Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырастуць у навукоўцаў заробкі ўдвая згодна з указам Лукашэнкі?


Акадэмія навук
Акадэмія навук

28 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый», згодна зь якім тарыфныя аклады работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый павышаюцца да 300 працэнтаў. Свабода даведвалася, ці азначае гэта значнае падвышэньне заробкаў усім навукоўцам у Беларусі.

Рашэньне павысіць аклад да 200 працэнтаў будуць прымаць кіраўнікі бюджэтных навуковых арганізацый, больш за 200 — органы дзяржкіраваньня, якім падпарадкоўваюцца гэтыя арганізацыі. То бок адміністрацыя прэзыдэнта будзе прымаць рашэньні адносна арганізацый, падпарадкаваных прэзыдэнту, а Нацыянальная акадэмія навук — адносна сваіх інстытутаў.

ІІ зьезд вучоных Беларусі
ІІ зьезд вучоных Беларусі

Паводле гэтага ўказу, штомесяц работнікам бюджэтных навуковых арганізацый будуць выплачвацца надбаўкі за стаж працы:

  • па спэцыяльнасьці — паводле пасадаў навуковых работнікаў;
  • у бюджэтных арганізацыях — па іншых катэгорыям работнікаў.

Як будзе на практыцы выконвацца прэзыдэнцкі ўказ?

«Гэта не азначае, што ўсе адразу стануць многа атрымліваць»

Паводле прэс-сакратара Акадэміі навук Беларусі Натальлі Марцэлевай, навуковым арганізацыям даецца права самім распараджацца сродкамі, якія яны зарабляюць, для заахвочваньня вучоных.

Фруктова-ягаднае віно «Акадэмічнае». Яго выпускае навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва АН на Талачынскім кансэрвавым заводзе
Фруктова-ягаднае віно «Акадэмічнае». Яго выпускае навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва АН на Талачынскім кансэрвавым заводзе

«Кіраўніцтву і самім навуковым арганізацыям даецца права павышаць аклады. Адмысловую інструкцыю, як гэта будзе адбывацца, яшчэ распрацуюць. Але гэта не азначае, што ўсе адразу стануць многа атрымліваць, — кажа Свабодзе прадстаўнік Акадэміі навук Беларусі. — Ня могуць усе атрымліваць аднолькава. І ў дадзеным выпадку гэта будзе стымул, каб заахвочваць вучоных, якія дасягнулі канкрэтных вынікаў навуковай дзейнасьці. Такім чынам можна будзе стымуляваць іх працу. Раней было мора абмежаваньняў і інструкцый».

У інстытутах Акадэміі навук, куды патэлефанаваў карэспандэнт Свабоды, таксама пакуль яшчэ ня ведаюць, як будзе дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ.

Дырэктар фізыка-тэхнічнага інстытуту Віталь Залескі сказаў, што пакуль мэханізм яшчэ «ня поўнасьцю зразумелы». Паводле яго, трэба дачакацца налічэньня заробкаў.

Указ дазваляе нам меней ставіць перашкодаў для павелічэньня заробкаў, у тым ліку і за кошт сваіх сродкаў

«Нашы акадэмічныя інстытуты не бюджэтныя ў поўным аб’ёме, хоць яны дзяржаўныя. То бок мы зарабляем самі. Таму ўказ дазваляе нам меней ставіць перашкодаў для павелічэньня заробкаў, у тым ліку і за кошт сваіх сродкаў. Гэта пашырае нашы магчымасьці падтрымліваць людзей. Цяпер будзем лічыць і глядзець. Тыя лябараторыі, у якіх многа грошай і заказаў, адчуюць гэта адразу. Астатнія, відаць, крыху пазьней альбо зусім не адчуюць, бо трэба ж зарабляць. Як на любым заводзе, так і ў нас».

Паводле дырэктара Інстытуту філязофіі Анатоля Лазарэвіча, іхняя ўстанова ня мае сваіх сродкаў, а толькі бюджэтнае фінансаваньне, як у бальшыні інстытутаў.

«Я пакуль дакладна не пазнаёміўся з гэтым указам, трэба разабрацца. Я думаю, што яшчэ будуць нейкія камэнтары і тлумачэньні з нашай Акадэміі навук. Пазабюджэтныя сродкі ў акадэмічных інстытутаў вельмі малыя, практычна іх няма».

Ці ўдасца спыніць уцечку мазгоў з краіны?

Ці ўдасца гэтым указам спыніць уцечку мазгоў з краіны, пакуль ніхто казаць не бярэцца.

Паводле акадэміка Аляксандра Вайтовіча, заробкі ў навукоўцаў — «ні ў якія вароты».

Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч

«У нас у інстытуце (Інстытут фізыкі. — РС) заробак дактароў і кандыдатаў навук — каля 700 рублёў. Канечне, праблемы ёсьць з грашыма. І трэба глядзець, як новы ўказ будзе дзейнічаць на практыцы», — кажа Вайтовіч.

Паводле бюджэту на 2018 год Акадэмія навук Беларусі атрымала фінансаваньне ў памеры 87,7 млн даляраў, што на 15,4% больш, чым у мінулым годзе.

Як рэалізавацца на заробак 250 рублёў? Інтэрвію з вучоным, якога не запрасілі на зьезд

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG