Суд Каліфорніі вынес рашэньне на карысьць беларускай тэнісісткі ў справе па апецы над сынам Леа Аляксандрам, якога яна нарадзіла 19 сьнежня 2016 году, паведамляе TMZ Sports.
Беларуская тэнісістка настойвала на тым, што справа павінна разглядацца не ў ЗША, а на яе радзіме — у Беларусі, і суд пагадзіўся з гэтым. У бацькі дзіцяці ёсьць тры тыдні, каб абскардзіць рашэньне.
Як паведаміў SPORT.TUT.BY са спасылкай на знаёмую з сытуацыяй крыніцу, беларускі суд разгледзеў усе спрэчныя пытаньні па справе аб апецы над сынам Азаранкі і Маккіга яшчэ да перадачы яе ў амэрыканскі суд. У тым ліку былі разгледжаныя пытаньні аб месцы жыхарства дзіцяці і парадку ўдзелу ў выхаваньні непаўналетняга абодвух бацькоў.
Ленінскі суд Менску прызнаў Вікторыю Азаранку асноўным апекуном (дзіця павінна пастаянна знаходзіцца з маці і можа бачыцца з бацькам у парадку, вызначаным судом), асноўным месцам жыхарства дзіцяці названая Беларусь.
Прадстаўнікі Білі Маккіга спрабавалі абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе, але апэляцыйная скарга была адхіленая.
Прэсавая служба суду Ленінскага раёну Менску не пракамэнтавала зьвесткі пра тое, што судом Ленінскага раёну разглядалася справа аб апякунстве сына тэнісісткі Вікторыі Азаранкі Леа.
«Гэтыя зьвесткі не камэнтуем», — сказала карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар суду Натальля Новікава.
Гэтак сама адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра тое, што нібыта Менскі гарадзкі суд улетку мінулага году разглядаў скаргу па гэтай справе на рашэньне Ленінскага райсуду. «Ня можам ані пацьвердзіць, ані абвергнуць, што гэта было», — сказала Свабодзе прэсавы сакратар гарсуду Анастасія Шыльвян.
У ліпені 2017 году Вікторыя Азаранка разышлася зь Білі Маккігам, бацькам яе сына Леа Аляксандра. У жніўні Маккіг зьвярнуўся ў суд Лос-Анджэлеса наконт «крадзяжу дзіцяці», на падставе чаго было прынятае рашэньне: на час разгляду справы аб апякунстве хлопчык ня можа пакідаць горад.
Праз судовы працэс беларуска прапусьціла ўсю летне-асеннюю сэрыю амэрыканскіх турніраў, спаборніцтвы ў Азіі і фінал Кубка Фэдэрацыі, у якім зборная Беларусі прайграла ЗША. 8 студзеня стала вядома, што беларуска ня зможа выступіць і на Australian Open-2018, хоць у сьнежні 2017 году Азаранка атрымала wild card на ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі і зьбіралася прыехаць у Мэльбурн для ўдзелу ў турніры.
Вікторыя Азаранка 10 разоў выступала на адкрытым чэмпіянаце ЗША. Найлепшым дасягненьнем беларускі на гэтым турніры зьяўляюцца два выхады ў фінал у 2012 і 2013 гадах, у абодвух матчах яна прайграла амэрыканцы Сэрэне Уільямс. На гэты момант беларуска займае 209-е месца ў рэйтынгу WTA.