Нацыянальны банк Беларусі абвясьціў, што для субʼектаў гаспадараньня — рэзыдэнтаў з 1 кастрычніка зьніжаецца нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі з 20% да 10%.
Адпаведная пастанова праўленьня Нацбанку прынятая 6 верасьня.
Паводле прэс-службы банку, зьніжэньне абавязковага продажу валютнай выручкі прынятае «ў рамках лібэралізацыі валютных дачыненьняў і з улікам стабільнай сытуацыі на валютным рынку». Яна характарызуецца працяглым і ўстойлівым перавышэньнем прапановы замежнай валюты над попытам.
Гэтае рашэньне будзе спрыяць «разьвіцьцю экспартнага патэнцыялу субʼектаў гаспадараньня Беларусі і стане пасьлядоўным крокам у кірунку гарманізацыі валютнага заканадаўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе».
Экспэрт: гэта прагрэсіўнае рашэньне
Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што памяншэньне нарматыву абавязковага продажу валютнай выручкі «нічога істотнага не прынясе для эканомікі».
«Бо калі гэта пасьпяховы экспартэр, як наш «Беларуськалій», то па факце ён прадаваў не 20%, а значна больш. Бо ў яго выручка на 80% валютная. А прадпрыемства ня можа выдаць заробкі ў далярах ці купіць нешта за даляры на ўнутраным рынку. І таму і іншыя пасьпяховыя экспартэры прадаюць на біржы большую колькасьць валютнай выручкі. Таму нічога прыкметнага не адбудзецца. Магчыма, цягам некалькіх дзён паменее валюты на біржы, бо можна выстаўляць меншы аб"ём. А так для эканомікі гэта ня плюс і ня мінус. Ніякіх асаблівых зьменаў я не чакаю», — адзначыў экспэрт.
Барыс Жаліба мяркуе, што ў Беларусі нямала прадпрыемстваў, якія толькі і зарабляюць гэтыя 10% валюты.
Гэтае рашэньне Нацбанку прагрэсіўнае, бо ў Расеі і Казахстане даўно няма гэтага нарматыву
«Сёлета наш экспарт падскочыў недзе да 20%. Але гэта дзякуючы вонкаваму, цэнаваму фактару. Але ёсьць і экспартэры, у якіх мала выручкі. А норма 10% збудзе адзінай для ўсіх экспартэраў, — сказаў Барыс Жаліба. — Але гэтае рашэньне Нацбанку прагрэсіўнае, бо ў Расеі і Казахстане даўно няма гэтага нарматыву абавязковай продажы валютнай выручкі. То бок гэта крок у рынкавым кірунку, і яго можна вітаць».
Працяглы час суб’екты гаспадараньня вымушаныя былі прадаваць 30% валютнай выручкі, потым каля паўтара года 20%. У 2018 годзе ў Беларусі плянуецца адмовіцца ад абавязковага продажу валютнай выручкі, паведаміў намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Сяргей Калечыц,