5 кастрычніка праваабаронцы «Вясны» распачалі чарговую кампанію за адмену ў Беларусі сьмяротнага пакараньня. Тыдні супраць сьмяротнай кары праводзяцца ў Беларусі з 2013 году, гэтым разам такі тыдзень пройдзе пад лёзунгам «Сьмяротнае пакараньне — гэта мінулае».
Інфармацыйна-асьветніцкія мерапрыемствы адбудуцца ў Менску, Гомлі, Берасьці і Баранавічах. Заплянаваныя дэманстрацыі дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў і грамадзкія дыскусіі на тэму сьмяротнага пакараньня, канцэрт «Рок за жыцьцё» ў сталічным клюбе RE:PUBLIC, у Аршанскім раёне актывісты наведаюць месца масавых расстрэлаў — Кабыляцкую гару.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе паводле прысудаў забіваюць людзей. Каардынатар кампаніі правабаронца Андрэй Палуда ў інтэрвію Свабодзе акрэсьліў мэты інфармацыйнай кампаніі «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня»:
— Кароткатэрміновая мэта — каб праблематыка сьмяротнага пакараньня ў Беларусі зноў загучала, бо гэтак лягчэй дастукацца да грамадзтва. А што да доўгатэрміновай пэрспэктывы, дык наша асноўная мэта — гэта ўвядзеньне ў Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Ужываньне гэтай кары асуджае ўсё грамадзтва на велізарныя страты, мы заклікаем задумацца пра гэта, ацаніць гэтыя страты і адмовіцца ад такога пакараньня.
— А які трэнд вы назіраеце ў грамадзтве наконт сьмяротнага пакараньня? Менш стала прыхільнікаў гэтай кары ці больш?
— Апошняе сацыялягічнае дасьледаваньне было ў 2014 годзе, якраз тады, калі мы толькі пачалі праводзіць кампанію супроць сьмяротнага пакараньня. Паводле таго дасьледаваньня людзей «за» і «супраць» было прыкладна пароўну. Прычым большасьць людзей, якія былі «за» сьмяротнае пакараньне, ставілі пэўныя ўмовы, казалі «але». «Але калі віна даказаная на 100 адсоткаў» і гэтак далей. А тых, хто быў катэгарычна за захаваньне сьмяротнай кары, без аніякіх «але», — іх было прыкладна 30%. Дык вось з таго часу такіх грунтоўных сацыялягічных дасьледаваньняў не было, але ўсё часьцей праводзяцца апытаньні ў розных сацыяльных групах. Напрыклад, у «Фэйсбуку» самі падпісчыкі, блогеры шмат разоў распачыналі такія апытаньні-дыскусіі. Вядома, іх нельга лічыць дакладным адлюстраваньнем грамадзкай думкі, але пэўныя тэндэнцыі прасачыць можна.
— Ці можна сказаць, што павольна грамадзкая думка ў Беларусі схіляецца ў бок мараторыю?
— Ведаеце, грамадзкая думка вельмі моцна залежыць ад эмацыйнага фактару. Калі адбываюцца нейкія вельмі сур’ёзныя злачынствы, як той жа напад з бэнзапілой, дык некаторыя людзі пад іх уплывам па-іншаму пачынаюць глядзець на сьмяротную кару. Але калі тэма вялікіх наступстваў ад сьмяротнага пакараньня для грамадзтва больш шырока асьвятляецца ў мэдыя, калі пра яе больш кажуць з афіцыйных трыбун, дык больш людзей задумваецца і бачыць, што сапраўды адзіная альтэрнатыва тут — гэта мараторый.
— Як вы ацэньваеце шанцы на тое, што такі мараторый у Беларусі будзе ўведзены?
Пытаньне сьмяротнага пакараньня ў нас вельмі палітычнае. У тым ліку яно вызначаецца і асабістым стаўленьнем да яго кіраўніка краіны.
— Скажу гэтак, што пытаньне сьмяротнага пакараньня ў нас вельмі палітычнае. У тым ліку яно вызначаецца і асабістым стаўленьнем да яго кіраўніка краіны. Я больш чым перакананы, што ў выніку гэта будзе палітычнае рашэньне, калі будзе прымацца,— таму вельмі складана ацаніць шанцы. Але апошнім часам відаць рухі і зрухі. У тым ліку працуе дэпутацкая група, я пра групу чальцоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Нядаўна ў іх было ў Гародні мерапрыемства, пры актыўным удзеле брытанскай амбасады яны сустракаліся з экспэртамі з Эўропы і ЗША. Мы вось таксама праводзім мерапрыемствы, і нам пакуль не замінаюць. Таму мне здаецца, што ў пэўнай ступені ёсьць памкненьне да дыялёгу, яно дакладна прасочваецца.
— А якая цяпер сытуацыя са статыстыкай сьмяротнага пакараньня?
— Калі ўзяць 2017 год, дык мы маем тры вынесеныя новыя сьмяротныя прысуды і адзін выкананы, пра які мы ведаем. Гэта быў выкананы прысуд да Сяргея Вострыкава з Гомлю. Але яшчэ ёсьць прыгавораны да сьмерцм чалавек, пра лёс якога мы ня ведаем. Гэта чалавек па прозьвішчы Казачок, які ў Мазыры забіў сваіх дзяцей і сам рабіў спробу самагубства. Мы дакладна ведаем, што ён не абскарджваў прысуду і не падаваў на памілаваньне, але пытаньне аб памілаваньні камісія разглядае самастойна і вынік звычайна становіцца вядомы ўжо тады, калі чалавека няма.
10 кастрычніка ў Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня ў Страсбуры (Францыя) адбудзецца канфэрэнцыя Рады Эўропы «Вяртаньне да сьмяротнага пакараньня ў Эўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?», у працы якой возьмуць удзел беларускія праваабаронцы Валянцін Стэфановіч зь «Вясны» і кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.