Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Просто человек — человек г…но»


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У Зьмітра Панкаўца валасы ўстаюць старчма ад таго, што расейскі рэжысэр Ягор Канчалоўскі выступае за помнік Сталіну ў Маскве і кажа пра важныя дасягненьні Івана Грознага.

Зьмітра ўражвае, што гэты Канчалоўскі вучыўся ў Лёндане і Кембрыджы. А я думаю, што падобныя заявы будуць уражваць нас да той пары, пакуль не перастанем жыць у расейскай інфармацыйнай прасторы або будзем цалкам гэтай прасторай паглынутыя. Пакуль жа ні першае, ні другое не адбылося, трэба кожнага разу ўсьведамляць розьніцу: чаму так адбываецца і чаму нас гэта ўражвае.

Яшчэ ня зьнік з памяці скандальны овэркіль бацькі гэтага Ягора, знакамітага Андрона Канчалоўскага, які з трывалай праэўрапейскай пазыцыі раптам зрабіўся заўзятым імпэрцам. У камэнтарах да паста Зьмітра Панкаўца згадалі і зусім нядаўняе выказваньне жонкі Ягора пра натуральнасьць сэксуальных дамаганьняў мужчыны, бо «ён для гэтага створаны».

Расейская інтэлігенцыя ў масе сваёй заўсёды падтрымлівала палітыку ўладаў, дастаткова прыгадаць першых зорак – Пушкіна і Дастаеўскага. Выключэньні нараджалі ізгояў. І ніякі Лёндан з Кембрыджам тут нічога не зьмяняе. Кім Чэн Ын таксама вучыўся ў Швэйцарыі.

Прычына гэтай зьявы мае вельмі глыбокія, можна сказаць, спрадвечныя карані.

Гаворка ідзе пра Эпоху гуманізму ў Эўропе, якая зьмяніла чалавечую цывілізацыю. Чалавечае жыцьцё пачало мець вагу, нават выйшла на першае месца ва ўяўленьні людзей пра каштоўнасьці, прапісалася ў заканадаўстве. У Расеі гэтай Эпохі не было. Нездарма і сёньня там грэбліва ставяцца да ідэі гуманізму, да «так званых правоў чалавека». Пік гэткіх адносінаў быў дасягнуты ў часы сталінскіх рэпрэсій і ў мінулую вайну («бабы новых нарожают»). Многія ў Расеі шчыра сумуюць па тых часах і прагнуць іхнага вяртаньня. І інтэлігенцыя тут апынаецца ў першых шэрагах.

Ня так даўно я натрапіў на вясёлую песеньку, добра зроблены кліп, усё вельмі дасьціпна. На першы погляд. Называецца песенька «Просто человек г…но». У галоўнай ролі там зьняўся папулярны расейскі камэнтатар Васілій Уткін, які, між іншым, часьцяком наяжджае на беларусаў, літаральна тыдзень таму ён учыніў у сеціве чарговы скандал.

Дык вось, пры ўсім жаданьні я не магу ўявіць, каб такую вясёлую песеньку склеілі хоць бы дзе ў сьвеце, апроч Расеі. І ў нас у Беларусі не магу. Думаю, менавіта таму, што продкі сучасных беларусаў Эпоху гуманізму прайшлі ў складзе Эўропы і ў поўным аб’ёме. Чалавек – не г…но.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG