Паўтарагадзінная стужка — вынік шматгадовых вандровак Юльена па Беларусі і Расеі, падчас якіх ён фіксаваў сустрэчы Алексіевіч з самымі рознымі людзьмі.
Мастацкае ўвасабленьне страшнага экспэрымэнту
Гутаркі, аб’яднаныя адной тэмай — каханьне ў савецкай таталітарнай краіне і пасьля яе развалу — пісьменьніца працягвае ўвасабляць у чарговую кнігу. Кінадакумэнталіст за гэты час перанёс на экран тое, што пабачыў на ўласныя вочы.
«Рэжысэр 5 гадоў езьдзіў за мной, прысутнічаў на сустрэчах зь людзьмі, якіх я запісвала, — падзялілася са Свабодай Сьвятлана Алексіевіч. — Так, можна казаць пра супрацу, мы абое былі далучаныя да адной дзеі. Хоць кніга будзе ўсё ж іншай... Ён у першую чаргу хацеў зрабіць фільм пра беларускую пісьменьніцу, і ўжо празь мяне — пра людзей, пра якіх я пішу. Кампанаваў па-свойму, паколькі зьвязаны сюжэтам — з аповеду мог узяць тры-чатыры сказы.
Як мне здалося, атрымалася добра. Галоўнае, што ён сам вельмі шчыра любіць гэтых людзей, гэтае жыцьцё. Калісьці прачытаў усе мае кнігі, увесь цыкль, быў надзвычай узрушаны тымі, хто дазволіў над сабой такі страшны экспэрымэнт».
Трэйлер фільму «Lyubov»:
Прэм’ера адбылася спачатку ў вузкім коле для швэдзкіх інтэлектуалаў, потым быў арганізаваны паказ для шырокай аўдыторыі.
На імпрэзу былі запрошаныя некаторыя героі кінааповеду — культуроляг Юлія Чарняўская, сацыёляг Жана Грышчанка, мастак Уладзімер Шчаўкун. З прычыны хваробы Сьвятлана Алексіевіч далучыцца да іх ня здолела.
«Яны езьдзілі па самых розных месцах — ад Масквы і да беларускіх вёсак, — гаворыць Юлія Чарняўская. — Стафан таксама слухаў тыя гісторыі, было адзьнята 90 гадзін, у выніку для фільму пакінулі 90 хвілін. Выбрана некалькі гісторый, каля дзясятка. Ёсьць людзі як дастаткова вядомыя — удава маскоўскага дэмакрата, літаратуразнаўцы Юрыя Каракіна, наш мадэльер Саша Варламаў, сацыёляг Жана Грышчанка — так і зусім не публічныя. Як разумею, выбіралася ўсё паводле, скажам так, розных мадэляў каханьня.
Што тычыцца мяне, то я там ёсьць, але без гісторыі. Справа ў тым, што Стафан здымаў мяне для іншага фільму — пра „чырвонага чалавека“, які яшчэ нават не пасьпела паглядзець. Там якраз быў фрагмэнт пра каханьне. Але я кажу як антраполяг, я не расказваю сваю гісторыю, яна яшчэ працягваецца».
Візуальны і вэрбальны кантэкст каханьня
Паводле Юліі Чарняўскай, адна з заляў галерэі Liljevalchs konsthall, дзе ладзіцца паказ, была стылізаваная пад мінімалісцкі інтэр’ер савецкага кінатэатру. Там кінасэансы заплянаваныя больш чым на месяц — цікавасьць да стужкі надзвычайная. Сярод першых гледачоў быў заўважаны і колішні амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стафан Эрыксан.
«Для фільму выбрана цікавая форма — несупадзеньне відэа- і вэрбальнага шэрагу, — працягвае суразмоўца. — Рэжысэр і апэратары фіксаваліся на тым, чаго ў Швэцыі ўжо не пабачыш. Гэта можа быць і заводзкі пэйзаж, і побытавы, калі з дому выходзіць чалавек у майцы і трэніках выгуляць сабаку, і вясковы — як па вуліцы ідзе статак кароў. Карцінка мусіць адрозьніць нас ад швэдаў. А слоўны павінен прадэманстраваць якраз адваротнае — што існуюць мадэлі каханьня, на якіх мы ўсе здольныя зразумець адно аднаго.
Паколькі я яшчэ выступала на гэтых імпрэзах і як дасьледчыца, казала пра савецкае і постсавецкае каханьне, да мяне падыходзілі людзі. Іх цікавіла ўсё: ці было каханьне ў сталінскія часы, што адбылося з атрыманьнем незалежнасьці. Вельмі глыбокая і шчырая расчуленасьць у пэўных эпізодах фільму. Тое, дзеля чаго Стафан 5 гадоў езьдзіў па Беларусі, было недарэмна».
Галоўны здабытак стужкі, на думку Юліі Чарняўскай, у тым, што швэды спазналі, убачылі беларусаў на свае вочы. Ня толькі па кнігах добра вядомай ім Алексіевіч, але і пабачылі жывых, рэальных людзей.
Дзьвюх жонак аднаго памерлага мастака, першая зь якіх апякуецца другой. Мастака, які гадуе дзяўчынку з ДЦП. Разьведзеных жонку і мужа, якія жывуць у адной кватэры. Старую вяскоўку, якая ў роспачы танчыла перад сьмяротна хворым мужам. Жанчыну, якая была замужам за супрацоўнікам КДБ.
«Практычна ўсе паказаныя гісторыі каханьня — на адлёце, — кажа Юлія Чарняўская. — Людзі расказваюць пра тое, што скончылася, толькі так відаць поўная карціна. Наогул лейтматывам дзьве сюжэтныя лініі. Найперш цудоўны пэрсанаж Люда, якая шмат гадоў перадрукоўвае Сьвятлане на машынцы яе тэксты. Яна слухае стэнаграмы. Люда не гаворыць ніводнага слова наогул. Разам з тым, што ў яе цудоўны, выразны твар, для мяне яна сымбаль жанчыны, якая пра сваё каханьне маўчыць. Пражывае жыцьці тых, хто расказвае, а пра сваё — бяз слоў. Даволі мэтафізычны вобраз.
Другі герой — мастак Валодзя і яго цяжка хворая дачка. Гэтая гісторыя расказваецца цягам усяго аповеду. Да Валодзі потым вельмі многія падыходзілі, расказвалі пра сваіх дзяцей. Адрозна ад нас, у Швэцыі сацыяльныя нормы даўно сфармаваныя, таму нешта раілі, нечым цікавіліся. Вельмі вялікае жаданьне зразумець, дапамагчы».
Як кажа Юлія Чарняўская, у аўтара фільму «Lyubov» Стафана Юльена ёсьць вялікае жаданьне паказаць сваю працу ў Беларусі. Перадусім ён хацеў бы атрымаць зваротную рэакцыю ад тых, хто штодня існуе ў кантэксьце, які на Захадзе да канца так і не зразумелі.