Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фактаў пра кнігу беларускіх гістарычных анэкдотаў і пяць гісторый зь яе


Новая кніга Сяргея Шапрана «Беларускі гістарычны анэкдот» — першае выданьне ў жанры сучаснага гістарычнага анэкдота, у якім сабрана больш за паўтысячы вясёлых і ня вельмі вясёлых гісторый з удзелам больш як сотні вядомых беларускіх пісьменьнікаў, дзеячоў культуры і палітыкі.

Беларусы — гістарычная нацыя і вартыя мець гістарычны анэкдот

Аўтар «Беларускага гістарычнага анэкдота» ўпершыню задумаўся пра складаньне гэтай кнігі больш як 15 гадоў таму, пазнаёміўшыся з расейскім прафэсарам эстэтыкі, аўтарам трохтомнага выданьня «ХХ стагодзьдзе ў паданьнях і анэкдотах» Юрыем Боравым.

Высьветлілася, што Бораў ня мог прыгадаць ніводнага беларускага анэкдота. Тады Сяргей Шапран палічыў, што такая сытуацыя несправядлівая: беларусы — нацыя старажытная, гістарычныя асобы ёсьць, анэкдоты таксама існуюць, але яны практычна не сабраныя. Адзінай падобнага кшталту працай была кніга Льва Казлова «З дазволу караля і вялікага князя» — але яна абмежавалася часамі Вялікага Княства Літоўскага.

Сяргей Шапран
Сяргей Шапран

Што такое гістарычны анэкдот?

Паводле Шапрана, гістарычны анэкдот — своеасаблівая побытавая хроніка. Яна часта застаецца ніяк не зафіксаванай, але адмаўляць ёй у праве на існаваньне нельга і нават недаравальна, бо гэта, можна сказаць, некананізаваная гісторыя.

Для гістарычнага анэкдота трэба, каб былі гістарычныя асобы. У беларусаў яны ёсьць. І героямі кнігі сталі больш за сто асобаў, пра якіх сабрана больш за пяцьсот анэкдотаў.

Першым апавядальнікам быў дзядзька Рыгор

Дзеля пачатку Сяргей Шапран пайшоў да беларускіх літаратараў — Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, іншых. І занатаваў іхныя аповеды.

Першым апавядальнікам быў Рыгор Барадулін. У адной з гісторый паэт прыгадваў, як школьныя настаўнікі віталі падчас сустрэчы пісьменьніка Івана Мележа, кажучы, як яны рады бачыць жывога клясыка. А той сьціпла адказаў: «Ледзь жывога...» Паводле Шапрана, гэта клясычны прыклад беларускага гістарычнага анэкдота.

Гістарычны анэкдот — гэта не абавязкова сьмешна

Юры Бораў падзяліўся з Шапранам анэкдотам, якім ён ганарыцца найбольш. Гэтую гісторыю яму распавёў карэспандэнт газэты «Правда» нехта Рыклін, які ў 30-я гады на адной з нарадаў Палітбюро на чале са Сталіным трапіў на агульны здымак.

У 30-я гады вяліся масавыя рэпрэсіі, і захоўваць здымкі ворагаў народу было небясьпечна. І вось Рыквін пачаў вырэзваць з гэтага агульнага фатаздымку спачатку журналістаў, потым членаў Палітбюро, і дарэзаўся да таго, што засталіся толькі ён і Сталін. А калі Хрушчоў разьвянчаў культ асобы Сталіна, то Рыквін выразаў і правадыра — і застаўся зусім адзін.

Адзін з анэкдотаў, які не ўвайшоў у кнігу

Вядомай актрысе Купалаўскага тэатру тэлефануе журналістка-пачаткоўка і просіць аб інтэрвію з нагоды ейнага юбілею. Прыма пагаджаецца, прызначае час і месца сустрэчы і пасьля гэта чуе пытаньне: «Скажыце, калі ласка, а як я вас пазнаю?»

Паводле Шапрана, гэта не адзіная гісторыя, якая не ўвайшла ў ягоную кнігу, а таму ёсьць спадзеў, што гістарычныя анэкдоты будуць зьбірацца і далей.

Пяць анэкдотаў з кнігі

Алексіевіч і Гарбачоў (анэкдот пра Сьвятлану Алексіевіч)

Былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, упершыню ўбачыўшы Сьвятлану Алексіевіч, быў шчыра зьдзіўлены:

— Гэта ты, такая маленькая, такі-ія кнігі напісала?!

Пісьменьніца знаходліва парыравала:

— Ну, вы таксама не гігант, а такую імпэрыю развалілі!

Сапсаваны прымач (анэкдот ад Рыгора Барадуліна)

1958 год. З Польшчы студэнты прывезьлі ў падарунак катэдры беларускай літаратуры філфаку БДУ радыёпрымач. Кіраўнік групы кажа: «Зараз вы пачуеце Маскву!» — і ўключае радыё, а там нешта гаворыць і раптам: «Мы перадаём праўду пра Савецкі Саюз. Вы слухаеце „Голас Амэрыкі“». — «Выключайце! — закрычаў напалоханы кіраўнік. — Прымач сапсаваны!»

Алібі (анэкдот ад Уладзімера Арлова)

На прэзэнтацыі «Дзесяці вякоў беларускай гісторыі» да Ўладзімера Арлова падышоў чытач, які папрасіў падпісаць кнігу для жонкі: гэта, маўляў, будзе адначасова і алібі, што ён быў не дзе-небудзь, а на сустрэчы з Арловым, і падарункам жонцы. Арлоў, падпісваючы кнігу, пажадаў невядомай яму жанчыне, сярод іншага, і незалежнасьці (маючы на ўвазе незалежнасьць Беларусі). Аднак гэта не спадабалася чытачу — ён доўга хадзіў вакол, а калі публіка разышлася, выказаў нарэшце сваю незадаволенасьць:

— Мая жонка — замужняя жанчына. І таму павінна быць залежнай ад мужа!

Па-суседзку (пра Васіля Быкава)

Малдаўскі пісьменьнік Іён Друцэ прыгадваў, як Васіль Быкаў распавядаў пра сваё жыцьцё ў Горадні. Ён жыў у адным доме з кіраўніком абласнога КДБ. Неаднойчы здаралася, што ўвечары Быкаў сустракаўся з кімсьці зь літаратараў у аддзяленьні Саюзу пісьменьнікаў, абмяркоўваў небясьпечныя тэмы, а раніцай ягоная жонка разам з жонкай кіраўніка КДБ разьвешвала ў двары бялізну на суседніх вяроўках, і тая выгаворвала ёй:

— Навошта твой учора зноў у палітыку лез? Навошта пра свабоду гаварыў? Чаго ён на сьценку лезе?!

Правіла (пра Ўладзімера Караткевіча)

Па сьведчаньні Анатоля Забалоцкага, Караткевіч ніколі не кранаў у рэстаранах накрухмаленыя сурвэткі, тлумачыў:

— Не начальства ж іх мые, а бабулі за капейкі. Абыдземся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG