Як паведамлялася, 18 верасьня пад Барысавам беларускія і расейскія падразьдзяленьні адпрацоўвалі сцэнар адбіцьця наступу праціўніка з баявой стральбой.
Агульнавайсковыя падразьдзяленьні былі падтрыманыя агнём артылерыі і ўдарамі авіяцыі. Для вядзеньня выведкі ўмоўнага праціўніка задзейнічалі самалёты Су-24MP. Падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны забясьпечылі прыкрыцьцё пунктаў кіраваньня, агнявых пазыцый і раёнаў абароны вайсковых частак.
Паводле намесьніка начальніка Галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Расеі Дзьмітрыя Гарбаценкі, на якога спасылаецца БелТА, беларускія і расейскія вайскоўцы наладзілі «эфэктыўнае і пасьпяховае ўзаемадзеяньне».
«Максымальна збліжаныя дзеяньні штабоў і падразьдзяленьняў забясьпечваюць той самы посьпех, які мы сёньня назіралі», — ляканічна адзначыў расейскі генэрал.
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.