Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 кастрычніка заканчваецца тэрмін ультыматуму, выстаўленага ўрадам Гішпаніі каталёнскаму лідэру


Прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой падчас выступу ў парлямэнце краіны 11 кастрычніка
Прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой падчас выступу ў парлямэнце краіны 11 кастрычніка

16 кастрычніка мінае пяцідзённы тэрмін, які прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой даў кіраўніку рэгіянальнай улады Каталёніі Карласу Пудждэмону, каб той патлумачыў, ці ўжо абвешчаная незалежнасьць гэтага аўтаномнага рэгіёну на паўднёвым усходзе краіны.

Як сказаў Рахой, выступаючы ў парлямэнце Гішпаніі, калі за гэты час Пудждэмон адкажа, што незалежнасьць ужо абвешчаная, урад у Мадрыдзе дасьць Барсэлёне яшчэ тры дні, да 19 кастрычніка, каб адклікаць такую дэклярацыю аб незалежнасьці.

Калі гэтага не адбудзецца, Мадрыд зьвернецца да свайго права паводле 155 артыкулу Канстытуцыі Гішпаніі, якое дае цэнтральнаму ўраду краіны права фактычна спыняць аўтаномныя правы рэгіёну, якія не выконваюць сваіх абавязкаў паводле заканадаўства Гішпаніі, і браць на сябе прамое кіраўніцтва такім рэгіёнам.

У Каталёніі кіраўніцтва рэгіёну падпісала ўвечары 10 кастрычніка дэклярацыю аб незалежнасьці, але потым было абвешчана, што яе ўкараненьне спынілі на час, каб зрабіць магчымымі перамовы з Мадрыдам. Пры гэтым дакладны юрыдычны статус такога абвяшчэньня незалежнасьці застаўся ня вызначаным досыць выразна, каб Мадрыд мог прыняць канкрэтнае рашэньне ў адказ.

У Мадрыдзе раней ужо адпрэчвалі саму думку пра перамовы з Барсэлёнай наконт яе незалежнага статусу, адмаўляючы наогул саму ідэю аддзяленьня Каталёніі. Мадрыд прызнаў неканстытуцыйным рэфэрэндум з пытаньнем «Ці хочаце вы, каб Каталёнія стала незалежнай дзяржавай у форме рэспублікі?»: дзейная Канстытуцыя Гішпаніі (якая зьяўляецца канстытуцыйнай манархіяй) не прадугледжвае права рэгіёнаў на выхад з краіны і вызначае дзяржаву як унітарную.

З заявамі пра непрызнаньне магчымага самаабвяшчэньня незалежнасьці Каталёніі таксама ўжо выступілі ў шэрагу эўрапейскіх сталіц.

6 кастрычніка ў Каталёніі абвясьцілі канчатковыя вынікі рэфэрэндуму, які адбыўся насуперак супраціву Мадрыда: за незалежнасьць рэгіёну прагаласавалі больш за 90 адсоткаў удзельнікаў, але яўка склала менш за 43 адсоткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG