Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі запусьцілі сваю самую высокую інвэстыцыю ў Беларусі


У Наваградзкім раёне пачаў працу ветрагенэратар, у які ўклала грошы прыватная польская фірма. На адкрыцьці прысутнічалі інвэстары з Польшчы, прадстаўнікі дацкай фірмы «Vestas», якая будавала вятрак, і дырэктар беларускай кампаніі «Энветр» Віктар Туцін, якая яго абслугоўвае.

Гэта ўжо трэці вятрак, які абслугоўвае фірма Туціна пад Наваградкам. Першыя два таксама былі ўсталяваныя з удзелам польскага капіталу. Ва ўсе тры палякі ўклалі ўжо больш трох мільёнаў даляраў.

Удзельнікі праекту падчас адкрыцьця ветравой турбіны
Удзельнікі праекту падчас адкрыцьця ветравой турбіны

«Гэты вятрак ужо працуе і дае электрычнасьць. Вышыня гэтай вежы 120 мэтраў, але самая высокая кропка — на вышыні 178 м. Агульная магутнасьць усіх трох ветрагенэратараў будзе складаць 6,8 Мвт. Электрычнасьць, якая выпрацоўваецца гэтымі вятракамі, пойдзе ў балянс „Гроднаэнэрга“» — распавёў Свабодзе Віктар Туцін.

Калі вятракі акупяцца, яму адказаць складана, бо ўсё залежыць ад таго, як зьменяцца цэны на электрычнасьць пасьля ўвядзеньня ў эксплёатацыю БелАЭС.

Усе тры вятракі здольныя забясьпечыць гадавое запатрабаваньне на электрычнасьць больш як 3,5 тысяч аднасямейных дамоў. Сёньня ў Беларусі працуе больш за 70 ветрагенэратараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG