Афіцыйная сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі — Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна — на саміце Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Віетнаме 10 лістапада не адбудзецца. Пра гэта паведаміла журналістам прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс.
Па словах Сандэрс, расклады абодвух прэзыдэнтаў не дазваляюць узгадніць час сустрэчы. Прэс-сакратар Белага дома пры гэтым падкрэсьліла, што нефармальная размова паміж Трампам і Пуціным ня выключаная, паколькі абодва лідэры будуць знаходзіцца «адначасова ў адным і тым жа месцы».
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў «РИА Новости», што ўзгадненьне сустрэчы працягваецца. Паводле яго, яснасьці пакуль няма.
Раней Дональд Трамп казаў пра магчымую сустрэчу з расейскім лідэрам на саміце Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Віетнаме. Ён паведаміў журналістам, што «хацеў бы атрымаць дапамогу Пуціна» ва ўрэгуляваньні паўночнакарэйскага крызісу, а таксама абмеркаваць сытуацыю ў Сырыі і ва Ўкраіне.
Першая сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і ЗША адбылася ў ліпені на саміце «Групы дваццаці» ў Нямеччыне. Пуцін і Трамп размаўлялі больш за дзьве гадзіны. Асноўнымі тэмамі перамоваў былі Сырыя, Украіна, сытуацыя вакол КНДР, пытаньні кібэрбясьпекі і барацьбы з тэрарызмам.