Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шапран: Быкаў лічыў сацрэалізм паліцэйшчынай


Сяргей Шапран, Фота Глеба Лабадзенкі
Сяргей Шапран, Фота Глеба Лабадзенкі

Да 90-х угодкаў Васіля Быкава менскае выдавецтва «Мэдыял» выпусьціла ў сьвет аповесьці «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя» (аўтарская назва «Сотнікава») у дацэнзурным выглядзе. Абедзьве кнігі падрыхтаваў да друку, напісаў грунтоўныя пасьляслоўі і камэнтары Сяргей Шапран — наш сёньняшні госьць.

— Сяргей, а ці не заблытаюцца чытачы ў варыянтах? Усё ж за сорак гадоў выйшла ў сьвет нямала выданьняў і «Сотнікава», і «Мёртвым не баліць».

— Варыянтаў тэкстаў усяго па два, таму — не заблытаюцца. Чытачы ўсё ж маюць права чытаць тыя тэксты, якія былі напісаныя Быкавым, а ня тыя, якія падрыхтавалі рэдактары і цэнзары.

— Пра «Мёртвым не баліць» мы ўжо гаварылі ў адной зь мінулых перадачаў, таму сёньня давай пагутарым пра «Сотнікава». Гэтая аповесьць упершыню выйшла па-расейску ў часопісе «Новый мир» (1970) і толькі пазьней — у арыгінале. З чым гэта было зьвязана?

— З тым, што ў рэдакцыі «Полымя», якому Быкаў прапанаваў новы твор, доўгі час зьбіраліся паседжаньні, дзе калегі-літаратары давалі Быкаву бясконцыя парады, якім чынам ён павінен перапісаць аповесьць, каб яна нарэшце была апублікаваная.

— Дарэчы, пад якой назвай аддаў Быкаў аповесьць у «Полымя»? Аўтарская назва — «Ліквідацыя». «Сотнікава» ці не Твардоўскі прыдумаў?

— Так, «Сотнікаў» — наваміраўская назва. У «Полымя» пісьменьнік аддаваў «Ліквідацыю». Дарэчы, у «Полымі» з гэтай нагоды падкрэсьлівалі, што «Масква нам ня ўказ», і таму Быкаў павінен перапрацаваць аповесьць. Але хоць «Масква ня ўказ», аповесьць у Беларусі выйшла ўсё ж пад «маскоўскай» назвай — «Сотнікаў».

— А хто рабіў Быкаву заўвагі? І якога яны былі кшталту?

— Найперш хачу назваць таго, хто якраз катэгарычна выступаў за друкаваньне «Сотнікава», — гэта Янка Брыль. Вядомы яго ліст да адказнага сакратара «Полымя» Алеся Бачылы: «Аповесьць „Сотнікаў“ — глыбокі, сумленны, таленавіты твор, і я, безумоўна, за тое, каб ён як мага хутчэй зьявіўся ў „Полымі“. Ненармальна гэта і брыдка, што такія творы зьяўляюцца раней у перакладзе».

Неадназначна

Васіль Быкаў і Пятрусь Броўка. 1970-я гады
Васіль Быкаў і Пятрусь Броўка. 1970-я гады

ўспрынялі аповесьць Быкава тагачасны старшыня Саюзу пісьменьнікаў Максім Танк і сябра палымянскай рэдкалегіі Пятрусь Броўка. Танк пісаў у лісьце да галоўнага рэдактара часопіса Паўла Кавалёва: «Я — за тое, каб надрукаваць аповесьць у „Полымі“, параіўшы аўтару крыху праясьніць агульны фон, каб не такая фатальная „обречённость“ ляжала на героях, і хоць у фінальнай сцэне паказаць галоўных віноўнікаў усёй трагедыі — фашысцкіх захопнікаў. У кожнага пісьменьніка — свой падыход да мэты і яе выражэньня. Але гутарка ідзе аб тым, каб не разьмінуцца з праўдай». У сваю чаргу Пятрусь Броўка таксама раіў аўтару паказаць большы гераізм партызанаў: «Хай бы яны разграмілі невялічкі гарнізон дзесьці ў воласьці, у невялікім мястэчку. А то ўвесь час яны ўцякаюць — гэтыя Рыбак і Сотнікаў». Не падабалася Броўку і тое, што менавіта Рыбак вядзе Сотнікава на сьмерць. Маўляў, гэта «неўласьціва нашаму партызанскаму руху». І — падказка: «Было б добра, каб Рыбака (нягледзячы на яго пераход у паліцаі) усё роўна павесілі. А то выходзіць, што здрадніцтва, шкурніцтва перамагае».

Гэтыя два лісты — Максіма Танка і Петруся Броўкі — былі зачытаныя на паседжаньні рэдкалегіі «Полымя», падчас якога адны пісьменьнікі выказваліся за тое, каб Быкаў карэнным чынам перапрацаваў аповесць, другія ж, наадварот, трымаліся процілеглай думкі. Гэта Іван Чыгрынаў, Алесь Бачыла, Анатоль Клышка і Лідзія Арабей, якая, праўда, прапаноўвала «зьняць ныцьцё ў Сотнікава, бо яно прыніжае сутнасьць подзьвігу».

Адкуль вядомыя гэтыя выступленьні? Справа ў тым, што стэнаграма на тым паседжаньні ці не вялася, ці не захавалася, але прысутны там Быкаў, па сутнасьці, застэнаграфаваў сказанае калегамі. Гэты яго нататнік захоўваецца ў Горадні, у малодшага сына Васіля. Там жа зьберагаюцца, дарэчы, і дзьве рэдакцыі «Сотнікава» — чарнавая і чыставая. Па чыставой і надрукаваная цяпер аповесьць.

— Нягледзячы на падтрымку некаторых чальцоў рэдкалегіі, Быкава ўсё ж прымусілі аповесьць перапісаць?

— Быкаву з «Полымя» даслалі ліст з цэлым шэрагам заўвагаў, якія вырасталі пераважна з танкаўскіх і броўкаўскіх тэзаў. А прыканцы ліста была істотная прыпіска: «Просім Вас уважліва паставіцца да заўвагаў і тыя зь іх, якія, на Вашу думку, слушныя, улічыць пры дапрацоўцы аповесьці. Друкаваць яе будзем, як толькі атрымаем ад Вас папраўлены рукапіс». Ліст быў напісаны па даручэньні рэдкалегіі Паўлам Кавалёвым і Іванам Пташнікавым. Ён таксама зьберагаецца ў гарадзенскай частцы архіву Быкава.

Ліст Васілю Быкаву з «Полымя» з рэдактарскімі вымогамі. БДАМЛіМ
Ліст Васілю Быкаву з «Полымя» з рэдактарскімі вымогамі. БДАМЛіМ


— У сваёй мэмуарнай кнізе «Доўгая дарога дадому» Быкаў прыгадваў, што дапамагчы аўтару ў «дапрацоўцы» даручылі Барысу Сачанку, які адразу ж прапанаваў зрабіць Сотнікава камуністам...

— Сапраўды, гэта гучыць як літаратурны анэкдот, але ў беларускім арыгінале Сотнікаў — камуніст, а ў перакладзе на расейскую мову — беспартыйны. У Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва захоўваецца менавіта той варыянт «Сотнікава», які прайшоў праз рэдактарска-цэнзарскія жорны. Дык вось у 16-м разьдзеле, у сказе «Праўда, за пяць партызанскіх месяцаў ён нешта зрабіў для свайго абавязку грамадзяніна і байца» Быкавым дапісана: «і камуніста». Мы, дарэчы, некалі гаварылі пра гэта з Генадзем Бураўкіным. І ён заўважыў: «Калі вопытны Барыс Сачанка прапанаваў недзе ў тэксьце абазначыць Сотнікава як камуніста, Васіль спытаўся, як пастаўлюся да гэтага я, бо сам ён вагаўся. Я адказаў, што, можа, для выратаваньня твору і варта пайсьці на кампраміс. А потым, у пазьнейшых публікацыях, зьняць гэтую праўку. Мне здавалася гэта неістотным. Мне і цяпер абсалютна няважна — настаўнік Сотнікаў ці, напрыклад, лекар, бо яго вобраз — выдатнае мастакоўскае дасягненьне ў літаратуры».

Васіль Быкаў у Горадні, дзе пісаўся «Сотнікаў». 1970 г
Васіль Быкаў у Горадні, дзе пісаўся «Сотнікаў». 1970 г



— Зноў жа, у сваіх успамінах Быкаў зь іроніяй прыгадваў, што пасьля ўведзенай у тэкст падказкі Сачанкі прэтэнзіяў да аповесьці не было: «Што значыць мудры і спрактыкаваны рэдактар! Толькі аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа». Чамусьці Быкаву запомнілася толькі гэтая сачанкаўская праўка...

— Ён, відаць, забыўся пра астатнія. Заўвагаў было шмат — толькі з цэнзурных меркаваньняў было зроблена каля ста купюраў! Скажам, былі скарочаныя «фатальная обречённость» Сотнікава і яго «ныцьцё». Тэкст выкрэсьліваўся цэлымі сказамі і нават абзацамі. Не абмінула пільнае вока і вобразы партызанаў ды паліцаяў. Да прыкладу, герой аповесьці Рыбак, заўважыўшы ў сьцяне стараставай хаты дзіркі ад куляў, пытаецца, хто страляў? І стараста адказвае: «А такія, як вы. Гарэлкі трэбавалі». Гэтае надта ўжо недвухсэнсоўнае параўнаньне партызанаў з паліцаямі было замененае шматкроп’ем. Зразумела, што і паліцай-кат Будзіла ніяк ня мог быць у даваенным мінулым раённым начальнікам, які «па вёсках упаўнаважаным гойсаў». Ад рэплікі сьледчага Партнова «Гэта Саветы нічога не маглі. Хіба што караць» у «Полымі» застаўся толькі першы сказ. Падобныя прыклады можна доўжыць. У гэтай сувязі міжволі прыгадваецца прызнаньне Быкава падчас гутаркі з Алесем Адамовічам: «Навукоўцы ад філялёгіі кажуць: мы ня ведаем, што такое сацыялістычны рэалізм. Затое — вельмі добра ведаюць аўтары, а яшчэ лепш рэдактары і крытыкі. На мой дылетанцкі погляд, сутнасьць таго мэтаду чыста паліцэйская — гнаць і не пушчаць. Гнаць туды, куды літаратуры ня трэба, і не пушчаць — куды трэба».

Ліст Васіля Быкава сакратару ЦК КПСС Міхаілу Зімяніну. Унізе прыпіска: «Каб не пакідаць сьлядоў, Зімянін адказаў па тэлефоне праз ЦК КПБ: Нет!». БДАМЛіМ.
Ліст Васіля Быкава сакратару ЦК КПСС Міхаілу Зімяніну. Унізе прыпіска: «Каб не пакідаць сьлядоў, Зімянін адказаў па тэлефоне праз ЦК КПБ: Нет!». БДАМЛіМ.

— Непадцэнзурныя рэдакцыі «Мёртвым не баліць» і «Сотнікава» ты падрыхтаваў да друку яшчэ чатыры гады таму. Чаму яны так доўга праляжалі бяз руху?

— Бо не знаходзілася ахвотнікаў выдаваць. А калі знаходзіліся ахвотнікі, у іх не было на гэта сродкаў. Цяпер жа кнігі выдадзеныя дзякуючы падтрымцы бізнэсоўца і мэцэната Паўла Бераговіча, а таксама намаганьнямі выдаўца Ігара Віркоўскага і журналіста Глеба Лабадзенкі. І я шчыра ўдзячны найперш Паўлу і Глебу, паколькі бяз іх дапамогі не было б ня толькі гэтых быкаўскіх кніг, але і першага пасьмяротнага зборніка Рыгора Барадуліна «Ў неба пехатою», і апошняй прыжыцьцёвай кнігі Генадзя Бураўкіна «Нагаварыцца з зоркамі».

— У гэтыя быкаўскія дні не магу не спытацца ў цябе пра лёс Збору твораў у 14 тамах. За дзесяць гадоў ён так і не завершаны.

— Толькі што выйшла 1-я кніга 10-га тому, дзе ўпершыню сабраная публіцыстыка 50–80-х гадоў: артыкулы, прадмовы, інтэрвію, гутаркі, аўтабіяграфіі ды выступленьні. Збор твораў па-ранейшаму выдаецца Саюзам беларускіх пісьменьнікаў.

— Тамы публіцыстыкі за азначаны пэрыяд у зборы твораў, скажам, Максіма Танка немагчыма чытаць — столькі там панэгірыкаў партыі! А Быкаў-публіцыст не расчаруе чытачоў?

— Спадзяюся, не расчаруе. У Быкава я ўсё ж не сустракаў панэгірыкаў партыі. Быкаўская публіцыстыка названых гадоў, як і тагачасныя апавяданьні, паказвае, як хутка рос, фармаваўся Быкаў як пісьменьнік. Дзясяты том будзе цікавы ня толькі прыхільнікам быкаўскай творчасьці, ён спатрэбіцца таксама дасьледчыкам і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG