Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэміка Вайтовіча не запрасілі на зьезд вучоных з удзелам Лукашэнкі


Аляксандар Вайтовіч, архіўнае фота
Аляксандар Вайтовіч, архіўнае фота

12 сьнежня ў Менску адкрыўся ІІ зьезд вучоных, на які сабралася больш за 2 тысячы навукоўцаў Беларусі. Акадэміка, 11-га прэзыдэнта Акадэміі навук, экс-старшыню Савета Рэспублікі Аляксандра Вайтовіча, які працуе ў Інтытуце фізыкі з 1960 году, ня выбралі дэлегатам зьезду.

Аляксандар Вайтовіч — аўтар 250 навуковых прац і 25 вынаходак у галіне лазэрнай фізыкі, оптыкі, фізыкі нанапамерных структур.

— Як выбіралі дэлегатаў зьезду? Чаму так адбылося, што былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук туды ня трапіў?

— Хто будзе дэлегатам зьезду, прапаноўваў дырэктар інстытуту, а навуковая рада зацьвярджала кандыдатуры. Так што выбараў у прамым сэнсе гэтага слова не было. Мяне не прапанавалі.

— 2017 год абвешчаны Годам навукі. Вы працуеце ў навуцы больш за паўстагодзьдзя і ведаеце сытуацыю знутры. Ці адчулі вы ўвагу да навукі і клопат пра навукоўцаў сёлета?

— Што тычыцца Года навукі, гэта прапагандысцкая акцыя ў чыстым выглядзе. Якіх толькі гадоў у нас не было: і Год маці, і Год культуры, Год парадку на зямлі, цяпер вось Год навукі. Міне год, а нічога ж не мяняецца. Трэба не «гады чагосьці» прызначаць, неабходна напружаная праца паводле канкрэтнага пляну, паводле канкрэтнай праграмы разьвіцьця краіны. Так што да ўсіх гэтых гадоў я стаўлюся скептычна.

— На сайце Нацыянальнай Акадэміі навук апублікаваны праект «Стратэгіі „Навука і тэхналёгіі: 2018 — 2040“», яна будзе прынятая заўтра на зьезьдзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Як вы ацэньваеце гэты дакумэнт?

Павінен быць плян канкрэтных дзеяньняў, які выконваецца. А ўсе гэтыя стратэгіі і тактыкі, прымеркаваныя да зьездаў — агульныя фразы, нічым не падмацаваныя.

— Натуральна, я вывучаў гэты дакумэнт, ён і цяпер перада мной. Але там няма ніякай стратэгіі, там агульныя словы. Павінен быць плян канкрэтных дзеяньняў, які выконваецца, які з часам зьмяняецца, таму пастаянна ўзьнікаюць новыя зьявы, якія прымушаюць карэктаваць плян. А ўсе гэтыя стратэгіі і тактыкі, прымеркаваныя да зьездаў — агульныя фразы, нічым не падмацаваныя.

Мяне вельмі засмучаюць тэрміны — ажно да 2040 году! Як можна прадугледзець, што будзе ў навуцы праз 23 гады? Можна паўтараць з году ў год, што мы будуем інтэлектуальную Беларусь, высокатэхналягічнае грамадзтва, разьвіваем лічбавыя тэхналёгіі, нанаіндустрыю, але гэта і так зразумела. Усё разьвіцьцё навукі сьведчыць пра тое, што пастаянна зьяўляецца штосьці новае. А як гэта можна прадугледзіць?

Канкрэтнага пляну дзеяньняў у гэтай стратэгіі я ня бачу. Пакуль гэта агульныя словы і чарговая стратэгія на паперы. Як разьвіваць, вось што самае галоўнае.

Неабходна ясна акрэсьліць праблемы, якія існуюць у навуцы і патрабуюць неадкладнага вырашэньня, чаго ўмела і наўмысна пазьбягае кіраўніцтва Акадэміі навук і кіраўніцтва краіны.

— У рашэньнях І зьезду вучоных, які адбыўся 10 гадоў таму, было заплянавана «павышэньне навукаёмістасьці ВУП да 3%». У рэзалюцыі так было запісана. Ці выкананы гэты ключавы паказьнік?

— Ды пра што вы кажаце! Ня тое што павышэньня няма, ёсьць падзеньне. У 2016 годзе — да 0,5%. Гэта асноўны паказчык у навуцы. Пры цяперашнім падыходзе, калі і далей будзе 0,5% — навука не падымецца, а будзе толькі згасаць.

На першым зьезьдзе вучоных у 2007 годзе пісалі прагнозы на 13 гадоў наперад, цяпер — на 23, да 2040 году.

Чытаю новую стратэгію: «Да 2040 году навукаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту павысіць да 3%». А 10 гадоў таму было напісана «да 2020 году дасягнуць 3%». Паўтару лічбу — у 2016 годзе было 0,5%, у 6 разоў менш. На 2018 год наагул росту не заплянавана. Вось так мы пішам рашэньні і так іх выконваем! Так што сытуацыя цяжкая.

У Беларусі навукаёмістасьць ВУП апошнія гады складае каля 0,5%, што ніжэй за парогавае значэньне, вызначанае Канцэпцыяй нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь (1%).

Цытата са Стратэгіі: «Ключавы паказьнік узроўню навукі і інавацый — навукаёмістасьць ВУП. У вядучых краінах сьвету яе велічыня складае ў сярэднім 2,5 — 3% ад ВУП. У Беларусі навукаёмістасьць ВУП апошнія гады складае каля 0,5%, што ніжэй за парогавае значэньне, вызначанае Канцэпцыяй нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь (1%)».

— Ну і вечнае пытаньне: што рабіць?

— Неабходны рэальны плян канкрэтных дзеяньняў і выканьне яго. Вядома, можна сабрацца на зьезд, чарговы раз паразмаўляць, нешта абмеркаваць, прыняць, як было і на першым зьезьдзе. Але ж нічога ня зроблена! Трэба пакрокавыя пляны, якія давядзецца пастаянна карэктаваць. Зьявіліся лазэры — і ўсё па-новаму пайшло ў навуцы. Зьявіліся інфармацыйныя тэхналёгіі, інтэрнэт — і сьвет перакуліся, усё пайшло па-новаму. Немагчыма прадугледзець стратэгію і рабіць прагнозы ў навуцы на чвэрць стагодзьдзя наперад.

Безумоўна, навукоўцы працуюць, ёсьць сур’ёзныя дасягненьні, адкрыцьці, перамогі. Але канкрэтнага пляну разьвіцьця няма ні ў Акадэміі навук, ні ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG