Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што выявіла сьмерць Аляксандра Коржыча


На магіле Аляксандра Коржыча
На магіле Аляксандра Коржыча

Трэці тыдзень актыўная частка грамадзтва абмяркоўвае праблему «дзедаўшчыны» ў войску, кіпяць жарсьці ў сацыяльных сетках; ідзе дыскусія, ці варта патрабаваць адстаўкі міністра абароны; улады прымаюць усё новыя захады, каб зьбіць шквал крытыкі ў свой адрас.

У некаторых інтэрнэт-суполках актыўна абмяркоўваецца пытаньне, чаму менавіта цяпер гібель вайскоўца выклікала такое абурэньне. Бо сьмяротныя выпадкі здараюцца ў беларускім войску рэгулярна, але дасюль гэта людзей ня вельмі хвалявала.

Дзьве прычыны гэтай зьявы навідавоку. Найперш, роля інтэрнэту як крыніцы інфармацыі значна ўзрасла апошнім часам. Ім рэгулярна карыстаюцца каля 70% беларусаў, прычым, што ня менш важна, прыкладна палова зь іх зарэгістраваныя ў сацыяльных сетках. А роля тэлебачаньня, а значыць, і дзяржаўных тэлеканалаў, зьмяншаецца. Гэта значыць, з дапамогай сацыяльных сетак зьявіліся тыя самыя гарызантальныя сувязі, якіх у беларускім грамадзтве так бракавала.

Бо насельніцтва Беларусі дасюль інтэграванае ў соцыюм з дапамогай дзяржаўнай вэртыкалі, якая дзейнічае паводле прынцыпаў падпарадкаваньня грамадзян уладным інстытутам. Працоўныя калектывы, дзе існуюць пэўныя гарызантальныя сувязі, жорстка падпарадкаваныя ўладам, яны выконваюць у Беларусі палітычную функцыю, а менавіта функцыю кантролю за дабранадзейнасьцю і ляяльнасьцю работнікаў з дапамогай кантрактнай сыстэмы. (Гэта, дарэчы, яшчэ адна з прычын, чаму Лукашэнка ўпарта працівіцца прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці). Абдзяржаўленыя масавыя грамадзкія арганізацыі кшталту ФПБ, БРСМ — гэта працяг той жа вэртыкалі.

Грамадзянскай супольнасьці ў заходнім разуменьні ў Беларусь дасюль няма. Улады робяць усё, каб перашкодзіць шырокаму, незалежнаму ад дзяржавы ўзаемадзеяньню людзей адно з адным.

А гарызантальныя сувязі паміж беларусамі вельмі слабыя. Яны амаль не выходзілі за межы сям’і, сваякоў і невялікага кола сяброў. Грамадзянскай супольнасьці ў заходнім разуменьні ў Беларусь дасюль няма. (Тое, што «трэці сэктар» назвалі грамадзянскай супольнасьцю — гэта вялікая нацяжка). Улады робяць усё, каб перашкодзіць шырокаму, незалежнаму ад дзяржавы ўзаемадзеяньню людзей адно з адным. Адсюль вядомая выснова пра слабую салідарнасьць у беларускім грамадзтве.

І яшчэ адна выснова з такой мадэлі. Павага, нават пэўнае пакланеньне і піетэт беларусаў да дзяржавы (параўнайце з украінцамі) часткова мае і рацыянальнае тлумачэньне. Спрацоўвае інстынкт самазахаваньня. Бо пры слабасьці ці нават адсутнасьці гарызантальных сувязяў трэба трымацца за вэртыкальную інтэграцыю, якая аб’ядноўвае насельніцтва ў грамадзтва, дзяржаву, нацыю, бо калі і яна дасьць трэшчыну, то беларускі соцыюм можа ўвогуле рассыпацца.

Дык вось цяпер з дапамогай віртуальных сацыяльных сетак ствараюцца гарызантальныя сувязі, аднаўляецца салідарнасьць, пачынае фармавацца грамадзянская супольнасьць. Зразумела, віртуальная грамадзянская супольнасьць моцна адрозьніваецца ад рэальнай. Яе актыўнасьць большай часткай абмяжоўваецца шчыраваньнем у «Фэйсбуку», «Аднакаласьніках» і на іншых інтэрнэт-плятформах. Але ў беларускіх умовах і гэта — пэўны рух наперад.

Эканамічны крызіс, падзеньне ўзроўню жыцьця значна зьнізіў давер грамадзтва да дзяржаўнага кіраўніцтва. Людзей пачало чапляць усё, што робіць улада.

Другая прычына таго, чаму менавіта цяпер гібель вайскоўца выклікала такое абурэньне, палягае ў тым, што ступень раздражненьня ўладамі ў Беларусі значна ўзрасла. Эканамічны крызіс, падзеньне ўзроўню жыцьця значна зьнізіў давер грамадзтва да дзяржаўнага кіраўніцтва. Гэта было добра відаць падчас вясновых акцый недармаедаў. Таму людзей пачало чапляць усё, што робіць улада. Віталь Цыганкоў сфармуляваў гэты тэзіс у «Фэйсбуку» вельмі афарыстычна: «„Сярэдняя тэмпэратура па бальніцы“ яўна паднялася. Цяпер у самых розных месцах зрывае кляпаны — там, дзе раней, здавалася б, было ўсё спакойна».

Яшчэ адно цікавае назіраньне. Гэтая трагічная гісторыя сьмерці вайскоўца Аляксандра Коржыча зьяўляецца выдатнай ілюстрацыяй, як працуе сыстэма правасудзьдзя ў Беларусі. Як толькі зьявіліся першыя паведамленьні пра гэтую драму ў Печах, улады спачатку, як звычайна, паспрабавалі спусьціць справу на тармазах. Сьледзтва асноўнай вэрсіяй таго, што адбылося, назвала суіцыд, адмовілася заводзіць крымінальную справу. А прэс-сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў сумневы родных і сяброў Коржыча ў дачыненьні гэтай вэрсіі «чуткамі і здагадкамі». Хоць якое можа быць самагубства, калі цела салдата знайшлі павешаным са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай?

Але як толькі Лукашэнка запатрабаваў жорстка разабрацца, то раптам усё радыкальна памянялася. Сьледчы камітэт празь сем дзён пасьля сьмерці Коржыча раптам пачаў крымінальную справу, насуперак ранейшай афіцыйнай вэрсіі пра самагубства, ягоная прэсавая служба стала вельмі адкрытая, увесь час паведамляе пра новыя затрыманьні падазраваных у злачынстве вайскоўцаў.

І Міністэрства абароны раптам зрабілася відушчым і прызнала, што інфармацыя пра «дзедаўшчыну» — гэта ня «чуткі і здагадкі». Загадам міністра абароны за непрыняцьце вычарпальных захадаў у падтрыманьні статутнага парадку адхіленыя ад пасадаў сем службовых асобаў, у тым ліку камандзір вайсковай часткі, дзе праходзіў службу загінулы вайсковец, а пяць службовых асобаў звольненыя з шэрагаў Узброеных Сіл.

Значыць, гэта не правасудзьдзе па закону, а правасудзьдзе па загаду.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG