Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2018-м Расея закрыецца ад Эўропы. З намі ці бяз нас?


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Мой даўні сябра расейскі журналіст Андрэй Мальгін задумаўся пра блізкую будучыню Расеі. Чарговыя «выбары Пуціна» павінны адбыцца 18 сакавіка 2018 году.

«Калі дагэтуль мы зьяжджалі ў ізаляцыянізм і фашызм адносна плаўна, адразу пасьля выбараў працэс аб’ектыўна павінен паскорыцца. Цяпер, як мне здаецца, яго штучна замаруджваюць. Адразу пасьля выбараў усё вакол будзе мяняцца з шалёнай хуткасьцю».

Андрэй прадставіў прагноз кіраўніка міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Паўла Чыкава, які прадказаў канчатковую нэўтралізацыю палітычнай і нацыянальнай сувэрэннасьці рэгіёнаў РФ, выхад з Рады Эўропы, які здыме многія абмежаваньні (між іншым, адновяць сьмяротную кару), а таксама ўскладненьне працэдуры выезду з краіны.

Апроч гэтага, Чыкаў лічыць, што будуць забароненыя замежныя СМІ (Радыё Свабода ў першую чаргу), РФ выйдзе з ЭСПЧ. Адносіны з многімі краінамі Эўропы пагоршацца аж да закрыцьця прадстаўніцтваў, будзе пашыраная практыка пазбаўленьня грамадзянства. У тых, хто зьехаў, канфіскуюць маёмасьць. Рунэт будзе адключаны ад глябальнага сеціва.

Прагноз для Расеі, таму пра Беларусь ні Мальгін, ні Чыкаў ня кажуць. Але пагаджаюцца, што да курсу на імклівую самаізаляцыю РФ пасьля пераабраньня Пуціна.

Уся гісторыя Масковіі-Расеі — гэта самаізаляцыя зь перапынкамі. І, паводле Чыкава, акурат цяпер такі перапынак сканчаецца.

Можа быць, самы значны пэрыяд самаізаляцыі Масковіі адбыўся ў эпоху Адраджэньня, якую сучаснай Беларусі пашчасьціла перажыць разам з астатняй Эўропай. Адсюль у нас столькі замкаў і барочных храмаў, кнігі Скарыны і першыя ўнівэрсытэты, палемічная літаратура і Статут ВКЛ. А галоўнае — разам з той эпохай у нашу сьвядомасьць упершыню прыйшоў панятак каштоўнасьці чалавечага жыцьця, гуманізм. У Масковіі, якая на ўвесь той пэрыяд адгарадзілася высокім мурам, панавала дэспатыя. Пакаштаваць гуманізму там не давялося. Сучасная Беларусь разам са здабыткамі цывілізацыі з захаду пастаянна атрымлівала ўдары з усходу, і ня так, як цяпер Украіна. Гэта былі сапраўдныя войны, у тым ліку самая страшная, 13-гадовая, у выніку якой насельніцтва нашага краю скарацілася ўдвая.

Яшчэ адна маштабная самаізаляцыя Расеі адбылася ў мінулым стагодзьдзі, у часы СССР. І калі ў папярэднім прыкладзе Масковія і ВКЛ былі супастаўнымі дзяржавамі, дык тут Беларусь выглядала ўжо ліліпутам у параўнаньні з гіганцкай Расеяй і была ў поўнай ад яе залежнасьці, хоць і захавала сябе як адміністрацыйную адзінку.

А што будзе заўтра? Сцэнароў можна прыдумаць шмат. Лукашэнка, у адрозьненьне ад украінцаў, «асьцярожнічае» зь незалежнасьцю, таму ня мае гарачай расейскай агрэсіі на ўсходзе краіны. Таму ў кантэксьце расейскае самаізаляцыі Беларусь можа атрымаць статус «краіны Варшаўскае дамовы». Па-сутнасьці, яна ўжо сёньня такая, якімі былі Польшча, Чахаславаччына ці ГДР у савецкія часы. Ужо не адна з рэспублік СССР, але «краіна сацыялістычнай садружнасьці» — са сваімі грашыма, пашпартам і нумарамі на машынах. А паколькі Лукашэнка ўсё яшчэ малады і энэргічны, а пры тым ва ўсіх сэнсах нязьменны, дык і статус краіны ня зьменіцца. І тое, што Расея ўзьвядзе за Смаленскам «граніцу на замку», будзе Беларусі на карысьць. Бо рэальная мяжа паспрыяе росту самасьвядомасьці людзей, якія перастануць глядзець толькі на ўсход і навучацца мысьліць маштабамі сваёй краіны, а не расейскага тэлевізара. А там, глядзіш, сасьпеюць і да Вугорскага паўстаньня ці Праскай вясны, ці польскай Салідарнасьці.

Іншымі словамі, у час, калі расейскія празорцы прадчуваюць шалёныя перамены, у Беларусі нічога такога не адчуваецца. Наадварот, нас усё глыбей засмоктвае застойная стабільнасьць. А гэта значыць, альгарытмы разьвіцьця дзьвюх краін дыямэтральна супрацьлеглыя, што лішні раз сьведчыць на карысьць прагнозу Мальгіна і Чыкава.

Самаізаляцыя Расеі, па вялікім рахунку, заўсёды была на карысьць Беларусі, калі толькі Беларусь не была ў складзе расейскае тэрыторыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG