Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд не задаволіў скаргу Някляева на незаконны арышт


У Менскім гарадзкім судзе разгледжана скарга паэта і грамадзкага дзеяча Ўладзімера Някляева на прысуд за нібыта заклікі да «Маршу абураных беларусаў 2.0».

Скаргу Някляева суд не задаволіў. Разглядаў яе судзьдзя Максім Лабко.

1 лістапада Ленінскі раённы суд Менску прызнаў Уладзімера Някляева вінаватым у закліку да акцыі 21 кастрычніка і асудзіў на 10 сутак арышту. Пастанову вынесла судзьдзя Сьвятлана Метлянок.

Сёньня перад разглядам скаргі заяўнік прасіў далучыць да матэрыялаў мэдыцынскія даведкі аб стане здароўя. Палітык мяркуе, што яго арыштоўваюць мэтанакіравана.

«Апошні крыз, які я перанёс у турме, быў у верасьні, вельмі цяжкі. Гэта сыстэма. Мяне затрымліваюць, не даюць лекаў, даводзяць да крызу і чакаюць, што будзе. Калі мінулы раз давалі 7 сутак, са мной былі мэдыцынскія дакумэнты, што я знаходжуся ў перадынсультным стане. Суд іх забраў, а потым у справе іх не аказалася», — расказаў судзьдзю Ўладзімер Някляеў.

Пра сытуацыю напярэдадні суду 1 лістападу Някляеў сказаў наступнае:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«Мяне папярэджвалі, каб прызнаў віну, маўляў, „аддзелаесься“ штрафам. Але я ня мог прызнаць, бо ня быў там. Мяне журналіст „Белсату“ запытаў, ці буду я на акцыі, я адказаў, што не. Але сказаў, што калі людзі адчуваюць волю змагацца, дык трэба выходзіць.

Яшчэ адзін факт, які мяне зьбянтэжыў. На акцыі я ня быў, але мне далі 10 сутак. А некалькі ўдзельнікаў, хто былі, іх таксама судзілі, але далі меншае пакараньне. Значыць, ёсьць устаноўка, каб мяне давесьці да таго, пра што я ўжо казаў. Даводзяць да інсульту. Калі мяне садзілі за ўдзел у акцыях, я разумеў, за што. Але тут не разумею. Бо ня ўдзельнічаў».

Адвакат палітыка настойваў, каб справу Някляева закрылі.

«Някляеў, як любы грамадзянін, мае права разьлічваць на адэкватнае стаўленьне. Ён мае права і на тое, каб пры прызначэньні яму пакараньня ўлічваўся стан здароўя. Ленінскі суд аказаўся пад уплывам таго, што Някляеў часта крытыкуе ўлады і знаходзіцца ў апазыцыі... Адкуль наогул узялася раздрукоўка з сайту „Хартыя-97“? Суд яе не дасьледаваў. Аўтэнтычнасьць перакладу ніхто не правяраў. Някляеў не павінен адказваць за тое, што зрабілі іншыя.

І галоўнае: адказ Някляева не зьмяшчае зьвестак пра час і месца акцыі, хоць яму менавіта гэта інкрымінуюць. Артыкулу, дзе ёсьць месца і час акцыі, Някляеў не пісаў. У пастанове суду не адзначана, якая менавіта фраза лічыцца „заклікам“. Магчыма, „калі ёсьць воля абараніць правы, дык трэба ісьці і бараніць“. Але гэта не заклік, а развага, выказваньне сваёй думкі. Інтанацыя таксама не адпавядае закліку, гэта відаць з запісу».

Уладзімер Някляеў да гэтага дадаў:

«Словы можна трактаваць па-рознаму, але калі словы ёсьць прадметам судовага разбору, тады мусяць правесьці экспэртызу таго, што сказана. Ня можа капітан, які складаў пратакол, ды яшчэ з памылкамі, пераважыць экспэртызу трох аргінізацый — БАЖу, Саюзу пісьменьнікаў, ПЭН-цэнтру. Усе кажуць, што закліку не было, а суд прымае тое, што сказаў міліцыянт. Трэба ж паважаць людзей, якія пішуць, прафэсійна займаюцца словам. Гэта, мякка кажучы, несправядліва».

Праз 5 хвілін судзьдзя абвясьціў вырак — пастанова Ленінскага суду застаецца ў сіле.

Пра папярэднюю адседку на Акрэсьціна Ўладзімер Някляеў згадаў: «Ды ўжо прызвычаіўся. Толькі б давалі аловак, каб мог пісаць, але ж не даюць. Кажуць, што магу сабе вока пашкодзіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG