя СМІ выкарыстоўвалі факт гібелі Міхася Жызьнеўскага ў прапагандысцкіх фільмах, малюючы нэгатыўны вобраз Эўрамайдану. Ды і сам Аляксандар Лукашэнка, калі закранаў тэму ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе, выказваўся даволі рэзка, хоць і пазьбягаў згадваць імя Міхася Жызьнеўскага.
«З тымі, хто сёньня ваюе, мы разьбярэмся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэньне: калі ты пайшоў ваяваць (гэта значыць забіваць) — ня важна, на баку Данбаса ці супраць яго, — то мы зь цябе спытаем. Гэта адзінкі, можа, нейкія два дзясяткі чалавек. Адзін на Майдане паваяваў — труп прывезьлі», — заявіў ён у 2015 годзе падчас наведваньня Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне.
Дарэчы, ва Ўкраіне наведваньне мэмарыялу на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве стала пратакольным захадам для ўсіх афіцыйных замежных дэлегацый. І, верагодна, у кіраўніка Беларусі будзе няпросты выбар, пакласьці ці не кветкі да помніка беларусу, што загінуў на Майдане, — сёлета ў жніўні чакаецца візыт Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну.