Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пройдзе Тыдзень супраць сьмяротнай кары


Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

З 5 па 10 кастрычніка Праваабарончы цэнтар «Вясна» чацьвёрты раз ладзіць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня».

Сёлета ён пройдзе пад дэвізам «Сьмяротнае пакараньне — гэта мінулае». Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Наша мэта — найперш інфармаваньне. А калі казаць пра доўгатэрміновую мэту, то гэта ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Мы падрыхтавалі адмысловы плякат, на якім выкарыстаны фатаздымак, зроблены ў красавіку 2017 году на месцы масавых расстрэлаў у Хайсах, што пад Віцебскам. У часы сталінскіх рэпрэсій там былі расстраляныя тысячы людзей, дакладную лічбу назваць немагчыма. І ў 1937, і ў 1917 гадах сьмяротнае пакараньне вельмі часта выкарыстоўвалася дзяржавай, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла.

Сьмяротнае пакараньне — гэта мінулае

Таму мы выкарыстоўваем гэты слоган: „Сьмяротнае пакараньне — гэта мінулае“. Такі від пакараньня барбарскі, у 21 стагодзьдзі інакш яго не назавеш. І мы лічым, што ён павінен сысьці ў мінулае, у тым ліку і ў нашай краіне».

Падчас Тыдня пройдуць прагляды фільмаў, канцэрты, дыскусіі з удзелам вядомых праваабаронцаў, будзе прэзэнтаваны беларускамоўны комікс па тэме сьмяротнага пакараньня.

«Мы таксама плянуем выходзіць на вуліцы, раздаваць інфармацыйныя матэрыялы, будзем рабіць гэта па ўсёй краіне».

— Ці памянялася сытуацыя за год — пасьля леташніх Тыдняў?

— Колькасьць людзей, прыгавораных да сьмяротнага пакараньня, і колькасьць прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў, на жаль, у Беларусі не зьмяняецца. Аднак мяняецца сытуацыя ў інфармацыйным пляне. Вельмі шмат гаворыцца на гэтую тэму нават прадстаўнікамі ўладаў. Прайшло мерапрыемства ў Горадні з удзелам дэпутатаў і групы па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня, прыяжджалі міжнародныя экспэрты.

На сёньня тры чалавекі знаходзяцца ў «калідоры сьмерці»

Аднак мараторыю на сьмяротнае пакараньне няма, і гэта нас турбуе. На сёньняшні дзень тры чалавекі знаходзяцца ў «калідоры сьмерці», гэта за гэты год, адзін чалавек ужо расстраляны. Калі казаць пра тэрмін паміж Тыднямі, то чатыры прысуды вынесеныя і чатыры прыведзеныя ў выкананьне.

— Чаму ўлады ў Беларусі ня могуць адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня?

— Гэта зьвязана, я думаю, з тым, што гэтае пытаньне моцна палітызавана, і яно будзе вырашацца палітычным шляхам. Тое, што прэзыдэнт падтрымлівае такія пакараньні, пра што ён неаднаразова казаў, гэта таксама ўплывае. Беларусь тут апошняя ў Эўропе і на постсавецкай прасторы. ​У нас улады вельмі часта спасылаюцца на рэфэрэндум, але я ня ведаю ніводнай краіны, дзе б такое пытаньне вырашалася праз рэфэрэндум. Заўсёды гэта былі палітычныя крокі, палітычныя рашэньні і воля ўладаў.

— Як эўрапейскія структуры могуць тут больш дзейсна паўплываць?

— Эўрапейскія структуры прыкладаюць даволі шмат намаганьняў у гэтым пляне, праводзяць адмысловыя мерапрыемствы. Напрыклад сёлета з маці Ўладзіслава Кавалёва мы былі на парлямэнцкіх слуханьнях у Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі. Я напісаў адкрыты ліст да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб правялі такія ж слуханьні з шырокім колам удзельнікаў у Беларусі, і спадарыня Алена Анісім выступала з такой прапановай. Але такога рашэньня не прынята.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG