Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар пра ўцёкі дзяцей з садка: «Будуць кадравыя рашэньні»


Адзін са сьветлагорскіх уцекачоў Анціп і ягоная маці
Адзін са сьветлагорскіх уцекачоў Анціп і ягоная маці

Рэакцыя на нядбайнае стаўленьне да бясьпекі дзяцей будзе жорсткай. Пра гэта заявіў міністар адукацыі Ігар Карпенка.

Чыноўнік пракамэнтаваў інцыдэнт у дзіцячым садку № 21 Сьветлагорску, адкуль 3 студзеня самавольна сышлі тры хлопчыкі. Гэты выпадак ён назваў «абуральным».

«Ёсьць нарматыўная база, функцыянальныя абавязкі, мэтадычныя рэкамэндацыі. Іх трэба выконваць, — цытуе міністра БелТА. — Там, дзе людзі гэтага не разумеюць, будуць прымацца адпаведныя кадравыя рашэньні».

Як паведамляла Радыё Свабода, тры хлапчукі, якім ад нараджэньня 3-4 гады, самастойна пакінулі дзіцячы садок, прайшлі каля 1 кілямэтра да чыгуначнай станцыі і селі ў прыгарадны цягнік. Яны ад’ехалі зь дзясятак кілямэтраў, калі іх заўважыў памочнік машыніста.

4 студзеня выхавальніцу групы і загадчыцу дзіцячага садка звольнілі з працы з фармулёўкай «за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў».

«Для нас жыцьцё і здароўе дзіцяці, бясьпека яго знаходжаньня ва ўстановах адукацыi маюць першачарговае значэньне. Калі няма кантролю, супрацоўнікі нядбайна ставяцца да сваіх службовых абавязкаў, адбываюцца такія інцыдэнты, як у Сьветлагорску», — сказаў Ігар Карпенка.

Паводле міністра, створана камісія для расьсьледаваньня інцыдэнту.

Лёс загадчыцы садка № 21 канчаткова вырашыцца пасьля заканчэньня праверкі. Выхавальніца звольнена ў адпаведнасьці з пунктам дэкрэту «Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіроўных кадраў і работнікаў арганізацый». Аб’яўлена вымова начальніку аддзелу адукацыі, спорту і турызму Сьветлагорскага райвыканкаму.

Ігар Карпенка таксама нагадаў, што ў канцы 2017 году адбылося пасяджэньне калегіі Міністэрства адукацыі, дзе сярод іншага разглядаліся пытаньні працоўнай дысцыпліны.

Зьбеглыя сьветлагорскія дзеці і чыноўнікі: я ня я, і пасада не мая

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG