Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Там сапраўдная група забойцаў», — сваякі Аляксандра Коржыча ня вераць у вэрсію пра самагубства


Трагедыя ў доме Сашы Коржыча
Трагедыя ў доме Сашы Коржыча

Родныя Аляксандра Коржыча, які загінуў у вайсковай частцы пад Барысавам, лічаць, што вэрсія пра суіцыд проста не вытрымлівае крытыкі. Сваякі і сябры Аляксандра кажуць, што не адчуваюць нейкага ціску з боку праваахоўнікаў ці вайскоўцаў, але перакананыя, што калі б не было такога рэзанансу, то, магчыма, і сьледзтва не было б.

Сяргей, блізкі сваяк Аляксандра Коржыча, спадзяецца, што людзі, якія вядуць сьледзтва, зробяць сваю працу сумленна:

«Вэрсія сьледзтва пра тое, што гэта самагубства, — проста глупства. Ня будзе чалавек сыходзіць такім чынам з жыцьця: зьвязваць сабе ногі, накідваць майку на галаву. Вэрсія, паводле якой прапаршчык забраў картку і прысабечваў грошы, таксама ўжо іншы артыкул Крымінальнага кодэксу. Але хоць нейкія зрухі ёсьць. Пакуль рана даваць ацэнку дзеяньням сьледчых. Але справа разьвярнулася. Таму пабачым. Будзе зразумела ўсё па выніках дадзеных экспэртызы.

Мне здаецца, што гэта ўвогуле вялікая машына для вымаганьня грошай. Выцягваюцца грошы з кішэняў бацькоў маладых салдат. Я думаю, што там замяшаныя ня толькі сяржанты, магчыма, што яны не забіраюць усё сабе, але існуе сыстэма».

Саша Коржыч у войску (зьлева)
Саша Коржыч у войску (зьлева)

Пытаньні да сьледчых

Сяргей кажа, што мае некалькі пытаньняў, на якія пакуль няма адказу:

«Зьвяртае на сябе ўвагу вельмі важны момант: салдат, які знайшоў Сашу ў пятлі. Афіцыйна паведамлялася пра тое, што гэты вайсковец зьмешчаны ў Навінкі. Нібыта ў яго зафіксаваныя псыхічныя адхіленьні і ён ў адной з клінік Менску. Але пра яго цяпер ніхто нічога не гаворыць: ні хто ён, ні што ён. Хоць для сьледзтва ён вельмі важны. Мы спрабавалі нешта пра яго даведацца, але пакуль аніякіх зьвестак няма.

Другі момант — зьяўленьне загадкавай дзяўчыны. Паводле Сашыных сяброў, якія служылі зь ім, недзе ў канцы верасьня зьявілася нейкая дзяўчына, якая нібыта прыяжджала да яго, прывозіла грошы, лекі. Пасьля сьмерці Сашы яна пачала размаўляць у сацыяльных сетках зь ягонымі сябрамі. Пісала, што пасябравала зь ім, і досыць падрабязна апісвала апошні месяц ягонага жыцьця ў войску. Але адмаўлялася ад наўпроставага кантакту. А калі стала вядома пра допыт прапаршчыка Артура Вірбала, то выявілася, што гэтая дзяўчына — ягоная сяброўка ў сацсетках. Гэта незразумела, бо Саша не расказваў пра яе сваім сябрам. Можа, гэта ўсё плёткі, але агучваецца, што яна сястра таго прапаршчыка. Але для сьледзтва высьветліць, хто яна, ня будзе складана».

Сьвятлана Мікалаеўна, маці Сашы Коржыча
Сьвятлана Мікалаеўна, маці Сашы Коржыча

Такая армія нам не патрэбна

Мама Аляксандра Коржыча спадзяецца, што вінаватыя ў сьмерці яе сына будуць пакараныя згодна з законам.

«Забойцы ў пагонах. Яны нас першымі і расстраляюць». Мама Аляксандра Коржыча пра армію ў Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00

«Для мяне ўсе гэтыя падзеі — нібы страшны сон. Я нават не магла сабе ўявіць, што нашы вайскоўцы, што наша армія, што нашы вайсковыя кіраўнікі, якіх мы ўтрымліваем за свой кошт, могуць такое рабіць. Я спадзяюся, што гэта не застанецца беспакараным. Але пачынаць трэба ня з тых сяржантаў, кшталту Бэйрана ці Бараноўскага. А пачынаць з камандзіра часткі і ротнага. Гэтага не аднаго рук справа, там сапраўдная група забойцаў.

Провады Аляксандра ў армію
Провады Аляксандра ў армію

Я лічу, што такая армія нам не патрэбна. Ня ведаю, навошта зьбіраць у арміі забойцаў. Яны ж ня могуць нас абараніць — ні нас, ні нашу дзяржаву, ні нашага прэзыдэнта. Яны нікога не абароняць. Я лічу, што такія людзі — забойцы ў пагонах —нас жа першых і расстраляюць, бо яны маюць доступ да зброі. Яны першымі нас абрабуюць і заб’юць».

Сябры праводзяць Аляксандра ў армію
Сябры праводзяць Аляксандра ў армію

«Чакаю, калі Саша разьвітаецца са мной»

Найлепшы сябар Аляксандра Коржыча Ільля кажа, што Саша ніколі ня быў канфліктным чалавекам. Камунікаваў ён у асноўным са старэйшымі ад сябе. Але звычайна знаходзіў агульную мову з усімі. Ільля кажа, што нават ня мог уявіць, што нешта падобнае адбудзецца зь ягоным сябрам:

«Сьмерць Сашы для мяне шок. Ён ня мог проста так закончыць сваё жыцьцё. Зараз я чакаю, калі мой найлепшы сябар прыйдзе да мяне ў сьне. Знаёмыя расказвалі, што сьнілі яго. Адзін з нашых агульных знаёмых бачыў у сьне Сашу. Былі я, мой тата і Саша, адзеты ў белае. Саша хацеў нешта пакласьці ў рот, а ў яго запыталі, маўляў, а ці ён ужо гатовы? А той адказаў: можна, я яшчэ не пайду, пабуду тут».

Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

Найбольш складана ў Печах у так званым «Тэхасе»

У сацыяльных сетках існуе досыць шмат груп, якія складаюць салдаты, што цяпер служаць у вайсковых частках пад Барысавам. Ёсьць акаўнты і прапаршчыка Артура Вірбала. Большасьць вайскоўцаў не адказваюць на звароты. Не адказваюць і на тэлефанаваньні. Верагодна, што мабільнікі цяпер у сьледчых, якія вядуць справу.

Максім Агароднік, жыхар Гомлю, служыў у Печах некалькі гадоў таму. Пра выпадак з Сашам Коржычам ён даведаўся з інтэрнэту:

«Я не сутыкаўся зь нечым падобным, што апісваюць цяпер некаторыя. Але адзначу, што заўсёды найбольш складана ў Печах было ў так званым „Тэхасе“. Верагодна, што загінулы юнак там і служыў. У гэтай частцы заўсёды былі незразумелыя сытуацыі, было вельмі складана. „Тэхас“ — гэта кшталту тэхнічнага абслугоўваньня. Зрэшты, хлопцы, якія служылі ў Печах, могуць гэта пацьвердзіць. Чаму такое адбылося з Коржычам, нават уявіць складана. Тут немагчыма штосьці камэнтаваць, ня ведаючы дасканала ўсе падрабязнасьці справы».

Аляксандр Чаркоў, жыхар Янава, што на Берасьцешчыне, літаральна тыдзень як звольнены з арміі, таксама прайшоў Печы. Юнак пацьвердзіў пра так званы «Тэхас»:

«Ведаю, што ў „Тэхасе“ сапраўдныя „таскі“. Гэта значыць, усё вельмі распушчана і досыць складана. Аляксандру не пашанцавала, што ён трапіў менавіта туды. Але ў цэлым у мяне было ўсё ў парадку. Тут шмат што залежыць ад таго, якая школа, які нумар роты».

Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

Як разьвіваюцца падзеі

3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.

Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».

Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».

Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

На дзясяты дзень пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча ягонай маці Сьвятлане патэлефанавала прэс-сакратарка кіраўніка краіны Натальля Эйсмант. Яна перадала спачуваньні Аляксандра Лукашэнкі і паведаміла, што справа знаходзіцца на асабістым кантролі прэзыдэнта і будуць прынятыя ўсе меры для пакараньня вінаватых

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG