Арабскую вуліцу можна ігнараваць, але, як паказала «арабская вясна» — гэта можа скончыцца вельмі кепска
— Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прыйшоў час прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю. Да гэтага амэрыканскія прэзыдэнты не рызыкавалі выканаць гэтае рашэньне Кангрэсу, кожны раз адкладаючы яго, заяўляючы пра «праблемы для нацыянальнай бясьпекі». Якія наступствы гэтага рашэньня Трампа вы бачыце для ЗША і Блізкага Ўсходу?
— Перш за ўсё гэтае рашэньне ставіць цэлы шэраг рэгіянальных дзяржаў,
напрыклад Саудаўскую Арабію, перад цяжкім выбарам — як на яго рэагаваць. Акурат у той сытуацыі, калі Саудаўская Арабія была амаль гатовая злучыць свае сілы з Ізраілем у сваім велізарным рэгіянальным процістаяньні з Іранам.
І тут раптам такое рашэньне. Яго нельга назваць нечаканым, бо Трамп ужо зрабіў некалькі вельмі рэзкіх крокаў, якія наўрад ці могуць абапірацца на кансэнсус у амэрыканскім палітычным істэблішмэнце. Напрыклад, фактычна выдаўшы Саудаўскай Арабіі карт-блянш на вялікую разборку ў рэгіёне, заняўшы жорсткую пазыцыю ў стаўленьні да пагадненьня з Іранам. Таму цяперашняе рашэньне пра Ерусалім патэнцыйна б’е па тым гешэфце, які мог адбыцца паміж Ізраілем і Саудаўскай Арабіяй.
— Магчыма, адміністрацыя Трампа палічыла, што для Саудаўскай Арабіі пытаньне Ерусаліму ўжо не настолькі важнае, як праблема геапалітычнага процістаяньня з Іранам — і дзеля гэтага саудаўскае кіраўніцтва можна ігнараваць настроі «арабскай вуліцы»?
— Трамп мае ў Саудаўскай Арабіі такога даволі рызыкоўнага партнэра ў асобе караля Салмана і ягонага сына, якія цягам апошніх гадоў вырашылі зламаць многія зь няпісаных часам законаў у пляне кіраваньня краінай, больш лібэральнага бачаньня ісламу. Арабскую вуліцу можна ігнараваць і рабіць выгляд, што ўсё пад кантролем, але, як паказала «арабская вясна» — гэта можа скончыцца вельмі кепска.
Гэта вельмі рызыкоўная гульня, калі Саудаўская Арабія паспрабуе праігнараваць гэты крок Трампа. Можа, адразу нічога не адбудзецца, але там ужо зьляпіўся ладны сьнежны камяк, які можа абрынуцца на галовы саудаўскага кіраўніцтва. І гэтыя нядаўнія арышты прынцаў, і адмовы ад нефармальных мэханізмаў, якія заўсёды выкарыстоўваліся ўнутры саудаўскай улады — усё гэта можа прывесьці ў больш аддаленай пэрспэктыве да таго, што зьменіцца дзяржаўны лад Саудаўскай Арабіі.
— Пазытыўныя камэнтары наконт пераносу амэрыканскай амбасады ў Ерусалім пакуль можна пабачыць пераважна толькі ў Ізраілі. А якую карысьць, акрамя ідэйных меркаваньняў, нясе гэтае рашэньне самому Ізраілю?
— Для Ізраілю гэта яшчэ адзін крок, каб кансалідаваць сваю пазыцыю ў палестынскім пытаньні — у пляне таго, што Ізраіль хоча вызначаць, як і ў якім выглядзе паўстане палестынская дзяржава. Ізраіль хацеў бы сам вызначаць тэрыторыю, якая будзе аддадзеная палестынцам. І дагэтуль самая вялікая праблема была зь Ерусалімам, які надта важны і сымбалічны. І калі Ізраіль вырашыць пытаньне Ерусаліму так, як ён хоча — што ўвогуле тады застаецца ад Палестыны? Мэтазгоднасьць стварэньня палестынскай дзяржавы тады проста ставіцца пад пытаньне.
— Калі прэзыдэнт ЗША Абама падпісваў вядомае міжнароднае пагадненьне наконт ядзернай праграмы Ірану, то супраць выступалі рэспубліканцы ў ЗША, а таксама Ізраіль і Саудаўская Арабія. Прэм’ер-міністар Ізраілю Нэтаньяху тады нават казаў, што ці не ўпершыню ў гісторыі габрэі і арабы выступаюць тут разам. У гэтым пытаньні назіраўся такі хаўрус паміж Ізраілем і кааліцыяй дзяржаў Пэрсыдзкай затокі на чале з Саудаўскай Арабіяй. Ці можна сказаць, што рашэньне Трампа пра Ерусалім можа парушыць гэты хаўрус?
— Гэтае рашэньне сапраўды падрывае асновы для гэтага саюзу. Гэта нейкая «чырвоная лінія», за якую ЗША заступілі. Магчыма, празь нейкі час кааліцыя дзяржаў на чале з Саудаўскай Арабіяй вырашыць, што пытаньне Ерусаліму другаснае, а процістаяньне з Іранам — гэта галоўнае. Гэтага нельга выключаць, бо сапраўды цяпер вельмі брутальнае супрацьстаяньне ідзе паміж гэтымі дзьвюма групоўкамі дзяржаў.
— А чаму апошнія месяцы так абвастрылася гэтае традыцыйнае процістаяньне паміж шыіцкімі (Іран) і суніцкімі (Саудаўская Арабія) дзяржавамі? Ці можа гэта прывесьці да вялікай вайны ў рэгіёне?
— Абвастрэньне можна зьвязваць зь некалькімі чыньнікамі. Найперш можна ўзгадаць такую рэч, як зьмену кіраўніцтва ў Саудаўскай Арабіі, і тое, што новае кіраўніцтва мае даволі арыгінальныя ўяўленьні, як павінен выглядаць сьвет вакол краіны. Зь іншага боку, магчыма, любое саудаўскае кіраўніцтва вымушанае было б рэагаваць на тую сытуацыю, якая складаецца ў рэгіёне. Проста з той прычыны, што Іран і ягоныя хаўрусьнікі выйгралі па цэлым шэрагу пунктаў і цяпер гатовыя кансалідаваць гэтыя выйгрышы. Гэта тычыцца таго ж умацаваньня «Хезбалы», якое ішло ўсе гэтыя гады. Іран здолеў выратаваць свайго хаўрусьніка Асада ў Сырыі, тыя ж дзеяньні хусітаў у Емэне.
То бок шмат розных пунктаў, у якіх Іран здабыў перамогу. Так што Саудаўская Арабія ў любым выпадку павінна была быць занепакоеная гэтымі падзеямі.
Глябальнай канфрантацыі ўсяго ісламскага сьвету з Ізраілем ня будзе — як, зрэшты, ніколі і не было
— Дык ці можа пытаньне Ерусаліму зноў на час адсунуць убок шыіцка-суніцкае процістаяньне, так што ўсе ісламскія краіны зноў «пераключацца» на Ізраіль? Ці гэта немагчыма, у тым ліку таму, што Ізраіль даўно навучыўся знаходзіць сабе саюзьнікаў у ісламскім сьвеце?
— Ізраіль даўно гэта ўмее рабіць. Цяпер, бадай, усе бакі будуць шукаць нейкага выйсьця. З аднаго боку, будзе вельмі ваяўнічая пазыцыя Ірану і ягоных хаўрусьнікаў — Іраку, Сырыі, «Хезбалы», емэнскіх сілаў. Але Саудаўская Арабія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты зь імі ні пры якіх умовах не самкнуць шэрагі. Яны будуць шукаць выйсьця, якім чынам вызначыць статус Ерусаліму, каб захаваць твар і не перасварыцца з усімі. Глябальнай канфрантацыі ўсяго ісламскага сьвету з Ізраілем ня будзе — як, зрэшты, ніколі і не было.
— Як цяпер выглядае сырыйскі канфлікт? Ці можна сказаць, што ў ім можа быць пастаўленая нейкая кропка? Ідуць пераможныя рэляцыі пра паразу Ісламскай дзяржавы? Ці можа Расея пасьля рашэньня Трампа прэтэндаваць на больш важную ролю на Блізкім Усходзе? Маўляў, ЗША ўжо ня могуць быць пасярэднікам, бо сталі на бок Ізраілю, а вось Расея можа...
— Тое, што расейская ТВ абвяшчае перамогай — гэта толькі крок да выбарчай кампаніі Пуціна. 30 працэнтаў пад кантролем курдаў, 10 працэнтаў — апазыцыі. Пра гэта маўчаць. Але разам з тым ёсьць сустрэчы паміж кіраўнікамі Расеі, Турэччыны і Ірану — Пуціным, Эрдаганам і Рухані, і ёсьць разуменьне, што пэўны статус-кво будзе захоўвацца. На тое, каб канфлікт разгараўся, ужо няма рэсурсаў і ахвочых, нафту таксама ўжо падзялілі. Пытаньне канфлікту ў Сырыі — гэта цяпер пытаньне таго, як аформіць тыя межы, якія ўсталяваліся ваенным чынам.
Ці гэта перамога для Расеі? Здаецца, Масква ўвогуле пачала апэрацыю ў Сырыі, каб знайсьці выйсьце з сытуацыі з Украінай. Выйсьці з сытуацыі з Украінай не было знойдзена — таму якая тут перамога?
Беларусь у рэгіёне даўно заняла бок кааліцыі арабскіх рэжымаў
— Як на фоне гэтых геапалітычных праблемаў можна ацаніць пазыцыю Менску ў гэтым рэгіёне? Раней здавалася, што Беларусь будавала «стратэгічнае партнэрства» з Іранам. Цяпер выглядае, што Беларусь імкнецца знайсьці большую раўнавагу ў гэтым рэгіёне.
— Я б не назваў гэта раўнавагай. Беларусь вырашыла заняць бок той кааліцыі, якая мае больш шанцаў на перамогу і ў якой відавочна больш грошай. Гэта кааліцыя кансэрватыўных арабскіх рэжымаў.
Партнэрства з Іранам — гэта вельмі даўнія справы. Цяпер кантакты Менску з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі — найбліжэйшым партнэрам Саудаўскай Арабіі — ніяк не параўнальныя з кантактамі з Іранам і Сырыяй, гэта неба і зямля. У 2011 годзе Менск відавочна перайшоў на бок арабскіх дзяржаў, больш заможных і зьвязаных з Захадам. Да гэтага можна дадаць і моцнае супрацоўніцтва з Турэччынай, якая, у прынцыпе, належыць да таго самага лягеру на Блізкім Усходзе.
Так што нават нельга казаць, што Менск у гэтым рэгіёне кладзе яйкі ў розныя кошыкі. У іранскі кошык Беларусь цяпер нічога не кладзе, бо лічыць яго дзіравым. Пазыцыя Менску тут нашмат больш адназначная, чым звычайна пра яе пішуць.