20 студзеня Дональд Трамп адзначае першую гадавіну на пасадзе прэзыдэнта ЗША. У яго ня самыя высокія рэйтынгі, але яму ўдалося пазьбегнуць імпічмэнту. Зь іншага боку, год яго знаходжаньня ва ўладзе быў адзначаны:
- ростам напружанасьці ў адносінах з Паўночнай Карэяй,
- выхадам Вашынгтона з Парыскага пагадненьня аб зьмене клімату,
- расьсьледаваньнем магчымага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 года.
Інаўгурацыя Трампа адбылася 20 студзеня 2017 года. Прыняўшы прысягу, 45-ы прэзыдэнт злучаных Штатаў адразу ж абвясьціў пра зьмену прыярытэтаў у зьнешняй палітыцы краіны: «Пачынаючы зь сёньняшняга дня, на першым месцы будзе толькі Амэрыка, толькі Амэрыка», — заявіў ён.
Трамп адразу ж узяўся рэалізоўваць гэты прынцып.
Ён выйшаў з Парыскага пагадненьня аб зьмене клімату, а таксама з гандлёвага пагадненьня аб трансціхаакіянскім партнэрстве, якое, па яго меркаваньні, было нявыгаднае для ЗША.
Пры гэтым падчас першай сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным на саміце «Вялікай дваццаткі» ў Гамбургу Трамп абраў прымірэнчы тон.
«Мы чакаем надзвычай станоўчай будучыні для Расеі і для ЗША», — заявіў тады ён.
Нягледзячы на гэтыя словы, Трамп ня стаў адмяняць антырасейскія санкцыі, уведзеныя пасьля анэксіі Крыма ў 2014 годзе. Адначасова яго адміністрацыя дазволілі прадаваць Украіне сьмяротнае ўзбраеньне.
Першы год Трампа ў Белым доме суправаджаўся шматлікімі расьсьледаваньнямі магчымага ўмяшаньня Расеі ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта.
Джэймс Комі, былы дырэктар ФБР, звольнены Трампам 8 чэрвеня заявіў, даючы паказаньні ў Кангрэсе, што «Расея дзейнічала мэтанакіравана, выкарыстоўваючы дасканалыя тэхнічныя сродкі».
Аднак сам Трамп катэгарычна адмаўляў, што паміж яго перадвыбарным штабам і расейскімі ўладамі была змова, дзякуючы якой ён прыйшоў да ўлады.
Яшчэ адна вострая сытуацыя ў зьнешняй палітыцы ЗША была зьвязана з Паўночнай Карэяй. Запуск Пхэньянам балістычных ракет і выпрабаваньне сваёй самай магутнай ядзернай бомбы прывялі да росту напружанасьці. Трамп абмяняўся абразьлівым заўвагамі з карэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам, назваўшы яго ў твітэры «маленькім ракетчыкам».
Таксама 8 жніўня 2017 года Трамп заявіў, што «Паўночнай Карэі лепш устрымацца ад пагроз ЗША, інакш у адказ рушаць агонь і лютасьць».
У ходзе перадвыбарчай кампаніі Трамп абяцаў скараціць ваенную прысутнасьць ЗША за мяжой, аднак ужо ў красавіку адважыўся на прымяненьне сілы. Ён загадаў нанесьці ракетны ўдар па адной з сырыйскіх авіябазаў праз падазрэньне ва ўжываньні Башарам Асадам хімічнай зброі, а акрамя таго, асудзіў падтрымку ягонага рэжыму з боку Расеі. Трамп патлумачыў гэта тым, што Асад ужыў нэрвова-паралітычным газ, у выніку чаго «загінулі безабаронныя мужчыны, жанчыны і дзеці».
Пры гэтым ён запэўніў у падтрымцы ЗША NATO, хоць да гэтага сьцьвярджаў, што гэты ваенны альянс састарэў. Таксама падчас свайго першага саміт NATO ён адштурхнуў прэм’ер-міністра Чарнагорыі і адчытаў саюзьнікаў па блёку за тое, што яны выдаюць недастаткова сродкаў на абарону.
Першыя 12 месяцаў Дональда Трампа ў Белым доме аказаліся вельмі бурнымі, і цяпер як саюзьнікі, так і праціўнікі рыхтуюцца да другога года ягонай прэзыдэнтуры.