Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова: як парлямэнт спрабуе зьмясьціць прэзыдэнта Дадона


Антыўрадавы пратэст у Кішынэве 21 студзеня 2016 году.
Антыўрадавы пратэст у Кішынэве 21 студзеня 2016 году.

Супрацьстаяньне прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона, якога 5 студзеня Канстытуцыйны суд зноў часова адхіліў ад улады, і апазыцыйнага Дадону парлямэнта набірае абароты.

Празаходняя кааліцыя парлямэнцкіх партый, рэпутацыя якіх апошнім часам была падмочаная карупцыйнымі скандаламі, мае намер канчаткова пазбавіць прэзыдэнцкай улады Ігара Дадона, які не хавае свайго захапленьня расейскім прэзыдэнтам Ўладзімірам Пуціным і якому Аляксандар Лукашэнка казаў: «Мы з вамі трымаемся практычна аднолькавых поглядаў»​.

Аднак сілаў і падтрымкі насельніцтва ў супернікаў Дадона катастрафічна не хапае. Крытыкі прэзыдэнта Малдовы кажуць, што на Дадона ва ўсю моц працуе інфармацыйна-прапагандысцкая машына Крамля.

Уладзімір Пуцін і Ігар Дадон у Маскве, 26 сьнежня 2017 году
Уладзімір Пуцін і Ігар Дадон у Маскве, 26 сьнежня 2017 году

У Кішынёве каля Дома ўраду і ўсіх дзяржаўных будынкаў дзяжураць узмоцненыя паліцэйскія патрулі. Новы віток крызісу можа хутка абярнуцца чарговымі для Малдовы за апошнія гады шматтысячнымі мітынгамі і пратэстамі. Сёлета ў лістападзе ў Малдове маюць адбыцца парлямэнцкія выбары, але на фоне цяперашніх падзеяў іх могуць перанесьці на пазьнейшы тэрмін, альбо яны могуць прайсьці датэрмінова.

Калі выбары ўсё ж адбудуцца, то яны пройдуць па новай зьмяшанай сыстэме, якую крытыкуе Эўразьвяз. Ад 2014 году Малдова мае Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, якое Ігар Додон марыць адмяніць.

Паводле апошніх апытаньняў, Дадона падтрымлівае амаль 50 адсоткаў насельніцтва. Галоўны праціўнік прэзыдэнта — Дэмакратычная партыя Малдовы, кіраваная алігархам Уладам Плахатнюком, якая мае большасьць у парлямэнце (61 мандат). Да выбараў Плахатнюк спадзяецца зрабіць усё магчымае, каб пазбавіць Дадона ўсіх паўнамоцтваў.

Улад Плахатнюк выступае на мітынгу 13 студзеня 2016 году
Улад Плахатнюк выступае на мітынгу 13 студзеня 2016 году

Канстытуцыя Малдовы сур’ёзна абмяжоўвае правы прэзыдэнта краіны. Напрыклад, ён можа накладаць вэта на прыняты парлямэнтам закон толькі адзін раз. Пасьля гэтага парлямэнт можа паўторна прыняць закон, і прэзыдэнт ня мае права зноў яго адхіліць. Да сярэдзіны сьнежня 2017 году парлямэнт паўторна прыняў 12 такіх законапраектаў. З самага пачатку свайго прэзыдэнцтва Ігар Дадон у прынцыпе сутыкнуўся з тым, што яго ўказы не заўсёды выконваліся падначаленымі, якія часам дзейнічалі насуперак яго прамым забаронам.

17 кастрычніка 2017 году Канстытуцыйны суд Малдовы часова адхіліў Дадона за «няздольнасьць выконваць свае абавязкі», а менавіта — за паўторную адмову прызначыць міністрам абароны Яўгена Стурзу, якога вылучыў прэм’ер-міністар Павел Філіп. Часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта тады быў прызначаны сьпікер парлямэнту Андрыян Канду. 2 студзеня 2018 года паўнамоцтвы Дадона былі зноў часова прыпыненыя паводле рашэньня Канстытуцыйнага суду — праз тое, што прэзыдэнт двойчы адхіліў кандыдатуры сямі чальцоў ураду, прапанаваныя прэм’ер-міністрам.

Прэм'ер-міністар Малдовы Павел Філіп, 20 сьнежня 2017 году
Прэм'ер-міністар Малдовы Павел Філіп, 20 сьнежня 2017 году

У прыватнасьці, былога прэм’ера Юрыя Лянкэ Дадон не палічыў годным пасады віцэ-прэм’ера па эўрапейскай інтэграцыі, а яшчэ адзін экс-прэм’ер, Кірыл Габурыч, не задаволіў Дадона у якасьці будучага міністра эканомікі. Абодвух гэтых палітыкаў малдаўскія журналісты лічаць наўпрост датычнымі да так званага «крадзяжу стагодзьдзя», калі ў 2015 годзе з найбуйнейшых банкаў Малдовы ў афшоры быў выведзены мільярд эўра. Калі гэта злачынства выявілася, на вуліцы Кішынёва выйшлі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў. Два запар ўрады былі вымушаныя сысьці ў адстаўку, а былы прэм’ер-міністар Уладзімір Філат, які ўзначальваў тады правую Лібэрал-дэмакратычную партыю, пераемніцай якой стала цяперашняя Дэмакратычная партыя, быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў крадзяжы грошай з банкаўскай сыстэмы Малдовы і асуджаны на 9 гадоў турмы.

Сёлета 5 студзеня Ігар Дадон быў часова адхілены ад улады праз тое, што ён двойчы адмовіўся падпісаць Закон аб барацьбе з замежнай прапагандай, прыняты парлямэнтам у канцы 2017 году. Гэты дакумэнт забараняе трансьляцыю праграм тэлебачаньня і радыё з інфармацыйным, інфармацыйна-аналітычным, вайковым ці палітычным зьместам, вырабленых у краінах, якія не ратыфікавалі Эўрапейскую канвэнцыю аб трансгранічным тэлебачаньні. На думку Дадона, такі закон парушае свабоду слова і права грамадзян на атрыманьне інфармацыі.

Аднак Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што «прэзыдэнт сьвядома адмовіўся ад выкананьня сваіх канстытуцыйных абавязкаў», і дазволіў заблякаваць усе расійскія тэле- і радыёпраграмы ў абыход Дадона. Часова выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы для зацьвярджэньня гэтага дакумэнту зноў сьпікер парлямэнта Андрыян Канду, а таксама прэм’ер-міністпр Павел Філіп.

Пра цяперашні крызіс і пра сутыкненьне дзьвюх геапалітычных арыентацый Малдовы — на Расею і на Эўразьвяз — у інтэрвію Радыё Свабода разважае былы дэпутат малдоўскага парлямэнту, старшыня Асацыяцыі палітолягаў Рэспублікі Малдова Аазу Нантой:

У Малдове былі прамыя спробы ініцыяваць праекты, якія зьяўляліся складовай часткай крамлёўскага пляну «Наваросіі».

«Пасьля пачатку драматычных падзей ва Ўкраіне, анэксіі Крыма і расейскай агрэсіі ў Данбасе, у малдоўскім грамадзтве, вядома, ўспыхнулі асьцярогі, што падобны сцэнар можа распаўсюдзіцца і на тэрыторыю Малдовы. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то ў Малдове былі прамыя спробы ініцыяваць праекты, якія зьяўляліся складовай часткай крамлёўскага пляну «Наваросіі». Доўга пераказваць іх сутнасьць, але яны былі. І так як праект «Наваросіі» праваліўся, дык гэтыя асьцярогі ў малдаўскім грамадзтве ня тое каб сышлі на нішто, але адышлі на другі плян.

Але 13 лістапада 2016 году за Ігара Додона прагаласавала хай адносная, але большасьць грамадзян Малдовы. Гэта людзі, якія з задавальненьнем глядзяць на Пуціна, можа быць, нават не ўсьведамляючы таго самі, і зьяўляюцца спрыяльным матэрыялам для расейскай прапаганды. Яны ўспрымаюць Крэмль як нешта заўсёды пазытыўнае. Нічога канкрэтна добрага яны пра Расею сказаць ня могуць, асабліва калі параўноўваць яе з Эўразьвязам, з разьвіцьцём сацыяльнай сфэры і прававых інстытутаў, з узроўнем даходаў і бізнэсу і гэтак далей. Але гэта менавіта некрытычнае стаўленьне, яно існуе. Тут яшчэ варта адзначыць і ролю Расейскай праваслаўнай царквы, якая ліе ваду на той жа млын. На верасень гэтага году аб’яўлены візыт патрыярха Кірыла ў Кішынэў, і ня трэба быць вялікім палітолягам, каб зразумець, што гэта будзе спэцыяльная паездка ў падтрымку Ігара Дадона.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG